У Турэччыне завяршыўся першы тур прэзыдэнцкіх выбараў. Як і прадказвалі многія экспэрты, нікому з кандыдатаў не ўдалося набраць 50%, неабходных для перамогі. Такім чынам, чакаецца другі тур.
Пасьля падліку 98,38% бюлетэняў дзейны кіраўнік дзяржавы Рэджэп Таіп Эрдаган набірае 49,34% галасоў, яго галоўны канкурэнт ад апазыцыйнага аб’яднаньня «Народны альянс» Кемаль Кылычдароглу — 45%.
У падліках застаецца ўлічыць галасы грамадзян Турэччыны, якія галасавалі за мяжой.
Другі тур пройдзе 28 траўня.
На парлямэнцкіх выбарах пасьля падліку 99,55% галасоў «Рэспубліканскі альянс» на чале з Партыяй справядлівасьці і разьвіцьця (ПСР) Эрдагана набірае 49,3%, атрымліваючы каля 322 з 600 месцаў у парлямэнце, апазыцыйны «Народны альянс» на чале з Народна-рэспубліканскай партыяй (НРП) Кылычдараглу — 35,19%, або каля 212 месцаў, перадае TRT са спасылкай на дадзеныя Цэнтрвыбаркаму краіны
Эрдаган кіруе краінай у якасьці прэм’ер-міністра, а пазьней — прэзыдэнта ўжо больш за 20 гадоў. Цяпер яго крытыкуюць за імкненьне пакласьці ўсю віну за разбуральныя наступствы землятрусу на будаўнікоў, а таксама за эканамічны крызіс, які перажывае дзяржава. Кемаль Кылычдароглу выступае за сьвецкі характар краіны, насуперак кансэрватыўнай палітыцы Эрдагана.