Летась тэмай Дня палітвязьняў была жоўтая бірка — спэцыяльная метка ў калёніях, пра якую ўпершыню ў лісьце расказаў Вітольд Ашурак. Сёлета праваабаронцы тэмай Дня салідарнасьці з палітвязьнямі Беларусі прапануюць ліст і права на ліставаньне, якога беларускія ўлады пазбавілі сотні палітычных зьняволеных.
«Вясна» заклікае 21 траўня выказаць салідарнасьць з усімі палітвязьнямі, прыцягнуць увагу беларускага і міжнароднага грамадзтва да іх праблемаў і чарговы раз запатрабаваць ад уладаў вызваленьня ўсіх палітзьняволеных.
Праваабаронцы выбралі дату Дня салідарнасьці з палітзьняволенымі ў Беларусі невыпадкова. 21 траўня — угодкі сьмерці ў калёніі палітвязьня Вітольда Ашурка.
Вітольд Ашурак — вядомы актывіст зь Бярозаўкі, якога ў закрытым рэжыме асудзілі на 5 гадоў зьняволеньня за падзеі 2020 году. Адбываць тэрмін яго накіравалі ў шклоўскую калёнію. 21 траўня 2021 году, на 244-ы дзень свайго зьняволеньня, палітвязень Вітольд Ашурак раптоўна памёр у шклоўскай калёніі. Афіцыйная прычына — спыненьне сэрца, хоць, паводле сваякоў, да зьняволеньня на здароўе мужчына не скардзіўся.
Крымінальную справу па факце сьмерці Вітольда Ашурака да гэтага часу не завялі, а сытуацыя з палітзьняволенымі за гэты час значна пагоршылася: колькасьць палітвязьняў бесьперапынна расьце, жанчын і мужчын утрымліваюць у нечалавечых умовах, некаторых зь іх катуюць і б'юць, не аказваюць належнай мэдычнай дапамогі. У месцах зьняволеньня на іх аказваецца ціск і парушаюцца правы: абмяжоўваюць у праве на абарону і праве на перапіску, пазбаўляюць перадач і спатканьняў з роднымі, прымушаюць да цяжкай працы.
Праваабаронцы перакананыя, што варта працягваць пісаць палітвязьням лісты: нават калі яны ня дойдуць да адрасата, то ў месцах зьняволеньня пабачаць, што пра чалавека памятаюць, хвалююцца і чакаюць яго на волі.
«Вясна» нагадвае пра важнасьць іншых спосабаў падтрымкі палітзьняволеных і іх сям'яў: пасылкі, грашовыя пераводы, дапамога ў зборы перадач і матэрыяльная падтрымка сем’яў.
Што можна зрабіць да Дня палітвязьняў?
«Вясна» прапануе падтрымаць палітвязьняў арганізацыяй акцыі салідарнасьці ў 21 траўня ў падтрымку беларускіх палітвязьняў і акцыю памяці Вітольда Ашурка; арганізаваць падпісаньне лістоў і паштовак салідарнасьці; зачытаць на відэа ліст ад палітвязьня і выкладзі ў сацсетках з хэштэгам #дзеньпалітвязняў і іншыя.
Праваабаронцы заклікаюць дзяліцца фота з акцыяй салідарнасьці ў сацсетках з хэштэгамі #дзеньпалітвязняў #свабодупалітвязням #свободуполитзаключенным #freepoliticalprisoners #FreeThemAll.