Сьцісла:
- Зьмест беларускіх прыказак на тэмы суду і пакараньня залежыць ад эпохі. З эпохі Статутаў — мудрасьць нармальнага судовага ўладкаваньня: Які паступак, такая й пакута.
- А прыказкі пра суд і турму з часоў Расейскай імпэрыі на дзіва актуальныя: Была б сьпíна, дык і вíна знойдзецца.
- Сталінскія пракуроры ўдакладнілі гэтую тэорыю і практыку: Быў бы чалавек, а артыкул знойдзецца.
- Беларускія вязьні ратаваліся самаіроніяй: Калі будуць тапіць, то ня будуць вешаць, а калі павесяць, то ня ўтопяць. І праверанай пакаленьнямі мудрасьцю: Калі ня вераць — не бажыся, калі б’юць — не прасіся.
- Асноўныя беларускія назвы месца ўвязьненьня — турма, астрог, вязьнíца, цямніца. Слова „ізалятар“, скарот ЦІП — эўфэмізмы.
- У турме — палітычныя вязьні, астрожнікі, арыштанты.
- Ад слова вязень не ўтвараецца агульнапрыняты фэмінітыў. Палітычная зьняволеная, астрожніца, нявольніца.
- Вязынка — знакавая для беларускае культуры назва радзімы Янкі Купалы.
У беларускіх прыказках на тэмы судоў і пакараньня па-рознаму адлюстраваліся розныя гістарычныя эпохі.
„...А есьлі бы несправядліве, Божа мя ўбій“
Вось адэкватныя выхаваўча-павучальныя прыказкі:
За правінку чэшуць сьпінку
Які паступак, такая й пакута
Каб не было забароны, то б i сьвет не стаяў
Яны пра народнае звычаёвае права і/ці эпоху Статутаў Вялікага Княства, калі мусіў панаваць праўдзівы закон. Судзьдзі тады складалі такую прысягу:
...А як на том справядліве прысягаю, так мі Божа памажы, а есьлі бы несправядліве, Божа мя ўбій.
Судзьдзя аддаваў сваю рэпутацыю і самое жыцьцё ў Божыя рукі. А не на ласку валадара (які «дае» службовую кватэру) ці спакусы.
Пад уладаю Расейскай імпэрыі
А тут ужо судзьдзя — сьляпы выканаўца загаду нішчыць лёсы: Асудзіў — гаршэй, як забіў. І яшчэ:
Чыя віна, таго і кара. На рынку долі ня купіш, а ў судзе праўды ня знойдзеш. Была б сьпíна, дык і вíна знойдзецца.
Бо карная машына жарэ і людзей, адзіная вíна якіх сапраўды толькі сьпíна, г. зн. сам факт іхнага існаваньня. Сталінскія пракуроры ўдакладнілі: Быў бы чалавек, а артыкул знойдзецца.
Ёсьць і іранічнае: Праўды, як у судзе. І зусім адчайная экзыстэнцыялісцкая самаіронія:
Калі будуць тапіць, то ня будуць вешаць, а калі павесяць, то ня ўтопяць. Усё роўна, ці за адну нагу вісець, ці за дзьве целяпацца.
Магчыма, цяперашнія сядзельцы супакойваюць сябе гэтай іроніяй і векавой народнай мудрасьцю:
Ад астрогу няма перасьцярогу
Гэта калі ў дзяржаве пануе самаўладзтва, а не закон. Дакладней, закон як дышаль.
Дышаль — тоўстая аглобля пры парнай запрэжцы коней або дэталь у плузе. Карацей, інструмэнт, якім можна павяртаць у розныя бакі вялікую канструкцыю.
Моцна паўплывала на мову й мэнтальнасьць масавае зьняволеньне беларусаў усіх станаў у савецкіх лягерох. «Закон — тайга, пракурор — мядзьведзь» — гэты спокліч ведалі на 1/6 частцы сьвету ня горш, як «Слава КПСС».
Дарэчы, што да Расеі, то дазволю сабе зьвярнуцца не да фальклёру.
Адзінае адпаведнае месца для сумленнага грамадзяніна ў краіне, дзе рабства дазваляецца і заахвочваецца, — гэта турма (Леў Талстой).
Цяперашнія беларускія сядзельцы маюць вялікіх папярэднікаў. Сядзелі паўстанцы 1831 і 1863 гадоў, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Алесь Гарун, Якуб Колас...
У савецкіх лягерох сядзелі Аляхновіч, Дубоўка, Геніюш, Пушча, браты Гарэцкія, а. Адам Станкевіч… За палякамі сядзелі Рак-Міхайлоўскі, Мятла, Валошын, Тарашкевіч и Антон Луцкевіч (якіх потым НКВД кінуў у савецкія вязьніцы і там забіў)... На віленскіх Лукішках пры розных уладах сядзелі Кастусь Каліноўскі, Максім Танк, Міхась Машара, Валянцін Таўлай, Вінцэнт Гадлеўскі, Рыгор Шырма... А раней у Вільні сядзеў Міцкевіч.
Сядзелі ўсе. І сядзяць. Але пакуты ня марныя. Іх аблягчае, ім надае сэнс і мудрасьць беларускае мовы: „Калі ня вераць — не бажыся, калі б’юць — не прасіся“.
Турма, астрог, вязьнíца
Лаўрэн Зізані перакладае ў „Лексісе“ (1596 год) царкоўнаславянскае „узилище“ словам вязеньне і нават выразам „вясёлая іздэбка“ (= істопка, пакой — аптымісты былі тагачасныя людзі).
У клясыкаў лексыкаграфіі ХХ стагодзьдзя С. Некрашэвіча і М. Байкова — сынонімы турма, астрог, цямніца, а яшчэ вязьня.
Але апошняе слова не прыжылося. У беларускай літаратурнай мове важным словам стала вязьнíца. Так называлі і называюць розныя месцы зьняволеньня — напрыклад, кельлю былога кляштара ў Вільні, які расейцы ператварылі ў турму і трымалі там маладога Адама Міцкевіча і яго сяброў-філяматаў.
Таксама шырока чуваць слова астрог, значэньне якога даўно перасягнула колішняе — 'месца, агароджанае парканам з завостраных калоў'. У 1908 годзе, падчас зьняволеньня за арганізацыю настаўніцкага зьезду, Якуб Колас піша:
Канстытуцыю далі,
Адчынілі дзверы,
І... ў астрог нас павялі,
І таўкуць без меры.
„Няславы астрожнай“ хоча ўнікнуць Вітаўт Парфяновіч, які ў 1864 годзе здрадзіў на допыце сябрам-паўстанцам:
З кім я зьвязаўся, чаго я хацеў?
Як я дайшоў да няславы астрожнай?
Слушна сказаў мне палкоўнік вяльможны:
Нізка упаў, бо высока ляцеў. (...)
Я ж адпрацую, я ўсё замалю,
Новаю верай і праўдай сагрэты.
Што вы сказалі, палкоўнік, на гэта?
Рады старацца
за ваша „Хвалю!“
(Сяржук Сокалаў-Воюш. Споведзь Вітаўта Парфяновіча самому сабе перад абразамі. 1985)
У беларускай мове ХІХ стагодзьдзя было багата народных назваў турмы: цямніца, бакшта і вежа, капцёлка, западка і катух — усе ў пераносным значэньні. А як каротка называць акрэсьцінскія завядзенія: прымальнік-разьмеркавальнік? цэнтар ізаляцыі? Ня варта гуляць у фальшывыя эўфэмізмы: нават для «адміністрацыйных» зьняволеных турма і ёсьць турма. Вязьніца. Астрог. Так лепш, чым сюсюкаць савецкімі абрэвіятурамі накшталт ЦІП.
Вязень, калоднік, цямнічнік, астрожнік
Старабеларуская мова ведала словы вязень, вязёны, нявольнік. З справаздачы пра бюджэт Магілёва за 1697 год: „...Далі Петраку пляцоваму [= вартаўніку], што вязьняў шклоўскіх сьцярог, залатых два“. Але тыя шклоўскія вязьні ўчынілі сапраўдныя злачынствы, таму іх і вартаваў пільны Пятрок.
Калі Беларусь стала калёніяй Расейскай імпэрыі і шматлікія беларусы трапілі ў расейскія турмы ды на катаргу, у беларускую мову прыйшлі турэмныя русыцызмы. Так, расейскае „арестант“ аформілася адпаведна традыцыям беларускае мовы — арыштант ці наагул рыштант і рыштанец (а лацінізмы арышт, арыштаваць у нас ужываліся вельмі даўно).
У народнай мове асноўным заставалася слова вязень. У слоўніку І. Насовіча (1870) — яшчэ і калоднік, цямнічнік. У М. Байкова і С. Некрашэвіча (1926) — астрожнік.
Як называць жанчын — палітычных зьняволеных
У старабеларускай мове слова, каб назваць увязьненую жанчыну, знайсьці няпроста — хіба што паланянка, паланеніца (але ж трохі іншае значэньне). Відаць, у ВКЛ такая практыка, скіраваная на сваіх жа грамадзянак, была нячастая.
Але ў варунках Расейскай імпэрыі і бальшавіцкай улады такі фэмінітыў спатрэбіўся. Вацлаў Ластоўскі, падбіраючы ў сваім „Расійска-крыўскім (беларускім) слоўніку“ адпаведнік слову „узница“, не знайшоў лепшага варыянту, як вязьнíца, хоць у яго ж вязьнíца — пераклад рас. „тюрьма“, „карцер“, „кутузка“.
У пасьляваенных савецкіх слоўніках ёсьць варыянт зь іншым націскам — „вя́зьніца“, відаць, пад уплывам рас. „ýзница“, але ён не пашырыўся. Былі спробы ўтварыць інакшыя варыянты фэмінітываў да слова вязень, напр. „вязьнеўка“, але і яны засталіся экспэрымэнтальнымі.
Аднак няма патрэбы падбіраць фэмінітыў менавіта да слова вязень. На практыцы ўжываюцца натуральныя для беларускае мовы і зафіксаваныя ў тэкстах варыянты:
(палітычная) | нявольніца |
астрожніца (слова ўжывала Надзея Дземідовіч, беларуская дзяячка, зьняволеная ў ГУЛАГу) | |
арыштантка |
Урэшце, палітычная зьняволеная. Зь іх і варта выбіраць патрэбнае слова — пакуль, на жаль, ёсьць такая патрэба.
Вязынка — радзіма Купалы
Ці можна называць зьняволеную жанчыну „вязынкай“? Думаю, што не. Гэтаму ёсьць дзьве прычыны. Адна ўнутрымоўная, словаўтваральная: беларускія фэмінітывы не ўтвараюцца суфіксам -ынк-, а словаў „вязын“, „вязына“ ці то „вязыніць“ няма.
Другая прычына — нацыянальныя каштоўнасьці. Фальварак Вязынка — радзіма вялікага нацыянальнага паэта Янкі Купалы. Сучасныя вёска і Купалаўскі мэмарыяльны запаведнік Вязынка — мэта паломніцтва ўсіх, хто шануе беларушчыну. Вязынка свабодалюбнага Купалы апетая ў вершах, слова заведама станоўчае.
Акрамя таго, Вязынка, Вязынь, Повязынь — назвы некалькіх іншых беларускіх паселішчаў. Паходзяць яны ад імя рэчкі Вязынка (Вязынь), якое ці ад вязаў, ці ад дубоў (балцкая вэрсія этымалёгіі), але нічога супольнага з увязьненем ня мае.
«Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам» — аўтарская рубрыка, дзе ацэнкі і меркаваньні не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.