Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Армэнія і Азэрбайджан падалі адзін супраць аднаго пазовы ў Міжнародны суд ААН


Лачынскі калідор
Лачынскі калідор

Міжнародны суд ААН у Гаазе пачаў разгляд пазову, які Армэнія падала супраць Азэрбайджану з патрабаваньнем разблякаваць Лачынскі калідор. Азэрбайджан падаў сустрэчны пазоў.

Па калідоры праходзіць адзіная дарога, якая злучае рэгіёны Нагорнага Карабаху, у якіх пражываюць этнічныя армяне, з Армэніяй: калідор ужо амаль два месяцы блякуюць людзі, якія называюць сябе «азэрбайджанскімі экаактывістамі».

«Акрамя поўнага зьняцьця блякады і бесьперашкоднага аднаўленьня працы камунальных службаў, ніякі іншы крок ня можа аблегчыць нягоды, якія выпалі на долю ахвяр гэтай жорсткай блякады», — цытуе Reuters словы адваката, які прадстаўляе інтарэсы армянскага боку, Егішэ Кіракасьяна.

Азэрбайджан зьвярнуўся ў Гааскі суд з сустрэчным пазовам. Баку сьцьвярджае, што Ерэван выкарыстоўваў Лачынскі калідор для перавозкі ў Нагорны Карабах зброі і мінаў, якія забаронены пагадненьнем аб замірэньні. Армэнія абвергла гэтыя абвінавачаньні. Пазоў Азэрбайджану суд разгледзіць у межах асобнай працэдуры.

Раней Эўрапарлямэнт прыняў рэзалюцыю аб Лачынскім калідоры і блякадзе Нагорнага Карабаху. У ёй ён заклікае Азэрбайджан неадкладна адкрыць дарогу. Прадстаўнікі заканадаўчага органа Эўразьвязу таксама заявілі, што асуджаюць бязьдзейнасьць расейскіх міратворцаў, якія разьмешчаны ў Лачынскім калідоры і не перашкаджаюць гэтай блякадзе. Таксама Эўрапарлямэнт заклікаў ААН ці АБСЭ накіраваць у Лачынскі калідор місію па высьвятленьні фактаў і зьвярнуўся да абодвух бакоў канфлікту з просьбай аднавіць мірныя перамовы.

Азэрбайджанскія дэпутаты назвалі рэзалюцыю «неаб’ектыўнай і несправядлівай», а яе аўтараў — «няздольнымі адысьці ад палітыкі падвойных стандартаў».

Лачынскі калідор — адзіная дарога, якая злучае армянскія раёны Нагорнага Карабаху з Армэніяй. Па ўмовах дамовы, падпісанай пасьля заканчэньня вайны паміж Армэніяй і Азэрбайджанам у 2020 годзе, Лачынскі раён перайшоў пад кантроль Баку, а калідор — пад назіраньне расейскіх міратворцаў.

У сярэдзіне сьнежня 2022 дарогу, якая ідзе па Лачынскім калідоры, заблякавалі азэрбайджанцы. У Баку гавораць, што гэта эколягі, якія выступаюць супраць незаконнай, на іх думку, здабычы армянскімі ўладамі прыродных рэсурсаў на тэрыторыі Нагорнага Карабаху і вывазу іх з рэгіёну.

Блякада працягваецца ўжо больш за месяц. Ерэван сьцьвярджае, што пасьля перакрыцьця дарогі ў Лачынскім калідоры ў населеныя армянамі раёны Карабаху спыніліся пастаўкі прадуктаў і жыцьцёва важных тавараў і рэгіён блізкі да гуманітарнага крызісу: прадукты там ужо пачалі прадаваць па картках.

Кіраўнік ураду Армэніі Нікол Пашыньян выступіў з заявай, у якой абвінаваціў расейскіх міратворцаў у бязьдзейнасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG