Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Схуднела на 20 кг, бадзёрасьці ня страціла. Што вядома пра палітзьняволеную Вікторыю Кульшу, якую ўжо двойчы асудзілі ў калёніі


 Вікторыя Кульша, архіўнае фота
Вікторыя Кульша, архіўнае фота

Былая адміністратарка пратэставага тэлеграм-каналу «Водители 97%» абскардзіла чарговы прысуд, для яе ён стаў ужо трэцім.

Былая адміністратарка пратэставага тэлеграм-каналу «Водители 97%» Вікторыя Кульша падала апэляцыю на чарговы, трэці па ліку, прысуд і чакае яго разгляду ў папраўчай калёніі № 24.

«Мусіла ляжаць на падлозе. Добра, што далі матрац», — гэтак пра ранейшае знаходжаньне ў Рэчыцкім ІЧУ расказвала сваякам Вікторыя. Тое было ў пачатку красавіка, падчас судовага працэсу над ёй, які праходзіў проста ў калёніі. Як абыходзяцца з палітзьняволенай у гэтыя дні, сваякам невядома.

Як праходзіў апошні суд над палізьняволенай?

«Да новага абвінавачаньня яна паставілася мужна, у апошнім слове аспрэчвала доказы, але чулася ўсё ж, што голас дрыжэў. Цэлы абзац прапусьціла ад хваляваньня. Казала, што так 411-ы артыкул (непадпарадкаваньне адміністрацыі. — РС) могуць на яе пісаць бясконца», — расказалі сваякі пра выступ Вікторыі Кульшы ў судзе.

Раней праваабаронцы мелі зьвесткі пра тое, што ў яе пагоршылася здароўе. Паводле крыніц Свабоды, стан здароўя Вікторыі па-ранейшаму выклікае трывогу.

«Было відаць, што яна моцна схуднела. Важыць 55 кіляў, а да арышту важыла на 20 кіляў больш. Стан здароўя не палепшаў, ранейшыя хваробы засталіся. Але бадзёрасьці ня страчвае, і гэта галоўнае», — кажа суразмоўца.

Вікторыі Кульшы 38 гадоў, яна зь Менску. На волі жанчына працавала інжынэрам аховы працы. Арыштавалі Вікторыю ў лістападзе 2020 году і абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. У чэрвені 2021-га разам зь іншымі адміністратарамі тэлеграм-каналу «Водители 97%», Дзянісам Гуціным і Ганнай Вішняй, жанчыну асудзілі на 2,5 года зьняволеньня і адправілі для адбыцьця пакараньня ў гомельскую калёнію № 4.

У чэрвені 2022 году Вікторыю Кульша асудзілі паўторна. Тады жанчыну абвінавацілі ў «злосным непадпарадкаваньні законным патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы (артыкул 411 КК ) і дадалі ёй яшчэ год няволі. У жніўні 2022 году былую адміністратарку апазыцыйнага тэлеграм-каналу этапавалі ў папраўчую калёнію № 24 у Зарэччы, непадалёк ад Рэчыцы. У гэтай калёніі ўтрымліваюць рэцыдывістак. Паводле «Вясны», там палітзьняволеная зьведала новы ціск. Як мяркуюць праваабаронцы, яна адбыла сама меней 92 дні ў штрафным ізалятары і паўгода ў памяшканьні камэрнага тыпу. Адной з падставаў пакараньня чарговым тэрмінам у ШЫЗА стала тое, што ў асуджанай знайшлі бела-чырвоную шпільку для валасоў. Неўзабаве ў ПК-24 на Вікторыю Кульшу завялі новую крымінальную справу паводле 411 артыкулу КК, а на час сьледзтва зьмясьцілі ў Гомельскае СІЗА № 3. Там цягам двух тыдняў Вікторыя Кульша трымала галадоўку пратэсту.

Сваякі асуджанай зьвязваюць тое, што яна страціла шмат вагі, ня толькі з гэтым.

«Калі Вікторыя знаходзілася ў ПКТ, ёй удвая скарацілі грашовую норму атаварваньня ў турэмнай краме. У выніку амаль усе грошы, а гэта ўсяго 32 рублі на месяц, яна мусіла траціць на сродкі гігіены, якіх там не выдаюць у патрэбнай колькасьці і якасьці. Значыць, на прадукты ўжо амаль нічога не заставалася. Было і так, што частка прадуктаў, якія пасылалі ёй праз бандэролі, проста не даходзіла», — расказалі сваякі палітзьняволенай.

7 красавіка ў калёніі № 24 адбыўся выязны суд, які прысудзіў Вікторыі Кульшы яшчэ адзін год зьняволеньня паводле 1 часткі 411 артыкулу Крымінальнага кодэксу. Такім чынам, агулам Вікторыя Кульша ўжо атрымала пакараньне ў 4,5 года. Віны жанчына зноў не прызнала і чарговы прысуд таксама абскардзіла.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG