Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская на Капэнгагенскім саміце: Каб супрацьстаяць тыраніі, дэмакратыя мусіць «паказаць зубы»


Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

Сьвятлана Ціханоўская падкрэсьліла, што сытуацыя з рэпрэсіямі ў Беларусі пагаршаецца, штодзень у сярэднім затрымліваюць 11 чалавек.

Ціханоўская заклікала міжнародныя арганізацыі патрабаваць вызваленьня беларускіх палітвязьняў. З такім пасланьнем яна выступіла на Капэнгагенскім саміце за дэмакратыю.

Яна заявіла, што падставай для перасьледу зьяўляецца ня толькі выступленьне супраць Лукашэнкі, але і любыя дзеяньні ў падтрымку Ўкраіны. Стаўленьне ж да палітычных зьняволеных пагаршаецца.

Ціханоўская адзначыла, што два апошнія месяцы не атрымлівала навін ад мужа Сяргея Ціханоўскага, а таксама нагадала пра Віктара Бабарыку, які трапіў у лякарню, і ўжо 18 дзён ягонае месцазнаходжаньне невядомае. У турмах знаходзяцца людзі з сур’ёзнымі захворваньнямі.

«Мы заклікаем міжнародныя інстытуты, якія былі створаны для вырашэньня такіх гуманітарных крызісаў, запатрабаваць вызваленьня людзей з сур’ёзнымі захворваньнямі», — сказала Ціханоўская.

Яна таксама заклікала прыцягваць увагу да праблемы палітвязьняў.

«Не дазваляйце дыктатару забіваць людзей у цішыні», — дадала яна.

Паводле яе, гэтаму дапамогуць любыя дзеяньні: палітыкі могуць стаць «хроснымі» для палітзьняволеных, можна расказваць аб тым, што адбываецца ў Беларусі, аказваць падтрымку сем’ям палітзьняволеных, ствараць праграмы рэабілітацыі для іх.

Яна адзначыла, што перамога Ўкраіны адчыніць «акно магчымасьцяў» для беларусаў, таму яны ўсімі сіламі падтрымліваюць украінцаў. Паводле Ціханоўскай, адной з галоўных задач застаецца падтрымліваць сувязі паміж беларусамі на радзіме і ў эміграцыі, а таксама працягваць ціск на Лукашэнку.

Ціханоўская адзначыла, што цяпер беларусы сутыкаюцца з двума выклікамі: адзін — сур’ёзны палітычны крызіс, другі — рызыка страты незалежнасьці, якая праяўляецца таксама ў плянах Расеі разьмясьціць ядзерную зброю ў Беларусі.

Ціханоўская папярэдзіла, што аўтарытарныя рэжымы імкнуцца ствараць альянсы для супрацьстаяньня дэмакратыі.

«Таму дэмакратыя мусіць „паказаць зубы“. Калі ў нас няма ніякіх інструмэнтаў, акрамя палітычнай і эканамічнай ізаляцыі, трэба працаваць над такімі інструмэнтамі», — рэзюмавала яна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG