Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паплечнік Бабарыкі: Сьледчыя ленаваліся, таму абвінавачаньні абсурдныя і выклікаюць сьмех


Эдуард Бабарыка ў судзе
Эдуард Бабарыка ў судзе

У Менску адбываецца суд над Эдуардам Бабарыкам — сынам і былым старшынём ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі. Яму пагражае 20 гадоў турмы. Апошнія тры гады Эдуард правёў у СІЗА, гэта рэкорд для палітычных працэсаў у Беларусі.

З чым гэта зьвязана і за што насамрэч хочуць пакараць малодшага Бабарыку? Пра гэта ў эфіры Свабоды Premium расказвае сябра каманды Віктара Бабарыкі і сакратар Каардынацыйнай Рады Іван Краўцоў. Глядзіце размову цалкам на Youtube.

Няма сумневаў, што справа Эдуарда Бабарыкі зьвязаная са справай ягонага бацькі, які ў 2020 годзе пайшоў у прэзыдэнты, лічыць Краўцоў. Ён называе гэты працэс ціскам на Віктара Бабарыку.

«Паколькі Віктар не адмовіўся ад сваіх пазыцый, візіі і прынцыпаў, то і Эдуард заставаўся ў падвешаным стане. Тры гады ў СІЗА добра гэта характарызуюць. Спачатку яго справу расьсьледавалі па нібыта эканамічным складзе злачынства, пасьля пачалі дадаваць справы, зьвязаныя зь нібыта палітычнымі артыкуламі. Гэта наступства таго, што ўлады ня ведалі, што рабіць. Магчыма, спачатку плянавалі, што калі Віктар пойдзе на саступкі, то Эдуарда таксама вызваляць. Але цяпер відавочна, што яму пагражае вялікі тэрмін», — кажа Краўцоў.

Палітзьняволенага абвінавачваюць, сярод іншага, у легалізацыі («адмываньні») сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, а таксама ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў на працягу каля дзесяці гадоў (з 2012 па 2022 год). Гаворка пра краўдфандынгавыя плятформы «Вулей» і «Мола-мола».

«Пэрыяд, пра які гаворыцца ў справе, закранае 2021–2022 гады. Гэта нават сьмешна, бо ўжо зь сярэдзіны 2020 году Эдуард быў за кратамі і ня вельмі зразумела, як маглі выплачвацца падаткі, калі дзейнасьць плятформаў «Вулей» і «Мола-мола» практычна не вялася ўжо з канца 2020 году. Што тычыцца масавых беспарадкаў і сувязяў зь Сяргеем Ціханоўскім, гэта таксама сьмешна. Ніхто з нас у камандзе ніколі ў жыцьці ня бачыў Ціханоўскага. Гэта проста абсурд», — дадае Іван Краўцоў.

Паводле абвінавачаньня, Эдуард Бабарыка нібыта дапамагаў Сяргею Ціханоўскаму ў арганізацыі масавых беспарадкаў і распальваньні варожасьці, паведамляе БелТА.

Эдуарда трымалі пад вартай без суду амаль тры гады — яго затрымалі разам з бацькам Віктарам Бабарыкам 18 чэрвеня 2020 году, калі яны ішлі ў ЦВК здаваць сабраныя подпісы для ўдзелу ў выбарах прэзыдэнта.

Затрымліваў іх Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю. У той жа дзень Эдуарда Бабарыку зьмясьцілі ў СІЗА КДБ, а ў канцы лістапада 2021-га зьявілася інфармацыя пра перавод Эдуарда ў СІЗА № 1 Менску.

Палітвязень адбыў рэкордны тэрмін у зьняволеньні без суду, 1068 дзён. Скаргаў на незаконнасьць падаўжэньня тэрміну ўтрыманьня пад вартай не задавальняюць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG