Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што стаіць за крымінальнай справай супраць мэдцэнтру «Новы зрок». Меркаваньні мэдыкаў


Лідзія Тарасенка, Станіслаў Салавей, каляж
Лідзія Тарасенка, Станіслаў Салавей, каляж

Што стаіць за крымінальнай справай супраць вядомай прыватнай клінікі «Новы зрок» і затрыманьнямі кіраўнікоў кампаній, якія пастаўлялі лекі і мэдычныя тавары?

У якіх сфэрах мэдыцыны найбольш крытычная сытуацыя? Расказваюць прадстаўніца Беларускага фонду мэдычнай салідарнасьці, гастраэнтэроляг і эндаскапіст Лідзія Тарасенка і прадстаўнік незалежнага прафсаюзу беларускіх мэдыкаў «Панацэя», гінэколяг і доктар ультрагукавой дыягностыкі Станіслаў Салавей.

Глядзіце размову на відэа цалкам

Тут фрагмэнты размовы

— Дзяржкантроль заявіў, што падазрае вядомую прыватную афтальмалягічную клініку «Новы зрок» ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў. На ўладальніка і чатырох супрацоўнікаў клінікі завялі крымінальную справу. Сьледзтва сьцьвярджае, што пяць гадоў кіраўніцтву і спэцыялістам цэнтру выплачвалі «заробкі ў канвэртах». Агулам нібыта каля 50 чалавек атрымлівалі заробак такім чынам, абыходзячы падаткі. У Камітэце дзяржкантролю кажуць, што фінансавая шкода дзяржаве перавысіла 2,5 млн рублёў. Гэта афіцыйная інфармацыя. Станіслаў, што стаіць за ўсім гэтым?

Станіслаў Салавей: За ўсім стаяць грошы. Я мяркую, што гэта спаборніцтва паміж сілавікамі, хто зь іх знойдзе больш грошай на карысьць дзяржавы. Выстаўляюць рахунак — плаціце, або мы вас арыштуем. Наконт таго, што паведамляюць дзяржаўныя СМІ пра тое, у чым іх абвінавачваюць, я ня бачу магчымасьці давяраць прапагандыстам — яны гэтаксама могуць сказаць, што тыя рыхтавалі дзяржаўны пераварот ці акупацыю Ізраілю. Тут толькі адно — плаціце грошы. Уладальнік цэнтру не знаходзіцца ў краіне, і ён будзе вырашаць цяпер, што будзе больш выгадна — заплаціць грошы, штраф, які выставяць, або ўвогуле сысьці зь бізнэсу ў Беларусі. Зьменяць яны кіраўніцтва, паставяць на чале нейкага чыноўніка ад мэдыцыны, скажуць, што вось гэта цяпер дырэктар і гэта «дзяржаўная прыватная клініка», але ўсё роўна частка дактароў і пэрсаналу сыдзе з гэтага цэнтру незалежна ад таго, ці будзе новае кіраўніцтва, ці цяперашняе кіраўніцтва адкупіцца. Гэта новы стымул зьяжджаць лекарам.

— Афтальмалягічны цэнтар «Новы зрок» зьявіўся на арэндных пляцоўках паліклінікі МТЗ у Менску ў канцы 90-х. Затым зьявіліся клінікі ў іншых гарадах Беларусі, а таксама ў іншых краінах — Расеі, Латвіі, Эстоніі, Нарвэгіі, Вялікай Брытаніі. Таксама аддзяленьне клінікі заснавалі ў Літве, туды ў 2012-м пераехаў Алег Каўрыгін. Пазьней улады падазравалі яго ў кантрабандзе мэдычнага абсталяваньня, аднак справу закрылі. Цяпер ён у Літве. Лідзія, што б вы маглі сказаць пра значэньне гэтай кампаніі ў прыватным мэдычным бізнэсе Беларусі і цяперашніх мэтах улады?

Лідзія Тарасенка: Важны агульны кантэкст. Калі б у прававой дзяржаве, дзе працуюць законы і Канстытуцыя, ішла б размова пра тое, што ўладальнік прыватнай мэдычнай кампаніі задзейнічаны ў нейкіх шэрых схемах, гэта быў бы вялікі скандал і вялікая пляма на рэпутацыі кампаніі і чалавека. Тут у краіне ва ўладзе людзі, якім абсалютна напляваць на законы. Таму, на жаль, мы ня можам верыць нічому, што паходзіць з праўладных дзяржаўных СМІ.

Кампанія, якая працуе ўжо амаль 30 гадоў, канечне, мае вялікае значэньне для мэдычнага рынку працы. Ён у Беларусі невялікі, і любы такі мэдычны цэнтар — гэта сур’ёзная дапамога ў рынку працы. Гэта добры працадаўца. Гэта нядрэнныя, а то і высокай якасьці мэдычныя паслугі, апэрацыі, якія там робяць. Я ведаю, што там працавалі якасныя, клясныя спэцыялісты, дактары і сярэдні мэдычны пэрсанал, якія рабілі добрыя апэрацыі і сапраўды дапамагалі людзям. Гэта быў добра арганізаваны бізнэс, пацыенты, якія могуць давяраць арганізацыі, якая працуе шмат гадоў на рынку. Ці быў факт парушэньня заканадаўства? Калі ў краіне ўсім не да законаў, то злачынцы будуць увогуле ўсе. Быў бы чалавек, а артыкул знойдзецца. І гэта зусім не перабольшаньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG