Ваенная дапамога саюзьнікаў і партнэраў істотна палепшыла пэрспэктывы Ўкраіны ў вызваленьні тэрыторый, акупаваных Расеяй з пачатку яе несправакаванага ўварваньня, заявіў генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг 27 красавіка, калі Кіеў паведаміў, што ідуць цяжкія баі за кантроль над Бахмутам.
Столтэнбэрг, размаўляючы з журналістамі ў штаб-кватэры NATO ў Брусэлі, заявіў, што «больш за 98 працэнтаў» баявых машын, абяцаных саюзьнікамі, ужо пастаўленыя:
«Гэта азначае больш за 1550 адзінак бранятэхнікі, 230 танкаў і іншую тэхніку, уключаючы велізарную колькасьць боепрыпасаў», — сказаў ён на прэс-канфэрэнцыі з прэм’ер-міністрам Люксэмбургу Ксавэрыем Бэтэлем.
«Агулам мы падрыхтавалі і абсталявалі больш за дзевяць новых украінскіх бранятанкавых брыгад. Гэта паставіць Украіну ў моцную пазыцыю, каб працягваць адбіваць акупаваную тэрыторыю», — сказаў Столтэнбэрг.
Пакуль незразумела, колькі вайскоўцаў было задзейнічана ў трэніроўках. Ва ўзброеных сілах заходніх краін брыгада налічвае ад 3000 да 5000 салдат.
Кіраўнік альянсу, аднак, папярэдзіў, што ў NATO «ніколі не павінны недаацэньваць Расею», нягледзячы на «беспрэцэдэнтную» вайсковую падтрымку, якую Ўкраіна атрымала ад сваіх партнэраў і саюзьнікаў.
Масква «гатовая накіраваць тысячы вайскоўцаў зь вельмі вялікімі стратамі», сказаў ён. Заявы Столтэнбэрга прагучалі на фоне паведамленьняў пра тое, што Кіеў рыхтуе контранаступ, які можа пачацца, калі пацяплее і дарогі падсохнуць.
Яўген Прыгожын, зьвязаны з Крамлём бізнэсмэн, які кантралюе наймітаў ПВК «Вагнэр», што вядзе штурм Бахмута, заявіў 26 красавіка, што Кіеў, хутчэй за ўсё, пачне контранаступ, які ён назваў «непазьбежным», на пачатку траўня 2023 году.
Тым часам расейскія войскі працягваюць наносіць удары па жылых раёнах Украіны. Расейцы абстралялі жылы квартал гораду Херсону, адзін чалавек загінуў, паведаміў 27 красавіка кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Аляксандар Пракудзін. Уначы Расея нанесла ракетны ўдар па горадзе Мікалаеве на поўдні Ўкраіны, забіўшы прынамсі аднаго мірнага жыхара і параніўшы некалькіх.
Расейскія войскі абстралялі Мікалаеў чатырма ракетамі С-300, загінуў адзін чалавек, паведаміў у Telegram кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Віталь Кім, дадаўшы, што ракеты трапілі як мінімум у адзін шматпавярховы дом і два прыватныя жылыя дамы.
Апошнія месяцы Мікалаеў і вобласьць часта абстрэльваліся з расейскага боку. З самага пачатку поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну Расея адмаўляла, што наносіла ўдары па мірных жыхарах, нягледзячы на мноства доказаў адваротнага.
Прэс-сакратар усходняга ваеннага камандаваньня Сяргей Чараваты 26 красавіка заявіў, што расейскія войскі зраўнялі Бахмут зь зямлёй:
«Расейцы руйнуюць будынкі ў Бахмуце, каб нашы салдаты не выкарыстоўвалі іх у якасьці ўмацаваньняў», — сказаў Чараваты.