Украіна гэтай ноччу нібыта паспрабавала нанесьці ўдар бесьпілётнікамі па Крамлі, заявіла прэс-служба прэзыдэнта Расеі. Згодна з заявай, пацярпелых у выніку гэтай спробы налёту няма:
«Крэмль расцэньвае спробу ўдару кіеўскім рэжымам як сплянаваную тэрарыстычную акцыю і замах на прэзыдэнта Расеі напярэдадні Дня Перамогі. Расея пакідае за сабой права адказаць на спробу ўдару па Крамлі, дзе і калі палічыць патрэбным», — заявілі ў прэс-службе расейскага кіраўніка.
Прэс-сакратар кіраўніка Расеі Дзьмітрый Пяскоў прызнаў, што Ўладзіміра Пуціна ў момант атакі бесьпілётнікаў у Крамлі не было — ён працаваў у сваёй рэзыдэнцыі ў Нова-Агарове.
У тэлеграм-каналах распаўсюджваюць відэа, на якім нібыта бачны агонь на купале Сэнацкага палаца Крамля. Там знаходзіцца рэзыдэнцыя Пуціна. Відэа не вэрыфікаванае.
Раней у сераду ў розных выданьнях і ў сацсетках зьявіліся паведамленьні, што ў раёне Крамля мінулай ноччу раздаліся два выбухі, відэа публікавалі ў раённай групе Якіманка-Замаскварэчча.
Пры гэтым сапраўднасьць відэа пакуль не пацьверджана, піша «Настоящее время».
У Маскве з 3 траўня ўведзена забарона на запуск бесьпілётных лятальных апаратаў. Выключэньне складуць БПЛА, якія выкарыстоўваюцца па рашэньні органаў дзяржаўнай улады, паведаміў мэр Масквы Сяргей Сабянін:
«Рашэньне прынята для прадухіленьня несанкцыянаванага выкарыстаньня БПЛА, якія могуць абцяжарыць працу праваахоўных органаў», — напісаў Сабянін.
Рэакцыя ў Кіеве
Украіна адмаўляе любыя адносіны да ўдару бесьпілётніка па Крамлі. Пра гэта піша Reuters са спасылкай на высокапастаўленага ўкраінскага чыноўніка з Офіса прэзыдэнта Ўкраіны.
Украіна не валодае інфармацыяй пра так званыя начныя атакі на Крэмль, паведаміў BBC Украіна прэс-сакратар прэзыдэнта Сяргей Нікіфараў.
Пры гэтым, паводле яго слоў, прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі неаднаразова заяўляў, што Украіна накіроўвае ўсе наяўныя сілы і сродкі на «вызваленьне сваіх тэрыторый, а не на напад на чужыя».
«Тое, што адбылося ў Маскве, — гэта, відавочна, эскаляцыя сытуацыі перад 9 траўня. Чаканы прыём з боку нашых супернікаў», — заявіў прэс-сакратар Зяленскага.
Раней сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі Аляксей Данілаў адмовіўся камэнтаваць заяву Расеі пра напад на Крэмль.