Міністэрства абароны Беларусі паведаміла аб пачатку 19 красавіка тактычных вучэньняў для аднаго з падразьдзелаў зэнітна-ракетных войскаў Узброеных сіл Беларусі і войскаў супрацьпаветранай абароны.
«У часе вучэньняў вайскоўцы зьдзейсьняць марш у вызначаныя раёны і выканаюць шэраг навучальна-баявых задач па прыкрыцьці войскаў і крытычна важных аб’ектаў цывільнай інфраструктуры ад узьдзеяньня сродкаў паветранага нападу і высокадакладнай зброі ўмоўнага праціўніка», — адзначаецца ў паведамленьні прэс-службы Міністэрства абароны Беларусі.
Вучэньні павінны завяршыцца 22 красавіка.
Раней паведамлялася, што з 18 па 21 красавіка ў Наваградзкім і Карэліцкім раёнах Горадзенскай вобласьці пад кіраўніцтвам намесьніка старшыні абласнога выканаўчага камітэту праходзяць камандна-штабныя вучэньні зь сіламі тэрытарыяльнай абароны.
3 трэцяга сакавіка ў Беларусі пачалася праверка баявой гатоўнасьці Ўзброеных сіл краіны. Праверка адбываецца пасьля даручэньня Аляксандра Лукашэнкі.
Дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Беларусі Аляксандар Вальфовіч заявіў, што праверка боегатоўнасьці мае плянавы характар, але будзе ісьці доўга, на розных палігонах і ў розных мясцовасьцях.
Апошняя праверка баявой здольнасьці Ўзброеных сіл Беларусі праводзілася летась. Яна была абвешчана раптоўна і доўжылася з 13 да 19 сьнежня 2022 году.
З пачатку 2023 году ў Беларусі пэрыядычна праводзяць вучэньні тэрытарыяльных войскаў. Ад пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, якое падтрымала кіраўніцтва Беларусі, колькасьць вайсковых вучэньняў на беларускай тэрыторыі значна павялічылася.
Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.