Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польская прыватная клініка бярэ на працу беларускіх лекараў. Пагаварылі зь яе дырэктарам


Клініка рэпрадуктыўнага здароўя «Bocian» («Бусел») у Варшаве, Польшча
Клініка рэпрадуктыўнага здароўя «Bocian» («Бусел») у Варшаве, Польшча

«Мы ўзялі на працу вельмі крутых беларускіх адмыслоўцаў», — кажуць у клініцы.

Найбуйнейшая ў Польшчы Клініка рэпрадуктыўнага здароўя «Bocian» («Бусел») прыняла на працу дзьвюх вядомых беларускіх лекарак — Алену Новікаву і Ларысу Калабухаву, якія пацьвердзілі сваю кваліфікацыю.

«Bocian» сёньня — гэта сетка з васьмі клінік, якія спэцыялізуюцца на лячэньні бясплодзьдзя ў Польшчы (дзьве ў Варшаве, па адной у Беластоку, Катавіцэ, Шчэціне, Гданьску, Лодзі, Любліне, Познані), плюс адна клініка ў Латвіі.

Пачыналі з маленькай клінікі ў Беластоку, цяпер «Bocian» — 9 сучасных мэдцэнтраў

Сузаснавальнік сеткі клінік «Bocian» Барташ Мругач расказаў Свабодзе, як ягоны бацька доктар Гжэгаш Мругач у 2006 годзе ў Беластоку заснаваў невялікую клініку рэпрадукцыйнага здароўя. На лячэньне ў беластоцкі шпіталь паехалі тады і беларусы.

Барташ Мругач
Барташ Мругач

«Праблем зь візамі не было, цэны былі супастаўныя зь беларускімі, а зрабіць працэдуру ЭКА ў Беларусі можна было толькі ў сталіцы. І праз 2-3 гады мы сталі такой альтэрнатывай для заходніх абласьцей Беларусі, бо падобныя клінікі былі толькі ў Менску.

Я ў той час вучыўся ў ЗША і заўважыў, што ў Польшчы, у параўнаньні зь іншымі краінамі, гэты бізнэс быў у пачатковым стане. У лепшым выпадку ў такой клініцы быў доктар-эмбрыёляг, а ў ЗША гэта былі вялікія кампаніі, якія працавалі ўжо зусім на іншым узроўні.

У 2014 годзе мы пачалі разьвівацца. І менш чым праз 10 гадоў „Bocian“ стала самай вялікай сеткай клінік у Польшчы», — кажа Барташ Мругач.

«У Беларусі ўзровень мэдычнай адукацыі вельмі высокі»

Доктар Мругач зазначае, што, паколькі яны працуюць зь беларускімі пацыентамі даволі даўно, склалася адпаведная інфраструктура: дакумэнтацыя вядзецца па-расейску, працуюць каардынатары, якія валодаюць расейскай мовай, мэнэджар абавязкова суправаджае расейскамоўных пацыентаў ад пачатку да канца. Сам Барташ падчас вучобы ў ЗША шмат кантактаваў і сябраваў з расейскамоўнымі студэнтамі, а таксама па студэнцкім абмене стажаваўся ў Санкт-Пецярбургу, таму добра ведае гэту мову.

«У апошнія гады ў Польшчу прыехалі шмат эмігрантаў: беларусаў, украінцаў, і яны, ня ведаючы польскай мовы, шукаюць дактароў, зь якімі ў іх ня будзе моўнага бар’еру. Мы вырашылі пайсьці ім насустрач. Я ведаю, што ў Беларусі ёсьць вельмі добрыя рэпрадукцыйныя цэнтры з выдатнымі адмыслоўцамі. Выкажу і сваю думку, і меркаваньне дасьведчанага лекара, майго бацькі: у Беларусі ўзровень мэдычнай адукацыі вельмі высокі. Мы паважаем беларускіх адмыслоўцаў, таму вырашылі ўзяць на працу лекараў зь Беларусі.

Мы робім гэта, каб паслугамі нашай клінікі маглі скарыстацца і тыя беларусы, хто эміграваў у Польшчу, і тыя, хто жыве ў Беларусі, і беларусы зь іншых краінаў Эўропы, бо цэны ў Польшчы ніжэйшыя, чым у суседніх дзяржавах», — кажа Барташ Мругач.

Сузаснавальнік клінікі «Bocian» запэўнівае, што ёсьць дамоўленасьць з амбасадай Польшчы, і калі цэнтар дае мэдычнае запрашэньне, патэнцыйныя пацыенты зь Беларусі атрымаюць візу.

Барташ Мругач
Барташ Мругач

«Мы ўзялі на працу вельмі крутых беларускіх адмыслоўцаў»

У Варшаўскай клініцы цяпер працуе кандыдат мэдычных навук, рэпрадуктоляг Алена Новікава. У 2001 годзе яна скончыла Менскі дзяржаўны мэдычны ўнівэрсытэт, шмат стажавалася, працавала ў адным з найлепшых рэпрадукцыйных цэнтраў Беларусі «EvaClinic».

«Мы ўзялі на працу вельмі крутых беларускіх адмыслоўцаў. Алена Новікава — сур’ёзны, дасьведчаны доктар. У Беларусі пад яе патранажам нарадзіліся каля тысячы дзетак.

Я спачатку яе паслухаў: чаго спадарыня Алена хоча, якія ў яе запатрабаваньні. У нашай клініцы яна крыху працавала як кансультантка, бо не было пацьверджаньня дыплёма. А цяпер яна мае дазвол міністэрства і ўжо два месяцы працуе доктарам.

Дарэчы, у сакавіку Алена Новікава — на другім месцы па папулярнасьці ў нашай клініцы (а ў нас працуе 30 дактароў), да яе вельмі шмат людзей імкнецца трапіць.

І другая лекарка, якую мы ўзялі на працу, — Ларыса Калабухава, у Менску працавала ў мэдычным цэнтры ЛОДЭ. У яе 30 гадоў стажу, гінэколяг-рэпрадуктоляг вышэйшай катэгорыі. Спадарыня Ларыса таксама ўжо пацьвердзіла сваю кваліфікацыю, у траўні пачне самастойна працаваць у нашым цэнтры», — расказвае пра сваіх новых супрацоўніц Барташ Мругач.

Ён кажа, што іншаземнаму доктару ў Польшчы цяпер стала крыху лягчэй пацьвердзіць сваю кваліфікацыю. Хаця патрабаваньні да такіх лекараў застаюцца даволі сур’ёзнымі.

«Гэта даволі працяглы працэс, у нашых новых супрацоўніц ён заняў прыкладна 6-7 месяцаў. Польская мова абавязковая, таму што ў канцы трэба прайсьці гутарку ў так званай „Ізьбе лекарскай“ — гэта аналяг беларускага Міністэрства аховы здароўя. Менавіта гэтая ўстанова пацьвярджае ліцэнзію доктара. Яны правяраюць, які ў яго ўзровень камунікацыі, бо лекару трэба размаўляць ня толькі з пацыентам, але і з адміністрацыяй, пэрсаналам клінікі. Што тычыцца тэрміналёгіі, асаблівых складанасьцяў звычайна не ўзьнікае, бо гэта латынь», — тлумачыць сузаснавальнік польскай сеткі клінік «Bocian».

Барташ Мругач
Барташ Мругач

«Працэдура нятанная. Але ня ўсім патрэбна ЭКА»

Цэны на паслугі ў польскіх цэнтрах рэпрадукцыйнай мэдыцыны «Bocian» прыкладна аднолькавыя зь беларускімі і на 20-30% ніжэйшыя, чым у Чэхіі, кажуць у самой клініцы.

Цэны на працэдуру ЭКА ў Польшчы цяпер пачынаюцца ад 9 тысяч злотых без уліку мэдычных прэпаратаў (гэта каля 2000 эўра. — РС). Аднак і палякі, і эмігранты, за якіх працадаўца адлічвае сродкі ў страхавы фонд ZUS альбо яны самі аплачваюць поліс NFZ (мэдычная страхоўка. — РС), атрымліваюць датацыю на лекі, тлумачыць спадар Мрувач.

«Але ёсьць істотны момант: калі ты пражыў у Польшчы больш за 2 гады, можна атрымаць і датацыю ад дзяржавы на працэдуру ЭКА. Ёсьць адмысловая праграма мэрыі Варшавы для маладых сем’яў на 2023-2025 гады: на яе выдаткавана 35 мільёнаў злотых.

Так, працэдура нятанная. Але ня ўсім патрэбна ЭКА. У нас дактары не атрымліваюць грошай за працэдуры — яны атрымліваюць заробак, незалежна ад таго, робіць пацыент ЭКА альбо не. Наша мэта — рэальна дапамагчы пацыенту. Многія сем’і недаацэньваюць праблему. Калі жанчына ня можа зацяжараць цягам году, трэба не марнаваць час, а ісьці ў клініку і абавязкова прайсьці дыягностыку», — тлумачыць доктар.

Клініка рэпрадуктыўнага здароўя «Bocian» («Бусел») у Варшаве, Польшча
Клініка рэпрадуктыўнага здароўя «Bocian» («Бусел») у Варшаве, Польшча

Пачатковая дыягностыка ў Польшчы даволі даступная, расказвае адмыслоўца. Для мужчыны зрабіць спэрмаграму, напрыклад, каштуе 200 злотых (каля 45 эўра, сярэдні заробак у Польшчы ў 2022 годзе дасягнуў прыкладна 1000 эўра. — РС).

«Працэдура вельмі простая і інфарматыўная. Калі ёсьць праблемы, парамэтры спэрмы ня вельмі добрыя, то чым раней зьвернецеся, тым больш шанцаў.

Што да жанчын, дыягностыка больш складаная. Кансультацыя 250-270 злотых (50 эўра. — РС), плюс аналізы 500-600 злотых (120-130 эўра. — РС). Тут вельмі важна дасьледаваць яйцаклеткі: высьветліць, якая ёсьць рэзэрва. Калі мы гаворым пра плянаваньне, жанчына да 35 гадоў можа замарозіць яйцаклетку. Пасьля 35 гадоў — замарозіць эмбрыён. Можна замарозіць спэрму, а праз 10 гадоў выкарыстаць. Мы прапануем такія паслугі. З пункту гледжаньня праблем, якія могуць быць у будучыні, гэта нядорага», — мяркуе доктар Мрувач.

Па словах лекара, польскія цэнтры маюць сучаснае абсталяваньне. Да прыкладу, эмбрыяскопа (апарата, які дазваляе назіраць за эмбрыёнам, яшчэ не перанесеным у цела маці, звонку, не адчыняючы інкубатар штодня і не парушаючы стэрыльнасьці), у Беларусі няма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG