Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ня проста палац і ня проста купал. Чаму, гаворачы пра атаку на Крэмль, варта верыць вэрсіі Масквы


Фотаздымак, зроблены з відэа, паказвае лятаючы аб'ект, які выбухае каля купала крамлёўскага Сената падчас меркаванай атакі бесьпілотніка ў Маскве, 3 траўня 2023
Фотаздымак, зроблены з відэа, паказвае лятаючы аб'ект, які выбухае каля купала крамлёўскага Сената падчас меркаванай атакі бесьпілотніка ў Маскве, 3 траўня 2023

Атаку дронаў на маскоўскі Крэмль некаторыя камэнтатары справядліва назвалі «ўдарам у сэрца Расеі». Але, разважаючы пра гэты выбух, аналітыкі абмінаюць адну істотную акалічнасьць.

Купал Сэнацкага палаца, па якім быў нанесены ўдар — гэта асаблівае месца ў Крамлі, якое мае для расейскага рэжыму выключнае сымбалічнае значэньне.

Пад купалам Сэнацкага палаца ня проста нейкае гарышча са старым хламам у павуціньні, кшталту дывановай дарожкі з кабінэту Сталіна, пісьмовым сталом Хрушчова ці параднага партрэта Брэжнева. Сам купал — гэта, фактычна, столь Кацярынінскай залі, якая ў савецкія часы называлася Сьвярдлоўскай.

І менавіта ў гэтай залі з часоў Сталіна адбываліся пленумы ЦК — спачатку ВКП(б), а потым КПСС. Некалькі сотняў найвышэйшых партыйных кіраўнікоў разам зь міністрамі, маршаламі, акадэмікамі і перадавымі даяркамі ды сталяварамі зьбіраліся тут раз на паўгода, каб прыняць «лёсавызначальныя» ды «гістарычныя» рашэньні.

Тут жа, у гэтай залі, выбіраліся са складу членаў ЦК і члены Палітбюро, а таксама генэральныя сакратары — ад Сталіна да Гарбачова, уключна з дарагім сэрцу расейскіх і беларускіх чэкістаў Андропавым.

Гэта можа здацца дзіўным, але фатаздымкаў з пленумаў ЦК не існуе ніводнага — кіна- і фотахранікёры дапускаліся толькі на сэсіі бутафорскага Вярхоўнага Савету ў іншым будынку. Рэальную палітыку ў Крамлі традыцыйна рабілі бязь лішніх вачэй.

Зрэшты, зусім нядаўна інтэр’ер залі ўбачылі мільёны. Праўда, ужо зьменены рэстаўрацыяй у часы Ельцына, за якую швайцарская пракуратура выставіла абвінавачваньне ў карупцыі тагачаснаму кіраўніку спраў прэзыдэнта і пазьней дзяржсакратару «саюзнай дзяржавы» Паўлу Барадзіну, арыштаванаму ў ЗША, экстрадаванаму потым у Швайцарыю, а пазьней выпушчанаму ў Расею пад заклад у 5 мільёнаў франкаў, якія, як гаварылі злыя языкі, перадаў зь беларускага бюджэту Лукашэнка. Намесьнікам Барадзіна ў часы рэстаўрацыі, нагадаю, быў пераведзены для гэтай мэты з Санкт-Пецярбургу ў Маскву Пуцін.

І менавіта ў Кацярынінскай залі, пад тэлекамэрамі, і праводзіў Пуцін у лютым 2022 году апытаньне членаў Савету бясьпекі РФ на прадмет, фактычна, пачатку вайны з Украінай. Там жа былі падпісаныя і дакумэнты аб прызнаньні так званых ДНР і ЛНР.

І вось цяпер гэтае месца атакавалі.

Пуцін у Кацярынінскай залі ў часе падпісаньня прызнаньня т.зв. ЛНР і ДНР, 21 лютага 2022.
Пуцін у Кацярынінскай залі ў часе падпісаньня прызнаньня т.зв. ЛНР і ДНР, 21 лютага 2022.

Таму ўдар па купале гэтай залі — гэта ўсё роўна што ўдар... Не, не па Белым доме ў Вашынгтоне, а па Авальнай залі Белага дому. Па самым сакральным — і ў гісторыі (а Пуцін, усьлед за Лукашэнкам, надаў савецкай гісторыі «актуальнае» гучаньне), і ў сучаснай палітыцы.

Вось чаму я сумняваюся ў заяве Кіева, што ён ня мае да гэтага дачыненьня, і гэтым разам веру Маскве, што ўсё ж гэта вынік апэрацыі ўкраінцаў (бліскучай, бясспрэчна).

Занадта моцны, папросту зьнішчальны ўдар па «самым сьвятым на сьвятой Русі», каб быць часткай крамлёўскай «шматхадовачкі».

Ужо наколькі дэмакратычны быў Міхаіл Сяргеевіч Гарбачоў, але за пасадку самалёта Руста на Краснай плошчы зьняў тагачаснага міністра абароны СССР, маршала Сакалова ды дзясятак генэралаў.

Ну а пры Ёсіфу Вісарыёнавічу пасьля выбуху над Крамлём наркам абароны і начальнік супрацьпаветранай абароны Масквы ўжо праз суткі прызналіся б на Лубянцы ў левым альбо ў правым «ухіле» ці ў працы на ўсе замежныя выведкі.

Альбо ва ўсім адразу.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG