Кацярыне 56 гадоў. Жанчына ўсё жыцьцё прыжыла ў невялікім прыгожым горадзе на захадзе Беларусі, які, як яна кажа, ніколі не зьбіралася пакідаць. У яе была праца, сям’я, кватэра, агарод. Але ўжо месяц як яна эмігрантка і стараецца прыстасавацца да новага жыцьця. Кацярына прызнаецца, што адразу па-за радзімай перажыла пачуцьці, якія раней ёй былі невядомыя.
«Уявіце: я ў санаторыі, адпачываю, дыхаю сьвежым паветрам, якое тут проста цудоўнае. Тут вакол прырода. І справа ня толькі ў якасьцях паветра. Апошнія паўтара года дома я ўжо пачала ўсяго баяцца, чакала небясьпекі зь любога боку. А тут свабода, я дыхаю, як вольны чалавек, на ўсе грудзі. Гэта неймаверныя пачуцьці, я гэтак удзячна людзям, якія мне дапамаглі вярнуцца да жыцьця!» — апісвае Кацярына свой настрой у першыя дні ў эміграцыі. Жанчына мяркуе, што хутка казка мусіць скончыцца, а што будзе далей, ёй пакуль невядома.
«Гляджу на вокны дамоў — і раптам заліваюся сьлязьмі. У мяне цяпер няма дома, працы, радзімы. Няма нічога! З суседняй краіны напісала знаёмая жанчына, што знайшла адну прапанову, і праз тыдзень я туды паеду, можа, возьмуць. Але як там атрымаецца, ня ведаю. Пакуль жыву толькі надзеяй і ўспамінамі пра свой дом».
Як далучылася да пратэстаў
Кацярына прызнаецца, што яшчэ некалькі гадоў таму была зусім далёкай ад палітычнага і грамадзкага жыцьця. Сям’я, праца, дом, агарод — вось кола яе ранейшых інтарэсаў. Але, калі зьявіўся мабільны тэлефон з інтэрнэтам, вочы паступова пачалі адкрывацца і на тое жыцьцё, якой адбывалася за межамі яе цудоўнага гарадка.
«Галоўнае, я змагла параўноўваць тое, што бачыла па тэлевізары, з тым, што пішуць у інтэрнэце. Аказалася, гэта іншая праўда, у якую мне лягчэй было паверыць. Раней я і сама бачыла, што нешта адбываецца ня тое, што нас падманваюць. Вельмі зачапіла, што гаварылі пра пэнсійную рэформу адно, а атрымалася іншае. Зачапіла і тое, як абышліся зь нібыта дармаедамі. Альбо ўзяць ягоныя шматгадовыя абяцаньні, што неўзабаве „ўсім будзе заробак па 500 даляраў“. Я сваіх 500 так і не дачакалася», — дзеліцца Кацярына.
Год прэзыдэнцкіх выбараў прынёс Кацярыне надзею, што краіна пачне разьвівацца ў эўрапейскім кірунку і ейнае ўласнае жыцьцё стане лепшым. Жанчына ўспамінае, як з захапленьнем пачала чытаць блогераў, сачыла за кожным стрымам Сяргея Ціханоўскага на ягоным канале «Страна для жизни». Пачала ўсё часьцей глядзець «Белсат», абмяркоўваць убачанае і прачытанае са знаёмымі. І адзначыла, як шмат вакол аднадумцаў, шмат не задаволеных тым, як паводзяць сябе ўлады.
«Пачыналася для мяне з малога. Убачыла сюжэт пра кароў, якія стаяць па пуза ў гноі. Падзялілася ўражаньнямі, а мне кажуць, што так амаль паўсюль. Што гэта норма. Потым здарыліся першыя арышты, затрыманьні. Яшчэ выбары не пачаліся, а палітыкаў, якім мы давяралі, ужо пахапалі ні за што на нашых вачах, як таго ж Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыку. Самі выбары дадалі яшчэ больш незадаволенасьці. Хлусьня, потым гвалт. Карацей, ужо ў сярэдзіне жніўня я далучылася да людзей з кветкамі, якія пачалі выходзіць на вуліцы з пратэстам», — успамінае Кацярына падзеі 2020 году.
«Міліцыянты не чапалі і нават дэманстравалі спачуваньне»
Паводле жанчыны, у яе невялікім гарадку на першыя пратэставыя мітынгі выходзілі па некалькі тысяч чалавек. Кажа, што такога адзінства і настрою салідарнасьці яна ніколі ня бачыла. Адзначае Кацярына і паводзіны міліцыянтаў:
«Было відаць, што яны ў шоку ад таго, колькі нас, і пры гэтым пагаджаюцца, што мы маем рацыю, калі гаворым пра падман, спачуваюць. Фармальна нас папярэджвалі, што зьбіраемся незаконна, але не чапалі. Ды і чаму незаконна? Усе разумелі, што насамрэч мы маем права выказвацца. Гэта ён забраў у нас такое права», — абураецца Кацярына палітыкай Лукашэнкі.
Удзельніца пратэстаў 2020-га згадала такі эпізод. Абураныя маўклівасьцю мясцовага дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу жыхары гораду пачалі зьбіраць подпісы за ягонае адкліканьне. Ахвотнікаў падпісацца было вельмі шмат, сабралі цэлы стос аркушаў, перадалі па інстанцыях. Але працэдура адкліканьня дэпутата так і не пачалася.
«А цяпер, у 2023 годзе, ужо перасьледуюць тых, хто ставіў тыя подпісы. Вось да чаго дайшло!»— сьцьвярджае Кацярына.
Фота зь бел-чырвона-белымі сьцягамі
Яшчэ пра 2020 год Кацярына прыгадала, што, пачынаючы з кастрычніка, маршы ў ейным горадзе паменшыліся, зьбіраліся ўжо па 30-50 чалавек. Але ўсё роўна людзі не здаваліся. Нават калі ўжо не адважваліся хадзіць па вуліцах пад сьцягамі, дык зьбіраліся недзе на ўскраіне гораду ці ў лесе, рабілі агульныя фота, на якіх твары хавалі за бел-чырвона-белымі сьцягамі, і выкладалі ў інтэрнэце.
«Гэта дазваляла падтрымліваць надзею. Было страшна, але я верыла ў справядлівасьць. І было адчуваньне, што нічога незаконнага не раблю. Ужо сьцягоў менш насілі. У мяне быў бел-чырвона-белы парасон, вось яго брала з сабой. Калі да мяне ўпершыню прыйшлі з вобшукам у кватэру, знайшлі той парасон. Але тады не забралі ў якасьці доказу. Цяпер бы за яго аднаго за краты кінулі», — мяркуе Кацярына.
У лістападзе 2020 году на яе склалі пратакол па сумнавядомым артыкуле 23.34 Адміністрацыйнага кодэксу — за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Прысудзілі штраф у 25 базавых велічынь. Але сваёй актыўнасьці жанчына не спыніла. Пакідала допісы ў інтэрнэце.
Вязьніца, галадоўка і суд
У 2021 годзе жанчыну судзілі за тое, што разьмясьціла ў чаце допіс пра мясцовага міліцыянта. Гэта быў 188-ы артыкул Крымінальнага кодэксу.
«Пост пра таго міліцыянта ўзяла з „Чорнай кнігі Беларусі“, ад сябе дапісала толькі два словы: „Красаўчык наш“. Сказала потым на допыце: „А хіба гэта абраза? Ваш начальнік жа ўсіх вас называе красаўцамі“».
Сьледчыя дзеяньні ў такой дробнай, на думку Кацярыны, справе, цягнуліся ажно пяць месяцаў. За гэты час жанчына пасьпела пасядзець у вязьніцы, пасьля чаго яе сьветапогляд яшчэ больш памяняўся.
«Прасядзела я ў нашым ІЧУ — ізалятары часовага ўтрыманьня — усяго тры дні, але мне і гэтага хапіла. Зразумела, што ў турме я ня выжыву. Брудныя сьцены, усё шэрае. Паветра няма. Ставяцца, як да злачынцаў. Нас у камэры было чатыры. Дзьве палітычныя і дзьве пітушчыя маладыя жанчыны, у якіх дзяцей забралі ў інтэрнат. Яны бясконца курылі. Дыхаць няма чым. Тых жанчын мне шкада, ім дзяржава ніяк не дапамагае выбрацца зь ямы. Але і яны ўжо нікуды ня хочуць. Я ж адразу абвясьціла галадоўку пратэсту, але яе ахоўнікі нават не адзначылі ў сваіх дакумэнтах. Ніхто да мяне лекара не выклікаў, нічога. Проста ігнаравалі. Гэта таксама агідна», — успамінае Кацярына.
Зь вязьніцы жанчына выйшла з даведкай, якую аднесла на працу. Там ад яе амаль адразу пачалі патрабаваць, каб звольнілася сама. Але Кацярына кажа, што не саступала.
«Начальніца рабіла ўсё, што ад яе патрабавалі ўлады. Хоць сама зьбіралася ехаць за мяжу і ў выніку паехала, заставацца ў Беларусі не плянавала. Лічу, гэта самае подлае! І калегі выявілі сябе. Некаторыя казалі пра такіх, як я: „І правільна, так вам і трэба. Гэта Амэрыка вінаватая, падбухторыла вас“. Ну што зробіш з чалавекам, калі ў яго замест галавы тэлевізар?» — гэтак Кацярына цяпер камэнтуе сытуацыю на былой працы.
Увесну 2021 году над ёй адбыўся суд. Кацярына называе працэс «спэктаклем, дэманстрацыяй законнасьці і правасудзьдзя». Расказвае, што ў залю дапусьцілі яе сяброў-аднадумцаў, але другую палову месцаў занялі міліцыянты ў цывільным. Яшчэ ўспамінае, што абласная тэлевізія паказала рэпартаж з прысуду, у якім далі і яе камэнтар. Яна сама настаяла на камэнтары, калі ўбачыла журналістаў у судзе.
«Журналістка назвала мяне „жанчынай без комплексаў“, але запісаць мае словы ўсё ж пагадзілася. Потым некалькі сказаў пакінулі ў рэпартажы. Цяпер бы такога не было», — мяркуе Кацярына.
Прысуд у паўтара года «хатняй хіміі» жанчына ўспрыняла з палёгкай. Але высьветлілася, што і «хатняя хімія» можа зрабіць жыцьцё чалавека цалкам невыносным, расказвае суразмоўца.
«Правяраць зноў прыходзілі нават праз паўгадзіны»
«Спачатку дазволілі ў працоўны дзень дзьве гадзіны часу на асабістыя патрэбы. Схадзіць у краму, цырульню, на рынак. Але потым, у канцы 2022 году, абмежавалі гэты час адной гадзінай — гэтага вельмі мала, не пасьпяваеш зрабіць свае справы. Але галоўнае, што могуць праверыць у любы момант», — расказала пра ўмовы на «хатняй хіміі» Кацярына. Таксама жанчына адзначыла, што і на выходныя ёй забаранялі карыстацца «асабістым часам».
Галоўная праблемай сталі нечаканыя і шматразовыя праверкі. Паводле Кацярыны, бывала, што да яе з праверкамі прыходзілі ледзь не штодня, нават ноччу. І праз паўгадзіны маглі зноў прыйсьці. Жанчына кажа, што крымінальных, якія гэтак жа сама сядзіць па дамах на «хіміі», так не правяраюць, а вось да палітычных асаблівы падыход.
«Гэта страшэнна вымотвае нэрвы. У выніку перайшла на антыдэпрэсанты», — прызнаецца Кацярына.
«Атрымалі на ўсіх вашых асобнае заданьне»
Былая палітзьняволеная расказала пра міліцыянтаў, зь якімі сутыкнулася падчас тых праверак. Большасьць зь іх ніяк не паказвалі свайго асабістага стаўленьня, але знаходзіліся і тыя, хто наўмысна дэманстраваў варожасьць. Паводле Кацярыны, адзін зь міліцыянтаў казаў, што «яго ўсё задавальняе ў краіне, і далей мусіць быць вось такая законнасьць і парадак, як цяпер, а з тымі, хто пратэстуе, правільна абыходзяцца».
Стаўленьне да «палітычных» стала больш агрэсіўным у пачатку 2023 году, што супала з «хапунамі» ў невялікіх гарадах, зазначае Кацярына.
«Падчас апошняй размовы той міліцыянт гэтак сказаў мне: „Атрымалі на ўсіх вашых асобнае заданьне. Хутка ўсё ўбачыце!“. Я тады пачала зь ім спрачацца, выказалася пра „гэтае заданьне“, што аб ім думаю. Міліцыянт запытаўся пра мае палітычныя погляды. Я адказала, што гэта мая асабістая справа. Неўзабаве ён пайшоў, але ўвечары зноў прыйшлі міліцыянты, стукалі ў дзьверы. Тады мая „хімія“ ўжо закончылася, я ня мусіла адчыняць дзьверы. І не адчыніла. Але месца сабе ўжо не знаходзіла, чакала кожную хвіліну, што вось-вось зноў пагрукаюць. Яшчэ празь некалькі гадзін мяне дома ўжо не было. І цяпер я тут, на волі», — дзеліцца Кацярына.
Пра тое, як выбралася зь Беларусі, жанчына расказваць адмовілася, як і называць сваё сапраўднае імя і горад, дзе жыла. Кацярына кажа, што там засталіся яе сваякі, якія могуць пацярпець, калі яна будзе занадта шчырай.
«Я хацела б вярнуцца да іх і спадзяюся, што вярнуся. Не шкадую, што брала ўдзел у пратэстах, а шкадую толькі пра тое, што мы не давялі іх да перамогі. Не знайшлося ў нас лідэра для гэтага, усіх лідэраў улады тады ўжо пахапалі. Але я ня думаю, што на гэтым усё для нас закончылася. Гэта пачатак новага этапу барацьбы, вось што я думаю», — сказала на разьвітаньне Кацярына.