Раней пракурор прынёс пратэст на вырак суду Ленінскага раёну Менску ад 3 сакавіка, якім тром палітзьняволеным праваабаронцам, Алесю Бяляцкаму, Валянціну Стэфановічу і Ўладзіміру Лабковічу, прызначылі тэрміны ад 7 да 10 гадоў калёніі.
Іх прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
Пракурор Аляксандар Кароль патрабаваў на 2 гады большыя тэрміны зьняволеньня кожнаму і буйнейшыя штрафы, але судзьдзя Марына Запасьнік вынесла іншы прысуд.
Судовая калегія пад старшынствам Сьвятланы Бандарэнка 21 красавіка пакінула скаргі вясноўцаў і іх абаронцаў без задавальненьня, а пратэст пракурора, які прасіў зьмяніць фармулёўку прысуду, задаволіла, піша «Вясна».
На судзе стала вядома, што пракурор Кароль прасіў зьмяніць прысуд у частцы прызначэньня тэрміну толькі Ўладзімеру Лабковічу. На яго думку, прызначэньне Лабковічу пакараньня ў выглядзе 6 гадоў зьняволеньня паводле ч. 4 арт. 228 Крымінальнага кодэкса зьяўляецца няслушным, бо па ім можа быць прызначана пакараньне ад 7 да 12 гадоў. Пракурор настойваў, што суд ня выявіў прычын для прызначэньня Лабковічу тэрміну, ніжэйшага за ніжнюю мяжу, прадугледжаную Крымінальным кодэксам. Выніковы тэрмін Уладзіміру Лабковічу, на думку дзяржабвінаваўцы, павінен быў застацца ранейшым — 7 гадоў пазбаўленьня волі. Судовая калегія зь ім пагадзілася і задаволіла пратэст.