Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інстытут вывучэньня вайны: Расея, падобна, сама ўчыніла атаку на Крэмль


Скрыншот зь відэа, на якім відаць лятучы аб'ект, які ўзарваўся каля купала Крамля падчас меркаванага нападу ўкраінскага бесьпілётніка ў Маскве, 3 траўня 2023
Скрыншот зь відэа, на якім відаць лятучы аб'ект, які ўзарваўся каля купала Крамля падчас меркаванага нападу ўкраінскага бесьпілётніка ў Маскве, 3 траўня 2023

Дзяржаўны сакратар Злучаных Штатаў Энтані Блінкен заявіў, што калі б Украіна напала на расейскую тэрыторыю, ЗША не асуджалі б гэта, заявіўшы, што «гэтыя рашэньні павінна прымаць Украіна».

«Расея, падобна, учыніла гэты напад, спрабуючы давесьці вайну да расейскай унутранай аўдыторыі і стварыць умовы для большай мабілізацыі грамадзтва. Па некалькіх прыкметах можна сьцьвярджаць, што ўдар быў арганізаваны ўнутры РФ і быў мэтанакіраваным», — гаворыцца ў справаздачы амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW).

Аналітыкі ISW адзначаюць, што расейскія ўлады нядаўна прынялі захады для ўзмацненьня сваёй супрацьпаветранай абароны, у тым ліку ў Маскве, і таму малаімаверна, што два бесьпілётнікі маглі прабіць некалькі ўзроўняў супрацьпаветранай абароны і ўзарвацца ці быць зьбітымі проста над Крамлём.

«Хуткая, узгодненая і скаардынаваная» рэакцыя Крамля на інцыдэнт сьведчыць аб тым, што напад быў падрыхтаваны ўнутры краіны такім чынам, што ягоныя меркаваныя палітычныя наступствы перавешваюць зьбянтэжанасьць ад удару», — адзначылі у ISW.

«Крэмль неадкладна абвінаваціў Украіну ў правядзеньні тэракту і расейскія афіцыйныя адказы хутка згуртаваліся вакол гэтага абвінавачаньня. Калі б атака бесьпілётнікаў не была арганізавана ўнутры, гэта было б нечаканасьцю», — адзначаюць у Інстытуце вывучэньня вайны.

Аналітыкі таксама падкрэсьліваюць, што «хуткая і пасьлядоўная» рэакцыя на ўдар сьведчыць аб тым, што Расея арганізавала гэты інцыдэнт напярэдадні 9 траўня (Дня Перамогі), каб прадставіць вайну як экзістэнцыйную для сваёй унутранай аўдыторыі.

Рэакцыя ўладаў ЗША

Дзяржаўны сакратар Злучаных Штатаў Энтані Блінкен тым часам заявіў, што словы Масквы пра «замах на Пуціна» трэба ўспрымаць зь вялікай доляй крытычнасьці.

У размове з карэспандэнтам The Washington Post Блінкен адзначыў, што ня можа пацьвердзіць паведамленьні аб спробе ўкраінскай атакі на Крэмль, аднак назіральнікам ня варта адразу ўспрымаць за праўду любыя заявы з Масквы.

Блінкен таксама сказаў, што калі б Украіна напала на расейскую тэрыторыю, ЗША не асуджалі б гэта, заявіўшы, што «гэтыя рашэньні павінна прымаць Украіна».

Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Вэдант Патэль 3 траўня заявіў журналістам, што ў замежнапалітычным ведамстве ЗША пакуль ня могуць пацьвердзіць або зьняпраўдзіць, што на Крэмль была зьдзейсьненая атака.

Вэдант Патэль спаслаўся на заяву дзяржсакратара Энтані Блінкена.

«Мы ў курсе гэтых (расейскіх) паведамленьняў, але мы ня можам пацьвердзіць іх сапраўднасьць, — адзначыў Патэль. — Але, як сказаў дзяржсакратар, я б ставіўся да ўсяго, што кажа Крэмль і Расейская Фэдэрацыя, са скептыцызмам».

Яго таксама спыталі, ці паўплывае магчымая інфармацыя аб датычнасьці Ўкраіны да нападаў унутры Расеі, на амэрыканскую падтрымку Кіева.

«Мы будзем падтрымліваць нашых украінскіх партнэраў так доўга, як гэта спатрэбіцца», — адказаў Патэль, пры гэтым дадаўшы, што ЗША не заахвочваюць таго, каб Украіна наносіла ўдары за межамі сваёй краіны.

  • 3 траўня расейскія ўлады абвінавацілі Кіеў у начной атацы бесьпілётнікаў на Крэмль. Кадры, распаўсюджаныя ў сацыяльных сетках 3 траўня, паказваюць, як бесьпілётнік дэтануе каля флягштока на вяршыні будынка Крамлёўскага палаца ў Маскве.
  • Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што Масква лічыць гэты тэракт «сплянаваным тэрактам і замахам на прэзыдэнта Расеі».
  • Пры гэтым у Крамлі ўдакладнілі, што Пуцін ня быў у Крамлі падчас нападу, таму не пацярпеў.
  • У Офісе прэзыдэнта Ўкраіны дачыненьне да нападу на Крэмль адмаўляюць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG