Ведамства вывучыла дзейнасьць каля 100 арганізацыяў, якія займаюцца імпартам «падазронай драўніны» з Казахстану, Кіргізстану і Турэччыны.
Адзначаецца, што ў праваахоўныя органы перададзеная інфармацыя пра дзевяць кампаній, але гэтая колькасьць можа вырасьці. У VVTAT заявілі, што некаторыя кампаніі, якія займаюцца ўвозам падазронай драўніны, не выходзяць на кантакт зь ведамствам і не адказваюць на запыты, «адпраўленыя лісты вяртаюцца, так і не дайшоўшы да адрасатаў», што ўскладняе расьсьледаваньне.
Дзяржаўнае ведамства па абароне правоў спажыўцоў Літвы зьвернецца ў пракуратуру з хадайніцтвам аб пачатку дасудовага расьсьледаваньня па фактах парушэньня міжнародных санкцыяў. Гэтае правапарушэньне караецца штрафам, арыштам або пазбаўленьнем волі на тэрмін да пяці гадоў.
8 сакавіка 2022 году Міжнародная рада дырэктараў FSC (Лясная апякунская рада — міжнародная арганізацыя, якая адказвае за выкананьне стандартаў у кіраваньні лясамі і лесапрадукцыяй), прыняла рашэньне прыпыніць сэртыфікацыю на экспарт прадукцыі дрэваапрацоўкі і лясной гаспадаркі Беларусі і Расеі з прычыны агрэсіі супраць Украіны. Уведзеныя 2 сакавіка супраць афіцыйнага Менску новыя санкцыі ЭЗ таксама прадугледжваюць забарону экспарту прадукцыі дрэваапрацоўкі.
У лістападзе таго ж году літоўская мытня заявіла, што зафіксавала павелічэньне аб’ёмаў увозу драўніны, экспарт якой абмежаваны санкцыямі ЭЗ. Пры ўвозе такой прадукцыі ў Літву падаваліся дэклярацыі аб тым, што драўніна набытая ў Казахстане або Кіргізстане, аднак, паводле афіцыйнай інфармацыі, атрыманай з гэтых краінаў, вывозіць драўніну зь іх забаронена.