Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аліеў заявіў, што армяне, якія жывуць у Нагорным Карабаху, павінны прыняць грамадзянства Азэрбайджану або «абраць іншае месца жыхарства»


Прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў
Прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў

Прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў заявіў, што армяне, якія пражываюць у Нагорным Карабаху, павінны прыняць азэрбайджанскае грамадзянства «альбо абраць сабе іншае месца жыхарства».

Як паведамляе «Настоящее время», пра гэта ён сказаў пасьля выступленьня прэм’ер-міністра Армэніі Нікола Пашыньяна ў парлямэнце Армэніі, дзе той гаварыў у тым ліку пра Нагорны Карабах і ўмовы, на якіх можа быць заключана мірная дамова з Азэрбайджанам. Словы Аліева прыводзіць выданьне Turan.

Аліеў лічыць, што пытаньне мяжы паміж Азэрбайджанам і Армэніяй павінна вырашацца ў адпаведнасьці з Алма-Ацінскай дэклярацыяй 1991 году. «Заявіўшы аб гатоўнасьці да мірнай дамовы і аб Алма-Ацінскай дэклярацыі, Армэнія павінна таксама афіцыйна заявіць, што «Карабах — гэта Азэрбайджан», — цытуе ягоныя словы выданьне Turan.

Паводле яго слоў, Азербайджан ня будзе зь некім абмяркоўваць пытаньні, якія тычацца Нагорнага Карабаху, бо «Карабах — наша ўнутраная справа». «Армяне, якія там пражываюць, павінны прыняць грамадзянства Азэрбайджану або выбраць сабе іншае месца жыхарства. У гэтым пытаньні ў іх поўная свабода», — заявіў Ільхам Аліеў.

Пашыньян у парлямэнце сказаў, што «мірная дамова паміж Армэніяй і Азэрбайджанам стане рэальнай, калі абедзьве краіны дакладна, без двухсэнсоўнасьцяў і выкрутаў прызнаюць тэрытарыяльную цэласнасьць адна адной і абавязваюцца не прадʼяўляць адна адной тэрытарыяльных прэтэнзій ні сёньня, ні калі-небудзь».

«Цяпер я хачу пацьвердзіць, што Армэнія паўнавартасна прызнае тэрытарыяльную цэласнасьць Азэрбайджана, і мы чакаем, што Азэрбайджан зробіць тое ж самае, прызнаўшы ўсю тэрыторыю Армянскай ССР у якасьці Рэспублікі Армэнія», — прыводзіць ягоныя словы армянская служба Радыё Свабода.

Паводле яго слоў, Армэнія сама прапанавала прыкласьці да дагавора зацьверджаныя СССР мапы Армянскай і Азэрбайджанскай ССР як аснову тэрытарыяльнай цэласнасьці дзьвюх краінаў. На пытаньне аб вырашэньні праблемы Нагорнага Карабаху, паводле зьвестак выданьня, Пашыньян ня даў дакладнага адказу, але гаварыў аб прынцыпе права на самавызначэньне.

Тэрытарыяльная спрэчка паміж Армэніяй і Азэрбайджанам наконт Нагорнага Карабаху доўжыцца з канца 1980-х гадоў. Населеная ў асноўным этнічнымі армянамі Нагорна-Карабаская аўтаномная вобласьць пры падтрымцы Армэніі заявіла аб выхадзе з Азэрбайджанскай ССР, а ў верасьні 1991 году абвясьціла аб стварэньні «Нагорна-Карабаскай рэспублікі».

За пэрыяд збройнага канфлікту 1988–1994 гадоў у сэпаратысцкім рэгіёне загінулі 30 тысяч чалавек. Нагорны Карабах і некалькі прылеглых да яго раёнаў Азэрбайджану перайшлі пад фактычны кантроль Узброеных сілаў Армэніі. У выніку сотні тысяч чалавек, у асноўным этнічныя азэрбайджанцы, сталі ўцекачамі і вымушанымі перасяленцамі.

Пасьля чарговага абвастрэньня сытуацыі ў канцы верасьня 2020 году Азэрбайджан вярнуў пад свой кантроль раёны вакол Нагорнага Карабаху і ўзяў старажытны і сымбалічна значны горад Шуша (на армянскай мове Шушы). На наступны дзень пасьля ўзяцьця Шушы прэмʼер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян, прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісалі мірнае пагадненьне аб спыненьні вайны ў рэгіёне.

Па ўмовах дамовы за Армэніяй і Азэрбайджанам замацаваныя тэрыторыі, на якіх знаходзіліся войскі на момант падпісаньня дакумэнту. Уздоўж лініі судакрананьня разьмешчана міратворчая місія Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG