Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абыходзіць санкцыі набліжанаму да Лукашэнкі бізнэсоўцу дапамагае ксёндз, — Беларускі расьсьледніцкі цэнтар


Аляксандар Зайцаў
Аляксандар Зайцаў

Беларускі расьсьледніцкі цэнтар (БРЦ) публікуе чарговы аналіз, гэтым разам — пра прыўладнага бізнэсоўца Аляксандра Зайцава, які аформіў частку свайго бізнэсу (зьвязанага ў тым ліку з кантрабандай) на каталіцкага сьвятара Лашука.

Аляксандар Зайцаў, блізкі да Віктара Лукашэнкі, выбудоўвае вялізныя кампаніі, афармляючы іх, у тым ліку, на служнікаў царквы.

Зайцаў стаў першым у гісторыі Беларусі кавалерам ордэну Сьвятога Рыгора Вялікага. Гэта найвышэйшая ўзнагарода для парафіян, якою ўганароўвае папа Рымскі.

Пра тое, чым можна заслужыць такі гонар ад Ватыкану, як зьмешваюцца інтарэсы касьцёлу і асабістая выгада некаторых сьвятых айцоў і як за ўсё гэта даплочваюць беларускія падаткаплатнікі — у новым расьсьледаваньні БРЦ.

Цырымонію ўзьвядзеньня бізнэсоўца Аляксандра Зайцава ў ранг кавалера папскага рыцарскага ордэну Сьвятога Рыгора Вялікага ў 2022 годзе праводзіў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, на ёй таксама былі ксяндзы Юры Жагарын з Наваградку і Ігар Лашук са Стоўпцаў (ён выступіў з прамовай). Тытул Зайцаву ўручылі за яго заслугі перад касьцёлам. За што Зайцаў атрымаў каталіцкі ордэн, на цырымоніі не ўдакладнялі, але розныя выданьні мяркуюць, што ён даваў грошы на будаўніцтва і рэканструкцыю беларускіх касьцёлаў.

Ксёндз Ігар Лашук адзначыў, што шмат гадоў знаёмы з Зайцавым і той рос у сваёй веры крок за крокам.​

Расьсьледаваньне БРЦ паказала, што ксёндз Лашук дапамагае Зайцаву ня толькі ўмацоўвацца ў веры, але і «весьці кантрабандны бізнэс у абыход санкцый».

У верасьні 2021 году Ігар Лашук, будучы ў сане каталіцкага ксяндза, заснаваў кампанію «АЛІС МА», на якую, паводле БРЦ, падсанкцыйныя ўладальнікі кампаніі «Брэміна Груп» перапісалі частку сваёй маёмасьці.

БРЦ спытаўся ў Юрыя Санько, прэсавага сакратара кіраўніка Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі, ці можа сьвятар займацца бізнэсам.

«Сьвятар ня можа ні ўдзельнічаць у палітычных партыях, ні займацца бізнэсам. Гэта немагчыма нават паводле кананічнага права. Такая заява — вельмі цікавая нават для нас. Таму мы таксама ў гэтым пастараемся разабрацца», — сказаў Юры Санько.

«Брэміна-Орша» — гэта «выспа» практычна поўнай нявыплаты падаткаў, створаная паводле ўказу Аляксандра Лукашэнкі для кампаніяў набліжаных да яго бізнэсоўцаў. Праз гэты хаб ішла кантрабанда кветак, тканін, прадуктаў харчаваньня з Эўропы ў Расею.

Акрамя таго, праз «Брэміна Груп» ці зьвязаныя зь ёю кампаніі ідзе істотная частка афіцыйнага транзыту празь Беларусь. Кампаніі дазволілі пабудаваць свае склады з правам мытнага афармленьня проста на памежных пераходах Брузгі і Бераставіца. Тамсама перачэпліваюць з эўрапейскіх цягачоў на беларускія.

Гэта адзіныя прыватныя пункты мытнага афармленьня на межах Беларусі з ЭЗ. Гэта значыць, у кіроўцаў грузавікоў, якія едуць у Беларусь празь Бераставіцу ці Брузгі, няма выбару, акрамя як карыстацца паслугамі «Брэміна Груп».

Праўда, цяпер «Брузгі» і «Бераставіца» перайшлі пад кантроль «ВЛАТЭ Лагістык» — кампаніі, якая ўваходзіць у «Брэміна Груп». Раней «Брэміна» валодала ёю наўпрост, але цяпер «ВЛАТЭ Лагістык» аформлена на 6 фізычных асобаў. Амаль кожная зь іх прадстаўляе інтарэсы ўладальнікаў «Брэміна». Такім чынам «Брузгі» і «Бераставіцу» вывелі з-пад санкцыяў.

Падаткі з сваіх прыбыткаў «ВЛАТЭ Лагістык» амаль ня плаціць дзякуючы прэфэрэнцыям, якія фірме асабіста выдаў Аляксандар Лукашэнка.

Калі б ня гэта, то за манапольнае абслугоўваньне часткі мяжы кампаніі «Брэміна Груп» мусіла б заплаціць ня пару мільёнаў падаткаў, а дзясяткі мільёнаў.

Сам Аляксандар Зайцаў у аршанскім хабе — фігура ключавая. Калі ў іншых праектах тройка Зайцаў-Алексін-Варабей у спробе пазьбегнуць санкцый раўнамерна разьмяркоўвала долі паміж сваімі людзьмі, то ў «Брэміна-Орша» ўсё адышло толькі даверанай асобе Зайцава — ксяндзу Лашуку і створанай ім кампаніі «АЛІС МА».

БРЦ спытаў у Ігара Лашука, як так атрымалася, што ён раптам аказаўся ўладальнікам кампаніі, зьвязанай з «Брэміна Груп». Але выразнага адказу не атрымаў. Свае сувязі з Аляксандрам Зайцавым і ягоным бізнэсам ксёндз Лашук таксама пракамэнтаваў расплывіста:

«Гэта мая асабістая справа, я сьвятар. На некаторыя пытаньні я не адказваю нікому, нават папу Рымскаму, разумееце? Ёсьць пытаньні, якія ёсьць толькі паміж мной і Госпадам Богам», — сказаў Ігар Лашук у размове з БРЦ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG