Сьвятлана Ціханоўская прыбыла ў Рэйк’явік для ўдзелу ў саміце Рады Эўропы 16-17 траўня.
Беларусь не зьяўляецца чальцом гэтай арганізацыі, але кіраўніцтва Рады Эўропы вырашыла зрабіць выключэньне і запрасіць Ціханоўскую як адмысловую госьцю, паведамляе прэсавая служба Ціханоўскай.
Назіральнікі называюць саміт галоўнай сустрэчай Рады Эўропы дзесяцігодзьдзя. Апошні саміт адбываўся ў 2005 годзе ў Варшаве. Плянуецца ўдзел кіраўнікоў ці прадстаўнікоў 46 дзяржаваў, у тым ліку Эмануэля Макрона, Олафа Шольца, Рышы Сунака, Уладзіміра Зяленскага, кіраўнікоў Эўразьвязу Шарля Мішэля і Ўруулы фон дэр Ляен. Святлана Ціханоўская будзе ўдзельнічаць у асноўных мерапрыемствах саміта. Саміт працягнецца два дні, падчас яго заплянаваны шэраг сустрэчаў.
Ціханоўская будзе ўздымаць пытаньні ўступу Беларусі ў Раду Эўропы, як толькі зьявіцца такая магчымасьць, пашырэньня працы Кантактнай групы паміж Радай Эўропы і дэмакратычнай Беларусьсю, падтрымкі рэпрэсаваных і беларускіх уцекачоў, шляхоў стрымліваньня Расіі ад паглынаньня Беларусі, і ролі Рады Эўропы ў гэтым.
Сьвятлана Ціханоўская ўжо выступіла на круглым стале «Дэмакратыя, прыдатная для будучыні», які праходзіць у рамках Саміту Рады Эўропы.
«Я веру, што Беларусь стане гісторыяй посьпеху пераходу ад тыраніі да дэмакратыі. Я веру, што Беларусь стане ключом да эўрапейскай бясьпекі. Свабодная Беларусь будзе наймацнейшай санкцыяй супраць пуцінскай Расеі і вялікім унёскам у перамогу Ўкраіны.
Я веру, што Беларусь стане краінай, дзе будуць паважаць правы чалавека і вяршэнства закону. Дзе адказнасьць, маральнасьць і творчасьць стануць нашым дэвізам. Я ведаю, што шлях да дэмакратыі можа быць доўгім і цяжкім, але давайце пройдзем яго разам», — сказала Ціханоўская ў сваёй прамове.
У Рэйк’явіку лідэрка беларускай апазыцыі 14 траўня сустрэнецца з прэзыдэнтам Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Тыні Коксам, затым паўдзельнічае ў прыёме кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў.
Пасьля прызначана дыскусія «Аб’яднаныя вакол нашых каштоўнасьцяў», якая афіцыйна адкрые 4-ы Саміт Рады Эўропы.