Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўзучае прызнаньне анэксіі. Што стаіць за візытам у Менск кіраўніка «ДНР» Пушыліна


Дзяніс Пушылін і Аляксандар Лукашэнка. Менск, 18 красавіка
Дзяніс Пушылін і Аляксандар Лукашэнка. Менск, 18 красавіка

Тое, што Лукашэнка 18 красавіка прыняў у сябе кіраўніка так званай «ДНР» Дзяніса Пушыліна, паказала, наколькі беларускі кіраўнік сёньня «свабодны» ў сваіх замежнапалітычных кроках і да якіх памераў скурчыўся сувэрэнітэт беларускай дзяржавы.

Галоўным аргумэнтам на карысьць таго, што Лукашэнка нібыта захоўвае пэўную аўтаномію, доўгі час заставаўся той факт, што афіцыйны Менск не прызнаваў анэксіі Расеяй Крыму і чатырох украінскіх абласьцей. Як не прызнаваў незалежнасьць Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Таму ацэнка статусу гэтых тэрыторый у пэўным сэнсе была індыкатарам, маркерам сапраўднай незалежнасьці Беларусі ад Расеі. І гэты індыкатар яскрава сьведчыць, як беларускі сувэрэнітэт паступова скарачаецца.

Кіраўнік самаабвешчанай «ДНР» Дзяніс Пушылін ня першы раз прыяжджае ў Беларусь. Папярэдні раз гэта было 27 ліпеня мінулага году. Тады ён наведаў Берасьце, сустрэўся з намесьнікам старшыні Брэсцкага аблвыканкаму Дзьмітрыем Гарадзецкім, старшынём гарадзкога Савету дэпутатаў Мікалаем Красоўскім і кіраўніком рэгіянальнай арганізацыі «Белая Русь» Аляксандрам Бахановічам. Пра той візыт нічога не паведамлялі беларускія дзяржаўныя мэдыя. Грамадзкасьць даведалася пра паездку ад самога Пушыліна, які расказаў пра гэта ў сваім тэлеграм-канале. Тое было такім амаль дэманстратыўным дыстанцыяваньнем Лукашэнкі ад непажаданага госьця.

Мінула дзевяць месяцаў. І што мы бачым? 18 красавіка Пушылін зноў прыяжджае ў Беларусь. І гэтым разам зь ім сустракаецца Лукашэнка. Пушылін названы «часовым выканаўцам абавязкаў кіраўніка ДНР». Лукашэнка абмеркаваў зь ім пытаньні супрацоўніцтва так званай «ДНР» зь Беларусьсю, паабяцаў усялякую дапамогу. Пушылін заявіў, што прывёз з сабой «шэраг дарадцаў, міністраў, якія зараз ужо ў больш практычнай плашчыні прапрацуюць гэтыя пытаньні».

Гэта не адзінае грэхападзеньне Лукашэнкі ў гэтым кірунку. Хачу нагадаць, што 28 верасьня 2022 году Аляксандар Лукашэнка раптоўна наведаў самаабвешчаную Рэспубліку Абхазію, якая абвясьціла незалежнасьць у 2008 годзе. А 23 лютага «прэзыдэнт» гэтага нікім не прызнага паўдзяржаўнага ўтварэньня Аслан Бжанія наведаў Менск і быў прыняты Лукашэнкам.

Працэс пайшоў. І гэты працэс сьведчыць ня столькі пра набыцьцё нейкай міжнароднай легітымнасьці гэтымі кантраляванымі Расеяй тэрыторыямі, колькі пра страту самастойнасьці Беларусі.

Дарэчы, Лукашэнка гэта добра разумее. І таму прызнаньне «ДНР» нейкае паўзучае, сарамлівае. Фармальна, паводле расейскай вэрсіі, «ДНР» на сёньня ўжо зьяўляецца часткай тэрыторыі РФ. І фактычна Лукашэнка, які прымае ўсіх губэрнатараў Расеі, прыняў Пушыліна як кіраўніка расейскага рэгіёну. Аднак традыцыйная працэдура была парушана. Звычайна на сустрэчы Лукашэнкі з чарговым губэрнатарам прысутнічаюць амбасадар РФ у Беларусі, сакратар «саюзнай дзяржавы», іншыя чыноўнікі. Гэтым разам Пушылін быў у «ганаровай» адзіноце. Лукашэнка, відавочна, імкнецца стварыць уражаньне, каб вонкава так да канца і не было зразумела, каго ж ён прымаў: ці то кіраўніка расейскага рэгіёну, ці то кіраўніка самаабвешчанай «рэспублікі» (дзіўна, што, паводле афіцыйнай расейскай вэрсіі, гэты рэгіён захаваў сваю ранейшую назву «ДНР»), ці кагосьці яшчэ. Але шыла ў меху не схаваеш.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG