Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля прыняцьця закону аб ліцэнзаваньні ў Беларусі застаўся адзіны прыватны дзіцячы садок


Міністар адукацыі Беларусі Андрэй Іванец, архіўнае фота
Міністар адукацыі Беларусі Андрэй Іванец, архіўнае фота

Раней Лукашэнка запатрабаваў «зачысьціць усё да немагчымасьці ў сыстэме адукацыі».

Пасьля ўвядзеньня ліцэнзаваньня адукацыйнай дзейнасьці ў Беларусі функцыянуе толькі адзін прыватны дзіцячы садок, вынікае з словаў міністра адукацыі Андрэя Іванца ў інтэрвію дзяржаўнай газэце «СБ. Беларусь сегодня» ад 20 сакавіка.

«Цяпер функцыянуе адзін прыватны дзіцячы садок — „Елісеевы палі“ (Сеніца, Менскі раён. — удакладняе „Позірк“), які наведваюць каля 40 выхаванцаў. Але мы гатовыя да супрацоўніцтва і толькі радыя новым добрасумленным прадпрымальнікам. Больш за тое, гарантуем усялякую падтрымку», — сказаў ён.

Паводле чыноўніка, у ягонае ведамства нібыта «паступаюць скаргі бацькоў з нараканьнямі ў адрас нядбайных прадпрымальнікаў [у сфэры адукацыі]»:

«Скажу шчыра: сёньня ў нас дастатковая колькасьць несумленных субʼектаў гаспадараньня, якія пад выглядам іншых адукацыйных паслуг або так званых «разьвіваек» папраўдзе рэалізуюць праграму дашкольнай адукацыі... Аднак іхная дзейнасьць ставіць пад пагрозу бясьпеку і здароўе дзяцей: адсутнічае кваліфікаваны пэдагагічны склад (з малымі займаюцца людзі з вуліцы), парушаюцца санітарныя нормы, няма належных умоваў для сну і харчаваньня.

У цэлым, паводле Іванца, на гэты момант «ахоп дзяцей ва ўзросьце ад двух да шасьці гадоў, якія атрымліваюць дашкольную адукацыю, складае каля 89 працэнтаў, у дашкольным рыхтаваньні дзяцей 5-6 гадоў — 100 працэнтаў».

У Беларусі дазволена працаваць усяго сямі прыватным установам адукацыі, як вынікала з выказваньняў Іванца ў інтэрвію тэлеканалу СТВ 16 лютага.

20 верасьня 2022 году Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы зь дзяржаўным сакратаром Рады бясьпекі Аляксандрам Вальфовічам запатрабаваў «зачысьціць усё да немагчымасьці ў сыстэме адукацыі». Пасьля гэтага ў краіне былі закрытыя амаль усе прыватныя дзіцячыя садкі і школы.

17 кастрычніка таго ж году Лукашэнка падпісаў закон «Аб ліцэнзаваньні». Сярод іншага ён увёў ліцэнзаваньне дзіцячых садкоў і школаў — для фармаваньня «ідэалягічна ўстойлівай і рознабакова разьвітой асобы».

Тлумачачы неабходнасьць заканадаўчых зьменаў, генэральны пракурор Андрэй Швед у чэрвені 2022 году заяўляў:

«У краіне функцыянавалі прыватныя ўстановы, якія ажыцьцяўлялі экстрэмісцкую дзейнасьць пад выглядам адукацыйнай. У выніку пракурорскіх праверак іхная дзейнасьць спынена».

У жніўні таго ж году на той момант міністар адукацыі, а цяпер кіраўнік ЦВК Ігар Карпенка сказаў, што «паўлегальныя прыватныя дзіцячыя садкі і школы пад шыльдай індывідуальных прадпрымальнікаў, грамадзкіх або рэлігійных абʼяднаньняў у большасьці выкарыстоўваліся ў палітычных мэтах, рабіліся апорнымі пунктамі для каляровай рэвалюцыі».

Ідэалягізацыю адукацыі ўлады ўзмацнілі пасьля падзеяў 2020 году.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG