Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі пастанавіў, што замест Дня перамогі 9 траўня ва Ўкраіне будуць сьвяткаваць Дзень Эўропы


Сьцяг Эўразьвязу на фоне ўдзельнікаў мітынгу ў Кіеве. Ілюстрацыйнае фота
Сьцяг Эўразьвязу на фоне ўдзельнікаў мітынгу ў Кіеве. Ілюстрацыйнае фота

Дзень перамогі над нацызмам Зяленскі прапанаваў адзначаць 8 траўня, разам з заходнімі краінамі.

Украіна 9 траўня разам зь дзяржавамі Эўразьвязу Ўкраіна будзе адзначаць Дзень Эўропы, такі ўказ прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падпісаў у панядзелак, 8 траўня.

Дзень Перамогі 9 траўня ён прапанаваў перанесьці на 8 траўня пад іншай назвай. Прэзыдэнт Зяленскі ўнёс у Вярхоўную Раду законапраект, які прапануе зрабіць 8 траўня Днём памяці і перамогі над нацызмам у Другой сусьветнай вайне 1939–1945 гадоў.

«8 траўня Ўкраіна і вольны сьвет успамінаюць шэсьць жудасных гадоў у гісторыі чалавецтва. З 1939-га па 1945-ы... Гады, якія забралі жыцьці мільёнаў людзей, у тым ліку 8 мільёнаў украінцаў. Гады акупацыі і зьверстваў, крывавыя бітвы, бамбаваньні, блякады і масавыя расстрэлы, Галакост. Усё зло, якое нёс у сьвет нацызм, прынёс і на нашу зямлю», — сказаў прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі.

У сваім звароце ён адзначыў, што менавіта 8 траўня большасьць народаў сьвету ўспамінаюць веліч Перамогі над нацызмам, 8 траўня 1945 году набыў сілу акт аб безагаворачнай капітуляцыі вэрмахту. І гэты дзень стаў сьвяточным у краінах Захаду, у той час як у СССР вестка аб перамозе прыйшла толькі 9 траўня 1945 году.

У 2015 годзе прэзыдэнт Укріаны Пятро Парашэнка сваім указам зрабіў 8 траўня Днём памяці і прымірэньня, а 9 траўня заставалася Днём перамогі над нацызмам у Другой сусьветнай вайне. Дзень Эўропы ва Ўкраіне адзначаўся ў трэцюю суботу траўня.

«Усьведамляючы эўрапейскую ідэнтычнасьць украінскага народу, з мэтай умацаваньня еднасьці народаў Эўропы, забесьпячэньня міру, бясьпекі і стабільнасьці на эўрапейскім кантынэнце, выказваючы прыхільнасьць ідэалам і каштоўнасьцям дэмакратыі, падтрымліваючы ініцыятыву моладзевых і іншых грамадзкіх аб’яднаньняў, прымаю рашэньне заснаваць ва Ўкраіне Дзень Эўропы, які будзе адзначацца кожны год 9 траўня сумесна з дзяржавамі Эўрапейскага зьвязу», — гаворыцца ва ўказе прэзыдэнта Зяленскага.

«Цяпер, як і 80 гадоў таму, Украіна змагаецца з татальным злом. Цяпер, як і 80 гадоў таму, Украіна змагаецца за будучыню — як сваю, так і ўсёй Эўропы, усяго вольнага сьвету. Цяпер, як і 80 гадоў таму, мы абапіраемся на сумесныя сілы свабодных народаў і ведаем, што разам зь імі заўсёды будзем часткай свабоднай Эўропы, якая не пакарыцца злу. І разам з усёй свабоднай Эўропай мы будзем сьвяткаваць Дзень Эўропы 9 траўня ва Ўкраіне.

Гэта будзе Дзень Эўропы, якая падтрымлівала ўкраінцаў усе дзевяць гадоў агрэсіі і 439 дзён поўнамаштабнага ўварваньня. Гэта будзе Дзень Эўропы, якая дапамагае нам змагацца ва ўсіх кірунках: на полі бітвы са зброяй, на дыпляматычным фронце з рашучасьцю, супраць ракетнага тэрору і зімовага адключэньня сьвятла, у эканоміцы і на прававым фронце. Гэта будзе Дзень Эўропы — нашага саюзьніка, які дае прытулак украінскім жанчынам і дзецям. Якая не замахваецца на наш сувэрэнітэт і не ставіць пад сумнеў наша права на выбар уласнага нацыянальнага шляху. Якая ніколі не называе Ўкраіну „выдуманым“ або „штучным“ утварэньнем. І якая дае нам сваю зброю, каб мы баранілі сябе і яе — нашу Эўропу!» — сказаў кіраўнік Украіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG