Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрты ААН: Прысуд нобэлеўскаму ляўрэату Бяляцкаму — спроба задушыць крытыку і іншадумства


Плякат на акцыі салідарнасьці з асуджанымі праваабаронцамі. Вільня, 3 сакавіка 2023
Плякат на акцыі салідарнасьці з асуджанымі праваабаронцамі. Вільня, 3 сакавіка 2023

Пасьля вынясеньня прысуду ў 10 гадоў калёніі беларускаму праваабаронцу і нобэлеўскаму ляўрэату Алесю Бяляцкаму экспэрты ААН заклікалі міжнародную супольнасьць дабівацца праўды і справядлівасьці для ўсіх ахвяр парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі.

Экспэрты ААН выказалі сур'ёзную заклапочанасьць наконт абгрунтаванасьці гэтых абвінавачаньняў, на падставе якіх была заведзена крымінальная справа, і іх адпаведнасьці правам на свабоду выказваньня думак, абʼяднаньняў і праваабарончую дзейнасьць. Заява з гэтай нагоды апублікавалі на сайце ААН.

«Гэтае рашэньне — гэта вынік мэтанакіраванага крымінальнага перасьледу і інструмэнталізацыі сыстэмы правасудзьдзя беларускімі ўладамі для задушэньня любога крытычнага аналізу і нязгоды зь іх рэпрэсіўнай палітыкай. Яно зьяўляецца горкім напамінам аб тым, што ў Беларусі няма незалежнай судовай сыстэмы, аднак пошук адказнасьці і справядлівасьці не павінен спыняцца», — заявілі экспэрты ААН.

Бяляцкага, аднаго зь ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі міру за 2022 год, асудзілі за «кантрабанду ў складзе арганізаванай групы» і «фінансаваньне групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак».

Калег Бяляцкага па «Вясьне» Валянціна Стэфановіча, Уладзімера Лабковіча і Зьмітра Салаўёва (завочна) асудзілі на працяглыя тэрміны зьняволеньня (9, 7 і 8 гадоў адпаведна) за іх працу ў дакументаваньні жорсткіх рэпрэсій у дачыненьні да сотняў тысяч пратэстоўцаў, якія аспрэчвалі вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года.

«Неабходна аддаць належнае мужнасьці ўсіх праваабаронцаў, якія рызыкуюць асабістай свабодай, і дамагацца справядлівасьці для ўсіх ахвяр парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі», — заявілі экспэрты ААН пасьля вынясеньня прысуду.

Той факт, што ў сваім імкненьні захаваць уладу любой цаной цяперашні ўрад цалкам зьнішчыў грамадзянскую прастору і задушыў свабоду слова ў Беларусі, выклікае сурʼёзную заклапочанасьць экспэртаў ААН. Паводле іх зьвестак, з 2020 года ў Беларусі каля 1500 чалавек пазбавілі волі па палітычна матываваных абвінавачаньнях.

Яны зноў заклікалі да іх неадкладнага вызваленьня, забесьпячэньня доступу да справядлівага судовага разбору і кампэнсацыі прычыненай шкоды.

«У той час, калі краіна мае вялікую патрэбу ў грамадзянскай супольнасьці, праваабарончая дзейнасьць у Беларусі крыміналізаваная», – заявілі экспэрты ААН.

Пад сумеснай заявай падпісаліся: Анаіс Марэн, спэцыяльная дакладчыца аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі; Фінуала Ні Алань, спэцыяльная дакладчыца аб заахвочваньні і абароне правоў чалавека і асноўных свабод ва ўмовах барацьбы з тэрарызмам; Мэры Лолар, спэцыяльная дакладчыца аб становішчы праваабаронцаў; Ірэн Хан, спэцдакладчыца ў пытаньні аб заахвочваньні і абароне права на свабоду думак і іх свабоднае выказваньне; Маргарэт Сатэртуэйт, спэцдакладчыца аб незалежнасьці; Эліс Джыл Эдвардс, спэцдакладчыца аб катаваньнях і іншых жорсткіх, бесчалавечных або прыніжальных для годнасьці відах абыходжаньня і пакараньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG