«У атрадзе быў смурод, ня было душу, унітазы стаялі насупраць адзін аднаго»
Марына (імя зьмененае з прычын бясьпекі. — РС) нядаўна вызвалілася з гомельскай жаночай калёніі. Там яна пабыла ў розных атрадах з рознымі ўмовамі.
«Пяты атрад — найлепшы, паказальны па ўмовах. Штодзённы душ, добры рамонт, прасторна, вялізная кухня, асобны пакой для вопраткі і абутку. Туды (зьняволеных жанчын. - РС) накіроўвалі, як у санаторый. Таксама там сядзелі тыя, каго берагуць “опэры” (апэратыўныя супрацоўнікі калёніі. - РС). Тыя жанчыны, якія «супрацоўнічаюць» (даносяць на іншых зьняволеных. - РС), — кажа былая палітзьняволеная.
У пятым атрадзе, з словаў Марыны, сядзелі розныя людзі. «У тым ліку адна «палітычная», якая супрацоўнічала з “опэрам”. Яна атрымлівала шмат лістоў. Мне не аддавалі ніякіх», — расказвае жанчына.
Пасьля пятага Марыну перавялі ў атрад з «жахлівымі ўмовамі». «Душу там не было, стаяў смурод, мяне аж ванітавала. Стары жалезны рукамыйнік. Там былі пасьцельныя вошы. Унітазы стаялі насупраць адзін аднаго ў два шэрагі. Сядзіш і ўтыкаесься носам у чужыя майткі. Каб выйсьці — пераступаеш праз калені іншых, заплюшчыўшы вочы. Бо ёсьць людзі, якія ня ведаюць, што такое чысьціня і гігіена», — кажа былая зьняволеная.
Марына расказвае, што працавала на швейнай вытворчасьці. Першая зьмена пачыналася а 8-й раніцы. Перад гэтым — шыхтаваньне, пераклічка. Пасьля арганізаваны паход на працу. Зьмена працягваецца да 15.00. Потым вяртаньне ў атрад (асобны інтэрнат для групы зьняволеных. - РС). «На фабрыцы вельмі шумна. Праз гадзіну знаходжаньня там галава проста разрываецца на часткі», — кажа Марына.
З словаў жанчыны, заробкі ў вязьняў мізэрныя. «Ёсьць два разьлікі. Адзін афіцыйны, дзе большыя лічбы. Другі – рэальны. З заробкам, якога хапае на тры пачкі самых танных цыгарэт. Гэта проста выкарыстаньне рабскай працы. І яны (супрацоўнікі калёніі. - РС) ставяцца адпаведна – як да рабоў. Кантралёры крычаць. Прымушаюць выконваць імі прыдуманыя нормы выпрацоўкі. За невыкананьне пляну сварацца, караюць», — кажа Марына.
«Кацю Андрэеву спачатку кінулі ў «прэс-атрад»
Кацярыну Андрэеву (палітзьняволеную журналістку, супрацоўніцу тэлеканалу Белсат. – РС), як кажа Марына, разьмеркавалі спачатку ў так званы «прэс-атрад».
«Празь яго прайшлі Тацьцяна Канеўская, Антаніна Канавалава. Цяпер там Соф’я Сапега. Яе жорстка прэсуюць, і ўжо доўгі час. Яшчэ хачу заўважыць, што ў калёніі былі такія выпадкі: адна «палітычная» супрацоўнічала з “опэрам”. Яшчэ адна зьнюхалася з крымінальніцай і зьдзекавалася зь іншых «палітычных» дзяўчат. І яшчэ адна, якая сядзіць нібыта праз палітыку, за „абразу“, такое на нас казала, што нават ГУБАЗіК здаецца больш гуманным», — зазначыла Марына.
«Каці было вельмі цяжка. Яна чулы чалавек, ёй цяжка было спраўляцца з маральным ціскам натоўпу маргінальных асобаў. Яна іх баялася. Каці забаранялі стасункі з намі. Толькі зрэдку маглі перакінуцца словам. Яна ледзь стрымлівала сьлёзы і казала, што ёй цяжка гэты ціск выносіць», — распавяла былая асуджаная.
«Калі Кацярыне дадалі тэрмін, яна вярнулася ў калёнію і яе разьмеркавалі ў лепшы атрад. Але на фабрыцы яна нават не глядзела ў наш бок, бо яе запалохалі. Калі Каця была яшчэ ў «прэс-атрадзе», у першым тэрміне, супраць яе чынілі правакацыі. З падачы «апэратыўнага куратара», яго завуць Аляксандар Кузьняцоў. Кузьняцову дапамагала адна крымінальніца, махлярка Тацьцяна Г. Яна на загад опэра падкінула Тацьцяне Канеўскай нататнік Каці Андрэевай. На іх абедзьвюх у выніку „павесілі“ спагнаньне. Канеўскую кінулі ў ШЫЗА. Пазьней яе перавялі наагул у крытую турму. Каця атрымала спагнаньне і чарговыя зьдзекі ад супрацоўнікаў калёніі», — кажа Марына.
Паводле яе, Тацьцяна Г. у іншай “палітычнай” скрала прадукты.
«Адміністрацыя на такое не рэагавала, толькі сьмяялася і зьдзекавалася з той “палітычнай», — кажа былая зьняволеная.
«Каб «павесіць» на Кацю чарговае спагнаньне, кантралёрка падкінула ёй у кішэню пігулку. Нават не падкінула, а зрабіла выгляд, што дастае ў яе з кішэні пігулку са словамі: «Ой, пігулка». Дзяўчаты бачылі, што кантралёрка трымала гэтую пігулку ў руцэ перад тым, як лезьці ў кішэню да Каці. Каця атрымала чарговае пакараньне, кантралёр — прэмію за добры прэсінг», - дадала яна.
«Адной “палітычнай” загадвалі пісаць эсэ на тэму «Генацыд беларускага народу»
Аксана (імя зьмененае. - РС) таксама ўжо адбыла пакараньне ў гомельскай жаночай калёніі і вызвалілася.
«Палітычным, вядома, найгорш у калёніі. Там сядзела жанчына, якая ўдзельнічала ў забойствах, дык яна была ў «пашане» ў адміністрацыі. Атрымлівала не спагнаньні, а толькі заахвочваньні. Калі «звычайная» асуджаная можа мець проста «прафіляктычную гутарку» за парушэньні, то для палітычных гэта будзе адназначна ШЫЗА. Прычым кантралёры практыкавалі гэта актыўна. Адна нават хвалілася перад намі, што за спагнаньні атрымлівае прэміі – па 35 рублёў за рапарт. Калі пасадзіць чалавека у ШЫЗА, то за гэта ёй будзе 70 рублёў», — кажа Аксана.
Паводле словаў жанчыны, палітычным зьняволеным атрымаць спагнаньне вельмі лёгка. «Пад’ём а шостай гадзіне. Калі «палітычная» ўстане раней — спагнаньне. Калі пазьней хоць на хвіліну — спагнаньне. Некаторыя стараліся падняцца раней, каб пасьпець памыцца ці схадзіць у прыбіральню. Крымінальніцам гэта можна было, палітычным не. Кантралёры жорстка сачылі. Я ведала адну палітычную, якая атрымала спагнаньне, бо ня стала пісаць на загад супрацоўнікаў калёніі эсэ на тэму «Генацыд беларускага народу», — распавяла Аксана.
«Штосьці «ня тое» скажаш — тут жа крымінальніцы бягуць навыперадкі даносіць „опэру“»
Аксана расказвае, што калі забойцы і махляркі мелі доўгатэрміновыя спатканьні па тры дні, то для палітычных спатканьні былі не даўжэйшыя за содні. Маглі і пакараць, скасаваць сустрэчу з блізкімі.
«На фабрыцы такія нормы, што іх проста немагчыма выканаць. Таму калі зьмена пачыналася а восьмай, то ішлі да шостай раніцы, каб пасьпець выканаць нормы. Калі зьмена з 14-й гадзіны, то ішлі да 10-й. Атрымлівалі і па аднаму рублю, і па пяць. Але маглі, выпрацаваўшы норму, нават і 70 рублёў атрымаць. Аднак гэта рэдка», — кажа Аксана.
Зь яе словаў, на фабрыцы шылі розную форму, для ратавальнікаў, міліцыі, вайскоўцаў. «Шылі бронекамізэлькі. Нядаўна шылі ў рэжыме аўралу вайсковыя насілкі для пераносу раненых. Ня ведаю, ці для беларускіх, ці для расейскіх», — дадала яна.
«Летась быў такі падман. Усіх прымушалі пісаць прашэньні пра памілаваньне і моцна ціснулі: «Пішы, пішы». Некаторыя нават пачалі спадзявацца на вызваленьне і пісалі. Але ўсім прыйшлі адмовы, зразумела. Зь лютага перасталі перадаваць лісты. Кантралёры зьдзекаваліся і казалі: «Вам ніхто не піша, пра вас усе забыліся», — кажа Аксана.
Яна кажа, што маральны ціск на палітычных там «кожную хвіліну». «Ня так стаў, ня так сеў. Праверкі, «шмоны» адбываюцца вельмі часта. Прыбягаюць кантралёры, вывернуць усё дагары нагамі. Ці, напрыклад, курыш, а якая-небудзь крымінальніца тут жа корпаецца ў сьметніку, шукае недакуркі. Неяк шкада чалавека. Дасі цыгарэту і атрымаеш спагнаньне за гэта. Бо паводле іхных «правілаў» адбылося «адчужэньне маёмасьці», — тлумачыць былая зьняволеная.
Многія крымінальніцы, з словаў Аксаны, даносяць “опэру”. За гэта яны атрымліваюць цыгарэты. «Штосьці “ня тое” скажаш — яны навыперадкі бягуць да “опэра” даносіць. Часта “опэр” сам выклікае цябе на гутарку. Задае тупыя, як я лічу, пытаньні. «Як вы ставіцеся да герба, сьцяга, да прэзыдэнта?». Усялякае такое глупства. Гэта так яны «перавыхоўваюць», — кажа былая палітзьняволеная.
Яна лічыць, што рапарты, спагнаньні і ШЫЗО для палітычных выкарыстоўваюць яшчэ і для таго, каб людзі выйшлі з калёніі з “наглядам”.
«Гэта значыць, ты мусіш цягам году пасьля вызваленьня з 22.00 да 6.00 быць дома, не наведваць забаўляльныя ўстановы, адзначацца ў міліцыі. Вядома, за мяжу ня выедзеш. Правяраць міліцыя часта прыяжджае і сярод ночы», — дадала Аксана.
«Зімой на фабрыцы вельмі холадна, летам жа вельмі горача»
У гомельскай жаночай калёніі таксама адбыла пакараньне і выйшла на волю журналістка Дар’я Чульцова, якую схапілі за стрым з «Плошчы пераменаў» разам з Кацярынай Андрэевай. Яна таксама працавала на швейнай вытворчасьці.
«Заробкі там на фабрыцы малыя. Я атрымлівала 32 рублі. Нам загадвалі: «Трэба больш працаваць». Але ж і вылічвалі шмат — за электрычнасьць, ежу і гэтак далей. Большасьць людзей у калёніі сядзіць з пазовамі. Таму яны атрымліваюць капейкі», - кажа журналістка.
Зь яе словаў, летам на фабрыцы вельмі сьпякотна. «Бо, апроч сьпёкі, яшчэ і машыны моцна награваюцца. А ты абавязаная сядзець у фартуху і касынцы. Часам дазвалялі зьняць фартухі. Прыходзяць кантралёры і кажуць, каб надзелі фартухі. Мы кажам, што рэжымны супрацоўнік нам дазволіў. Але спрачацца ня будзеш, бо пойдзеш у ШЫЗО», — кажа Дар’я.
Зімой на фабрыцы холадна. «Мінулай зімой прынамсі ўключалі ацяпленьне, раней яго не было ўвогуле. Але холадна ўсё роўна. На сябе нічога «лішняга» не надзенеш, бо «парушаеш форму». Каралі і па даносе стукачоў. Могуць данесьці, што ты мыла галаву «ня ў той час» ці пачаставала каго цыгарэтай, а гэтага нельга рабіць. Ці «ела яблык у недазволеным месцы». На фабрыку (з атраду. - РС) нельга праносіць нічога, ні ежу, ні рэчы», — дадала журналістка.