Сьвятлана Ціханоўская заклікала эўрапейскіх палітыкаў зрабіцца «голасам тых, хто цяпер ня можа гаварыць», і працягваць трымаць тэму палітвязьняў у Беларусі на міжнародным парадку дня.
Што казала Сьвятлана Ціханоўская ў Рэйк'явіку:
Пра салідарнасьць з Украінай
«Я была ў Аахэне на цырымоніі ўручэньня прэміі Карла Вялікага. Я вельмі рада, што ў гэтым годзе прэмія была прысуджаная прэзыдэнту Ўладзіміру Зяленскаму і народу Ўкраіны. У мінулым годзе мне выпаў гонар атрымаць гэтую прэмію ад імя ўсіх беларусаў, якія хочуць жыць у міры і свабодзе.
Нас аб’ядноўвае барацьба дэмакратыі супраць тыраніі, будучыні супраць мінулага. Украінцы і беларусы дакладна заявілі, што выбіраюць свабоду. Без усялякіх сумневаў: мы ня можам не перамагчы. Калі мы прайграем, Эўропа зноў апынецца ў цемры.
Супраціў вайне і рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі пайшоў у падпольле. З прычыны рэпрэсій зараз няма маштабных вулічных дэманстрацый. Але больш за 200 000 беларусаў далучыліся да пляну «Перамога», які быў створаны для каардынацыі падпольнага супраціву. Толькі ў 2022 годзе на чыгунцы было зьдзейсьнена больш за 80 актаў сабатажу.
Напрыклад, пасьпяховая дывэрсія здарылася ў лютым, калі бесьпілётнік атакаваў важны для Расеі радыёлякацыйны самалёт. Многія беларусы таксама дапамагаюць украінскай выведцы. Яны працягваюць сачыць за перамяшчэньнем расейскіх войскаў па тэрыторыі Беларусі.
Пазыцыя беларусаў зразумелая: мы супраць вайны. Мы выступаем на баку Ўкраіны. Вельмі важна адрозьніваць беларускі народ і рэжым Лукашэнкі. Памочнікам Пуціна стаў менавіта рэжым».
Чаму нельга ставіць Беларусь побач з Расеяй
«Калі пачалася вайна, многія краіны пачалі ўводзіць забарону на выдачу візаў для беларусаў. Гэта няправільна. Віза — гэта не раскоша, а неабходнасьць...
Важна ня ставіцца да Беларусі і Расеі аднолькава. Беларусы ня хочуць, каб іх ставілі на адну дошку з расейцамі. У 2020 годзе мы абралі дэмакратыю і вяршэнства закону, і мы заплацілі за гэта вялікую цану. Мы супраць крывавай вайны Расеі, і мы падтрымліваем Украіну. І сам факт таго, што я зараз прамаўляю перад вамі, азначае, што вы гэта разумееце».
Пра эўрапейскую будучыню Беларусі
«Мы эўрапейцы. Мы хочам, каб дэмакратычная Беларусь заняла сваё месца ў эўрапейскай сямʼі свабодных народаў.
Я хацела б, каб Беларусь стала часткай Рады Эўропы, таму што так мы зможам пабудаваць будучыню, у якой кожны беларус зможа жыць свабодна, гаварыць адкрыта і актыўна ўдзельнічаць у палітычным жыцьці нашай дзяржавы.
Размова ідзе ня толькі пра міжнароднае прызнаньне. Гаворка ідзе пра пераўтварэньне нашага грамадзтва і пабудову сапраўднай дэмакратыі, дзе пануе вяршэнства закону і выконваюцца правы чалавека.
Я мару пра Беларусь, у якой прынцыпы, якія адстойваюцца Радай Эўропы, — гэта не далёкія ідэалы, а паўсядзённая рэальнасьць».