Камэнтар міністра Іванца зьявіўся позна ўвечары 29 траўня. Адзнакі ў асабістых кабінэтах выпускнікоў зьявіліся раніцай. Са спасылкай на чытачоў СМІ паведамілі аб заніжэньні балаў; у некаторых выпадках было перавышэньне максымальна магчымых 100 балаў.
Гэта выклікала абурэньне школьнікаў і іхных бацькоў, якія пачалі тэлефанаваць у міністэрства і Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў (РІКВ) — асабістыя кабінэты знаходзяцца на яго сайце.
Удзень 29 траўня дырэктар РІКВ Юрый Міксюк у камэнтары дзяржаўнаму інфармагенцтву БелТА паведаміў, што скрыншоты з вынікамі, вышэйшымі за 100 балаў за тэст, або дробавымі значэньнямі зьяўляюцца фэйкавымі, аднак «тэхнічны стан сыстэмы адлюстраваньня вынікаў ЦЭ на сайце РІКВ будзе яшчэ раз правераны».
«Хваля неразуменьня», сказаў дырэктар інстытуту, узьнікла пасьля параўнаньня вынікаў першасных балаў за ЦЭ са шкалой леташняга цэнтралізаванага тэставаньня, якая была заснавана на іншай статыстыцы і на іншых тэстах. «Пераліку вынікаў ЦЭ не будзе», — заявіў Міксюк.
Міністар Іванец у вячэрнім камэнтары сьцьвярджае, што кожнае паведамленьне аб зьяўленьні балаў, вышэйшых за 100, было праверана.
«Ніводнага пацьверджаньня наяўнасьці тэхнічнага збою няма. Міністэрствам адукацыі будзе адсочвацца кожны выпадак распаўсюджваньня недакладнай інфармацыі, матэрыялы будуць накіраваны для дачы ацэнкі дзеяньням распаўсюднікаў фэйкаў. Інфармацыя аб тым, што будуць перагледжаны вынікі цэнтралізаванага экзамэну, што прынята адпаведная пастанова Савету міністраў, таксама зьяўляецца поўным фэйкам», — сказаў Іванец.
Ён заявіў, што выпрацаваныя з 2019 году падыходы да мэтодыкі разьліку тэставых балаў і пераводная шкала для пераводу ў 10-бальную шкалу, прынятая ў студзені гэтага года, дазваляюць аб’ектыўна правесьці ацэнку ведаў выпускнікоў.
«Пацьвярджэньнем таму зьяўляецца практычна поўнае супадзеньне гадавых адзнак у атэстаце, якія атрымліваюць нашы выпускнікі, з ацэнкамі, якія яны атрымалі на ЦЭ. Некаторыя выпускнікі і іх бацькі хвалююцца аб тым, што колькасьць тэставых балаў у іх адносна невысокая, але мэтодыка разьліку балаў была цалкам ідэнтычная леташняй. Усе знаходзяцца ў абсалютна аднолькавых справядлівых умовах», — цытуе Іванца прэс-служба Мінадукацыі.