«Гэта работа зьяўляецца падрыхтоўчай да таго шырокага поўнамаштабнага наступленьня, які ўсё чакаюць», — сказала яна.
Па словах Гумянюк, пасьля пажару на нафтабазе ў расейскіх вайскоўцаў зьявілася высокая ступень трывожнасьці, яны спрабуюць эвакуіраваць свае сем’і і па магчымасьці самі пакідаюць анэксаваны Крым.
Пажар на нафтасховішчы ў мікрараёне Казачая Бухта ў анэксаваным Севастопалі адбыўся ў суботу раніцай, 29 красавіка. Згарэлі чатыры цыстэрны, ніхто не пацярпеў. Прызначаны Расеяй «губэрнатар» Севастопаля паведаміў, што рэзэрвуары атакавалі два бесьпілётнікі, адзін з іх быў зьбіты.
Неўзабаве пасьля пажару прадстаўнік Галоўнага ўпраўленьня разьведкі Мінабароны Ўкраіны Андрэй Юсаў заявіў аб зьнішчэньні 10 рэзэрвуараў з палівам агульнай ёмістасьцю каля 40 тысяч тон. Прадстаўнік украінскай спэцслужбы назваў выбух «божай карай, у тым ліку за забітых грамадзянскіх ва Ўмані, сярод якіх пяцёра дзяцей». Паводле яго слоў, зьнішчаныя нафтапрадукты прызначаліся для патрэб Чарнаморскага флёта Расеі. Пры гэтым Кіеў на сябе адказнасьць за атаку ня браў.