Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне адрэагавалі на правядзеньне ў Беларусі праверкі баявой гатоўнасьці войска


Вайсковы лягер на палігоне «Обуз-Лясноўскі». 6 студзеня 2023. Ілюстрацыйнае фота
Вайсковы лягер на палігоне «Обуз-Лясноўскі». 6 студзеня 2023. Ілюстрацыйнае фота

«Сілы абароны і бясьпекі ў паўночнай апэрацыйнай зоне знаходзяцца ў пастаяннай баявой гатоўнасьці і заўсёды гатовыя на адэкватнае рэагаваньне», — заявіў Сяргей Наеў, камандуючы Аб’яднаных сіл Узброеных сіл Украіны.

Камандуючы Аб’яднаных сіл Узброеных сіл Украіны Сяргей Наеў, які ажыцьцяўляе кіраўніцтва войскам на паўночных межах Украіны, заявіў, што ўкраінская выведка адсочвае перамяшчэньне вайсковай тэхнікі і ўзбраеньня, якія ажыцьцяўляюцца на тэрыторыі Беларусі ў межах праверкі баявой гатоўнасьці войска.

«Наша выведка ажыцьцяўляе маніторынг сытуацыі, зьвязанай з праверкай баявой гатоўнасьці Ўзброеных сіл Рэспублікі Беларусь. Мы цалкам валодаем інфармацыяй аб перамяшчэньні зброі і вайсковай тэхнікі ў межах гэтай праверкі. Сілы абароны і бясьпекі ў паўночнай апэрацыйнай зоне знаходзяцца ў сталай баявой гатоўнасьці і заўсёды гатовыя на адэкватнае рэагаваньне», — сказаў Сяргей Наеў у этэры ўсеўкраінскага тэлемаратону #UAРазом.

Міністэрства абароны Беларусі 3 красавіка паведаміла аб пачатку праверкі баявой гатоўнасьці Ўзброеных сіл краіны. Праверка адбываецца пасьля даручэньня Аляксандра Лукашэнкі.

Дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Беларусі Аляксандар Вальфовіч заявіў, што праверка боегатоўнасьці мае плянавы характар, але будзе ісьці доўга і на розных палігонах і ў мясцовасьцях.

Апошняя праверка баявой здольнасьці Ўзброеных сіл Беларусі праводзілася летась. Яна была абвешчана раптоўна і доўжылася з 13 да 19 сьнежня 2022 году.

З пачатку 2023 году ў Беларусі пэрыядычна праводзяць вучэньні тэрытарыяльных войскаў. Ад пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, якое падтрымала кіраўніцтва Беларусі, колькасьць вайсковых вучэньняў на беларускай тэрыторыі значна павялічылася.

Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дало вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG