Вярхоўная Рада Ўкраіны ўхваліла праект закону, ініцыяваны прэзыдэнтам Уладзімірам Зяленскім, аб сьвяткаваньні Дня перамогі над нацызмам 8 траўня, разам з заходнімі краінамі, а Дня Эўропы — 9 траўня.
Сёлета 8 траўня Ўладзімір Зяленскі падпісаў указ аб сьвяткаваньні Дня перамогі над нацызмам і Дня Эўропы, аднак гэтая ініцыятыва патрабавала зьменаў у нацыянальнае заканадаўства, якія таксама ініцыяваў прэзыдэнт Украіны.
«8 траўня Ўкраіна і вольны сьвет успамінаюць шэсьць жудасных гадоў у гісторыі чалавецтва. З 1939-га па 1945-ы... Гады, якія забралі жыцьці мільёнаў людзей, у тым ліку 8 мільёнаў украінцаў. Гады акупацыі і зьверстваў, крывавыя бітвы, бамбаваньні, блякады і масавыя расстрэлы, Галакост. Усё зло, якое нёс у сьвет нацызм, ён прынёс і на нашу зямлю», — заявіў прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі, абвясьціўшы свае ініцыятывы.