Пасьля ад’езду людзі часта трапляюць у складанае матэрыяльнае становішча. Публікуем некалькі такіх гісторый.
«Беглі, маючы пры сабе па пакеце рэчаў»
У Ганны (імя зьмененае з прычын бясьпекі, яе сям’я засталася ў Беларусі, дадзеныя ёсьць у рэдакцыі. — РС) пад перасьлед трапіла ня толькі яна, але і блізкія сваякі. Жанчына нядаўна адбыла ў Беларусі «суткі». Яна са сваім сваяком пасьпела ўцячы з краіны да таго, як на яе завялі крымінальную справу.
«Сваяка пасадзілі ў турму. У нас арыштавалі рахункі і маёмасьць. Нам удалося ўцячы проста цудам. Пазычылі грошы і рушылі ў дарогу з двума пакетамі рэчаў», — успамінае Ганна.
Яна расказвае, што са сваяком уцяклі ў Грузію. Адтуль перабраліся ў Польшчу, цяпер яны ў Варшаве.
«Усё, што ў нас засталося на сёньня — 300 злотых на руках. Гостэл зьнялі на апошнія грошы. Далей плянаў няма. Праз 15 дзён, як скончыцца арэнда гостэлу, мы можам апынуцца проста на вуліцы», — кажа беларуска.
Жанчына дадае, што зьвярталася ў розныя беларускія фонды, але не атрымала падтрымкі.
«Адзінае, што BySol адкрыў на нас збор. Але там пакуль не сабралі патрэбнай сумы», — зазначае Ганна.
Суразмоўца кажа (і паказвае копіі перапісак. — РС), што зьвярталася ў Беларускі дом у Варшаве. Але там адказалі, што цяпер яны аказваюць толькі «інфармацыйную, псыхалягічную і візавую дапамогу».
«На іх сайце напісанае зусім іншае. Пазначана, што яны аказваюць і матэрыяльную дапамогу, і мэдыцынскую. Акурат па мэдыцынскую я і зьвярталася... Чаму так адбываецца? Мы прыехалі сюды ў надзеі, што нам дапамогуць, мы начыталіся розных „цудоўных“ гісторый пра салідарнасьць. У выніку аказалася, што хоць ты вяртайся ў Беларусь, хаця б і ў турму. Мне што — сесьці ў турму, каб мне дапамаглі? У 2020 годзе нам казалі, каб выходзілі, каб паказвалі, што нас шмат і мы разам. Цяпер — хата з краю», — кажа жанчына.
«Выходзіць, што былых палітвязьняў, груба кажучы, кінулі»
Валянцін Лабачоў у Беларусі адбыў тэрмін за «абразу Лукашэнкі». Ён сьцьвярджае, што пасьля вызваленьня міліцыя таксама не давала супакою. У выніку Валянцін перабраўся ў Варшаву.
«Першы час жыў бясплатна ў шэлтары, з дапамогай неабыякавых беларусаў. Ад BySol я атрымаў матэрыяльную дапамогу, 300 эўра. Добра, што ёсьць такая дапамога. Пайшоў шукаць працу. Але, ня ведаючы мовы, можна мала на што разьлічваць. Уладкаваўся на паштовы склад толькі таму, што там даюць гостэл. За яго вылічваюць 450 злотых у месяц», — кажа Валянцін.
Беларус зазначае, што на складзе даволі цяжкая праца, начныя зьмены.
«Стаіш на канвэеры, нікуды ня можаш адысьці. І яшчэ кажуць, каб хутчэй працаваў. Асаблівых варыянтаў з працай бязь веданьня мовы няма. Прыяжджаеш у чужую краіну і мусіш усё рабіць сам. Няма арганізацыі, якая дапамагае. Апроч BySol. Па сутнасьці, груба кажучы, былых палітвязьняў кінулі. Наколькі я даведаўся, у фондаў проста няма грошай. Няма шэлтара, дзе чалавек мог бы спыніцца. Няма дапамогі з працаўладкаваньнем», — кажа былы палітзьняволены.
«Паглядзеў на гэта ўсё ў Варшаве — нейкі цырк, шапіто»
Да красавіка 2023 году Сяргей (імя зьмененае ў мэтах бясьпекі, у Беларусі застаюцца блізкія сваякі. — РС) заставаўся ў Беларусі. У красавіку па яго прыйшлі супрацоўнікі КДБ. Сяргей кажа, што мусіў уцякаць, ня маючы пры сабе ні вопраткі, адпаведнай сэзону, ні грошай.
«З эвакуацыяй мне дапамог BySol. Я прыехаў у Грузію, адтуль — у Польшчу. Пакуль даехаў да Варшавы, „на кішэні“ ў мяне засталіся капейкі. Бо каб я ехаў спакойна, то падрыхтаваўся б. Мне ж давялося ўцякаць у тым, у чым быў», — кажа Сяргей.
Па словах суразмоўцы, у Варшаве ён атрымаў на два тыдні дах над галавой дзякуючы неабыякавым беларусам. Што далей рабіць, Сяргей пакуль ня ведае.
«Хадзіў у нейкі дабрачынны фонд пры касьцёле. Там абяцалі даць адзеньне і ежу. Хадзіў у Беларускі дом, дык там наагул усё зачынена. Сказалі пісаць на электронную скрынку. Размаўляў з рознымі беларусамі, якія прыехалі сюды раней ці пазьней. Бачу паміж імі падзелы, канфлікты. Калі я быў у Беларусі, мне тлумачылі, што мне ня могуць дапамагчы, бо ня могуць перавесьці грошы ў Беларусь. Тут мне кажуць, што грошы ідуць на падтрымку тых, хто ў Беларусі. Карацей, проста нейкі цырк, шапіто. Людзям патрэбна падтрымка, а не падзелы і сваркі. Мы тут апынуліся не па сваёй волі. Але мы тут «забытыя і пакінутыя», — кажа Сяргей.
Цяпер мужчына шукае працу і жытло.
«Праблема нарастае, грошай няма»
Кіраўнік Беларускага дому ў Варшаве Алесь Зарамбюк у камэнтары Свабодзе прызнае, што праблема з дапамогай рэпрэсаваным беларусам існуе. Ён кажа пра адсутнасьць праграм матэрыяльнай падтрымкі людзей.
«Мы, беларусы, на ўсіх узроўнях гаворым у Эўразьвязе пра неабходнасьць падтрымкі палітвязьняў, цяперашніх і былых, іхных родных. У ЭЗ ёсьць праграмы, але яны накіраваныя на адукацыю, бізнэс. Грошай на падтрымку рэпрэсаваных няма», — кажа Зарамбюк.
Ён успамінае, што ў 2020-2021 гадах на дапамогу палітвязьням удавалася сабраць буйныя сумы. Дапамагаў і польскі ўрад праз праграму «Салідарныя зь Беларусьсю».
«Нам удалося адправіць людзей на лячэньне, у санаторыі, аказаць ім псыхалягічную дапамогу, правесьці курсы польскай мовы. Мы гатовыя гэта працягваць. Пытаньне ў фінансах, якія ў нас практычна скончыліся», — кажа кіраўнік Беларускага дому.
Паводле Зарамбюка, цяпер Беларускі дом найперш дапамагае родным палітвязьняў, якія ў Беларусі.
«Мы ня можам агучваць прозьвішчы ці нашы мэханізмы дапамогі з прычын бясьпекі. Праблема нарастае. Людзі выходзяць з турмаў. Ім трэба дапамога. Але з боку донарскага асяродзьдзя мы пакуль ня бачым канкрэтных дзеяньняў у гэтым кірунку», — тлумачыць Алесь Зарамбюк.
Ён дадае, што людзі выходзяць з калёній з шэрагам праблем са здароўем, у тым ліку псыхічным. «І няма ніякай праграмы дапамогі ім, рэабілітацыі, адаптацыі», — зазначае суразмоўца.
«Я бачу, што вельмі патрэбен асобны фонд падтрымкі палітычных рэпрэсаваных. І мы даносім гэтую інфармацыю да дыпляматаў, патэнцыйных донараў. Бо наша беларускае грамадзтва, натуральна, ня выцягне само падтрымку беларусаў унутры краіны. Бо і грамадзтва беднае, і дзясяткі тысяч людзей вымушаныя былі выехаць з краіны», — дадаў Алесь Зарамбюк.
Свабода таксама зьвярнулася па камэнтар у фонд «Страна для жизни».
«Наш фонд ня мае праграм дапамогі тым палітзьняволеным, якія вызваліліся. У нас няма шэлтара ў Вільні ці Варшаве. Наша спэцыфіка працы накіраваная на сем’і палітзьняволеных у Беларусі, на дапамогу гэтым сем’ям. Калі мы і дапамагаем нечым у прыватным парадку, то гэта не сыстэматычная дапамога. У мэтах бясьпекі людзей мы ня можам пра ўсё гаварыць у СМІ», — патлумачылі ў фондзе.