Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што стаіць за арыштамі мэдыкаў і прадстаўнікоў замежных фармакампаній і як гэта адаб’ецца на пацыентах? Расьсьледаваньне Свабоды


Генпракуратура заявіла, што выявіла схему схаванага подкупу мэдыкаў замежнымі фармацэўтычнымі кампаніямі з мэтай прасоўваньня іх на мэдычным рынку. Сілавікі заявілі пра шэраг затрыманьняў.

Свабода паспрабавала разабрацца, што стаіць за заявамі і арыштамі, як гэта адаб’ецца на наяўнасьці лекаў замежнай вытворчасьці і на агульнай атмасфэры ў сыстэме аховы здароўя Беларусі.

Як гучыць афіцыйная вэрсія

Дзяржаўныя СМІ распаўсюдзілі заяву Генпракуратуры, паводе якой «на працягу трох гадоў зь лекарамі-практыкамі заключаліся дамовы падраду, зазвычай на чытаньне лекцый, за якія яны нібыта атрымлівалі грашовую ўзнагароду. А фактычна — за рэкамэндацыі сваім пацыентам выкарыстоўваць пэўныя прэпараты».

Сума незаконнага ўзнагароджаньня, паводле сілавікоў, фармавалася зыходзячы з колькасьці купленых мэдыкамэнтаў. Паведамляецца, што праверка па некаторых фактах працягваецца, бо камэрцыйныя структуры заключылі больш за тысячу такіх пагадненьняў на суму больш як 1,33 млн рублёў (каля паўмільёна эўра ў эквіваленце)

Паводле начальніка ўпраўленьня барацьбы з карупцыяй і арганізаванай злачыннасьцю Генпракуратуры Ігара Грэйбы, у адносінах да работнікаў прадстаўніцтваў замежных кампаній завялі 9 крымінальных спраў па фактах перадачы 62 мэдычным работнікам незаконных узнагароджаньняў на агульную суму больш як Br400 тыс. Паводле сілавікоў, размова ідзе аб замежных кампаніях, чые лекі пастаўляліся з Румыніі і Швайцарыі.

БелТА піша, што Генэральная пракуратура завяла дзьве крымінальныя справы ў дачыненьні да службовых асоб і работнікаў прадстаўніцтва эўрапейскай фармацэўтычнай кампаніі. Згодна з матэрыяламі справы, падазраваныя падкуплялі траўматолягаў Слуцкай ЦРБ і Менскай абласной клінічнай лякарні, траўматоляга-артапэда Узьдзенскай ЦРБ. Як сьцьвярджаюць сілавікі, агульная сума незаконнага ўзнагароджаньня перасягнула 24 тысячы рублёў.

Колькі затрымана, у якіх установах і кампаніях

Пакуль складана ацаніць маштаб затрыманьняў. Сілавікі паведамляюць пра затрыманьні траўматолягаў Слуцкай цэнтральнай раённай бальніцы і Менскай абласной клінічнай бальніцы, а таксама траўматоляга-артапэда Узьдзенскай цэнтральнай раённай бальніцы.

Суразмоўцы Свабоды мяркуюць, што затрыманьні маглі адбыцца і ў РНПЦ экспэртызы і рэабілітацыі, дзе сілавікі «працавалі» некалькі месяцаў восеньню 2022 году.

Як раней паведаміла Генпракуратура, арыштаваная кіраўніца прадстаўніцтва швайцарскай кампаніі Alpen Pharma AG у Беларусі. У крымінальнай справе 12 падазраваных —прадстаўнікі кампаніі па абласьцях і Менску. Вядучы спэцыяліст па рэгіянальнаму разьвіцьцю вызвалены пад залог.

Як паведамляецца на сайце гэтай кампаніі, «гісторыя Alpen Pharma AG у Рэспубліцы Беларусь пачалася ў 2009 годзе з адкрыцьця прадстаўніцтва ў горадзе Менску... Прадстаўніцтва пасьпяхова працуе з установамі аховы здароўя, нацыянальнымі аптовымі фармацэўтычнымі кампаніямі, аптэкамі і аптэчнымі сеткамі, а таксама са спажыўцамі. Прадстаўніцтва распрацоўвае і ўкараняе праграмы па ўвядзеньні на рынак Беларусі новых прэпаратаў і ажыцьцяўляе мерапрыемствы па іх далейшым прасоўваньні».

Што стаіць за затрыманьнямі

Прадстаўніца Беларускага фонду мэдычнай салідарнасьці Лідзія Тарасенка перакананая, што асноўная прычына — рост рэпрэсій у Беларусі.

Лідзія Тарасенка
Лідзія Тарасенка

— А таксама прага крыві і нажывы. У Беларусі ня год і ня пяць таму, а даўно сыстэмна адбываюцца «налёты» на прыватны мэдычны бізнэс з мэтай яго «раскулачыць». Паступова прычыны становяцца ўсё больш ідыёцкімі, а рэпрэсіі ўсё больш моцнымі. Чаму Генпракуратура менавіта цяпер узялася за гэтую галіну, складана сказаць. Магчыма, таму, што прыбыткі нейкай фармацэўтычнай арганізацыі сталі вельмі прыцягальнымі для таго, каб цяпер можна было яе абрабаваць.

Ці нармальная гэта сусьветная практыка, калі дактары супрацоўнічаюць з фармацэўтычнымі кампаніямі

Прадстаўніца Беларускага фонду мэдычнай салідарнасьці Лідзія Тарасенка тлумачыць, што ўзаемадзеяньне, супрацоўніцтва дактароў і фармацэўтычных кампаній — гэта ня толькі нармальны, але і неабходны элемэнт разьвіцьця мэдыцыны.

— Хто, як ня лекары, разумее, што патрэбна пацыентам, якога абсталяваньня не хапае? Без дактароў немагчыма праводзіць клінічныя дасьледаваньні. Гэта неабходная зьвязка: доктар — пацыент — прадстаўнік фармакампаніі ці вытворцы абсталяваньня. Ва ўсім сьвеце гэта абсалютна нармальная практыка. Дактары гадамі супрацоўнічаюць з пэўнымі вытворцамі. Напрыклад, у эндаскапіі вытворцы робяць на замову дактароў мадэлі абсталяваньня, інструмэнтаў, якіх мэдыкам не хапае.

Лідзія Тарасенка ўдакладняе, што не любое ўзаемадзеяньне ажыцьцяўляецца ў рамках закону і ў рамках мэдычнай этыкі.

— Канечне, існуюць шляхі і спосабы злоўжываньня. Ці мела месца нейкае злоўжываньне ў дадзеным выпадку з артапэдамі, невядома. Інфармацыя, якая паступае зь дзяржаўных СМІ, невыразная, зь яе немагчыма зрабіць выснову, ці меў месца склад злачынства. У нас гадамі «ўкладаюць» у галовы грамадзтву, што людзі, якія гандлююць мэдычнымі прэпаратамі, гэта нейкія «таргашы», што зь імі нешта ня так. Гэты дурны шаблён накіраваны на нянавісьць усіх да ўсіх.

Як на практыцы адбываецца супраца мэдыкаў з фармакампаніямі

Доктар спадар Анатоль, у мінулым супрацоўнік фармацэўтычнай кампаніі, які пажадаў захаваць ананімнасьць, расказаў Свабодзе, як на практыцы адбываецца супрацоўніцва фармакампаніі з мэдыкамі.

Паводле яго, найперш трэба разумець, пра які тып супрацы ідзе гаворка:

  • Фінансавая дапамога кампаніі ў правядзеньні канфэрэнцый, сэмінараў у Беларусі пад эгідай Міністэрства аховы здароўя
  • Падрыхтоўка прэзэнтацыі і выступ на сэмінары/канфэрэнцыі, арганізаванай самой фармацэўтычнай кампаніяй.
  • Спансаваньне ўдзелу доктара ў міжнародным кангрэсе.

Паводле былога супрацоўніка фармацэўтычнай кампаніі, такая актыўнасьць распаўсюджаная ў многіх краінах сьвету.

— Многія кампаніі маюць пэўныя стандарты: калі сэмінар, то гэта навуковая частка плюс невялікі фуршэт з магчымасьцю пагутарыць у нефармальнай абстаноўцы. Калі паездка на кангрэс, то гэта бізнэс-паездка з навуковай мэтай.

Існуе і такі від супрацоўніцтва — адкрытае павышэньне ляяльнасці. Напрыклад, сэмінар тры дні ў загарадным клюбе з багатымі сталамі і комплексам забаваў. Калі гэта паездка на кангрэс, то дадаткова адпачынак і забавы.

І подкуп лекара: разнастайныя бонусныя праграмы — прызначыць пэўную колькасць прэпаратаў на працягу вызначанага тэрміну і атрымаць за гэта нейкія выгоды (бытавую тэхніку, паездку на сэмінар, сэртыфікат на куплю чагосьці). Ёсьць і праца доктара з фармакампаніяй за «адкат» — за кожную ўпакоўку прызначанага прэпарату доктар атрымлівае грошы.

Суразмоўца мяркуе, што апошні варыянт цяпер і расьсьледуе пракуратура. Паводле былога супрацоўніка фармакампаніі, вытворцы арыгінальных мэдычных брэндаў, вядомыя сусьветныя фармакампаніі такі від супрацоўніцтва не практыкуюць, а вось вытворцы джэнэрыкаў цалкам могуць сабе гэта дазволіць.

Ці адрозьніваюцца падыходы да супрацы дактароў з фармакампаніямі ў Беларусі і ў іншых краінах

Імуноляг і алерголяг Ганна Барушка, якая раней выкладала ў Беларускай мэдычнай акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі, дзеліцца сваім досьведам.

Ганна Барушка
Ганна Барушка

— У некаторых эўрапейскіх краінах, дзе я была (Францыя, напрыклад), да лекараў таксама прыходзяць прадстаўнікі фармацэўтычных фірмаў, каб праінфармаваць пра свой прэпарат. Яны робяць прэзентацыі сваёй прадукцыі ці проста пакідаюць інфармацыю аб прэпараце або нейкія інфармацыйныя аркушы для пацыентаў (напрыклад, пра хваробу, для лячэньня якой выкарыстоўваецца прэпарат; але такая інфармацыя можа нават ня ўтрымліваць назвы прэпарата ці спасылкі на яе).

Калі доўга працуеш у сваёй сфэры, то ўжо ведаеш навінкі. Падчас маёй стажыроўкі ў Францыі мяне з маладымі спэцыялістамі адправілі паслухаць міні-прэзэнтацыю ад фірмы. Старэйшыя калегі не пайшлі, а мне было ў навіну, як яно «там».

У Беларусі падыходы мяняліся. Больш за дзесяць год таму, калі я працавала ўчастковым тэрапэўтам, да нас прыходзілі прадстаўнікі фармафірмаў, прапанавалі паслухаць іх кароткую інфармацыю і пакідалі ўлёткі пра свае прэпараты, запрашалі на сэмінары, якія тычыліся досьведу выкарыстаньня іх прэпаратаў. Быў час, калі фармапрадстаўнікі прыходзілі вельмі часта. Потым ім амаль забаранілі прыходзіць. Але ж іх праца патрэбная, яна адбываецца амаль паўсюль.

Больш за тое, калі ты просты тэрапэўт, перагружаны сваёй працай, у цябе проста фізычна няма часу і моцы на тое, каб дзе што пасьпець прачытаць ці паслухаць. І таму фармафірмы, якія запрашаюць цябе на сэмінары і расказваюць пра свае прэпараты, — гэта дабро, бо іншых крыніц ты амаль ня маеш. І трэба ж пасьпяваць за развіцьцём фармарынку. Выпусьціўшыся з мэдунівэрсытэту, я ня ведала, што існуе столькі джэнэрыкаў і камбінацый, напрыклад, «сардэчных» прэпаратаў — шмат чаму вучысься на практыцы, атрымліваючы інфармацыю менавіта ад фармапрадстаўнікоў. Шмат чаго ўжо магло забыцца з унівэрсытэту, таму такая пастаянная інфармацыйная падтрымка дапамагае «быць у курсе».

А што зь беларускімі прэпаратамі

Ганна Барушка кажа, што гэта заўсёды было на сумленьні лекара, што і чаму прызначыць.

— Іншая справа была зь беларускімі прэпаратамі: бывае прымус з боку кіраўніцтва дзяржустаноў выкарыстоўваць толькі беларускія, асабліва ў лякарнях. Пры гэтым лекары, якія мелі шматгадовы досьвед і назіраньні за тым, як працуюць беларускія прэпараты, бачылі, што ў параўнаньні з замежнымі аналягамі дозу беларускага для дасягненьня эфэкту трэба павялічыць мінімум удвая.

Са сваёй камунікацыі зь іншымі калегамі магу дадаць, што з таго, як праходзілі клінічныя выпрабаваньні для беларускіх прэпаратаў, становіцца зразумелым, чаму іх нельга лічыць эквівалентнымі па клінічнай эфэктыўнасьці замежным аналягам.

Выпрабаваньні праводзіліся «для галачкі». Ці адпавядае прэпарат патрабаваньням, ці не, рэцэнзэнт «усё роўна падпіша» пазытыўную рэцэнзію, таму што «вы ж усё разумееце». Калі адзін не падпіша, знойдуць іншага, які падпіша. Улічваючы ўсе гэтыя факты, сапраўды клапоцячыся аб пацыенце, сумленнаму беларускаму лекару ня проста маральна цяжка, а балюча лекаваць пацыентаў.

Ганна Барушка кажа, што калі ёсьць магчымасьць, яна заўсёды аддае перавагу замежнаму прэпарату, каб забясьпечыць якаснае лячэньне.

— І гэта не супярэчыць непарушнай запаведзі «Не нашкодзь» (Noli nocere. — лац.), якую кожны мэдстудэнт ведае зь першага курсу. Псыхалягічна для пацыента мае значэньне, ці прымаць дзьве таблеткі, ці чатыры, ці адну: чым менш, тым большы камплаенс (згода прымаць лячэньне). Калі існуе больш сучасны і эфэктыўны прэпарат, прасьцей прызначыць і прыняць яго адной таблеткай замест жмені старых, — як гэта і адбываецца ў разьвітых краінах.

Ганна Барушка прыводзіць прыклад Нямеччыны, дзе існуе сталая практыка, калі прадстаўнікі фармацэўтычных кампаній прыносяць у мэдычныя ўстановы буклеты з інфармацыяй і нават маюць права пакінуць некаторую колькасьць лекаў.

— Могуць у загадчыка аддзяленьня пакінуць пробныя прэпараты ці трэнінгавыя прылады (калі справа тычыцца навучаньня пацыента — трэнінгавы балёнчык для лячэньня астмы, напрыклад), што ніяк не супярэчыць іхнаму заканадаўству. Калі-нікалі фармфірмы могуць арганізоўваць вэбінары пра свой прэпарат, з удзелам прафэсараў, якім яны аплачваюць працу.

Ганна Барушка дзеліцца сваім досьведам удзелу ў міжнародных канфэрэнцыях і кангрэсах:

— Першым слайдам у дакладчыка ідзе інфармацыя пра «канфлікт інтарэсаў», што азначае: ён адкрыта кажа, што супрацоўнічае з наступнымі фармацэўтычнымі фірмамі. На жаль, у Беларусі такая практыка яшчэ ня стала рутыннай: лектары нячаста адкрыта пішуць пра канфлікт інтарэсаў, аднак гэта заўсёды дапамагае слухачам больш аб’ектыўна ставіцца да прэзентаванай інфармацыі, крытычна яе ацэньваць.

На кожным міжнародным кангрэсе ці канфэрэнцыі ствараюцца асобныя сэкцыі, якія прысьвечаныя пэўнаму прэпарату і досьведу яго выкарыстаньня. Больш за тое, арганізацыя саміх такіх міжнародных івэнтаў немагчымая бяз спонсарскай падтрымкі фармафірмаў: менавіта дзякуючы іх грошам гэта ўсё і арганізуецца. Мы ж ведаем, што фармацэўтычны бізнэс — гэта самы заможны легальны бізнэс у сьвеце. І дзякуючы прагрэсу ў фармасфэры насельніцтва Зямлі мае шанец пражыць даўжэй, нават у старым узросьце і з «букетам» хранічных хваробаў, ад якіх яшчэ пяцьдзясят год таму людзі хутка паміралі.

Ці ёсьць сувязь паміж заведзенымі зараз крымінальнымі справамі і гучнай «справай артапэдаў»

Суразмоўцы ня маюць пацьверджанай інфармацыі, а выказваюць думку, што гэта можа быць зьвязана з прэпаратамі для ўнутрысустаўнага ўвядзеньня. Гэта, як і згаданыя ў паведамленьні Генпракуратуры арышты артапэдаў-траўматолягаў, можа сьведчыць пра сувязь «са справай артапэдаў» ці пра тое, што перад намі яе працяг.

Былы супрацоўнік фармацэўтычнай кампаніі мяркуе, што схема можа быць падобная: паставіў штучны сустаў — атрымаў узнагароду, увёў прэпарат — атрымаў узнагароду.

Як гэтая справа можа паўплываць на даступнасьць прэпаратаў заходніх вытворцаў

Былы супрацоўнік фармацэўтычнай кампаніі паведаміў Свабодзе, што цяпер міністар аховы здароўя забараніў любыя зносіны прадстаўнікоў фармакампаній з дактарамі, за выключэньнем рэспубліканскіх канфэрэнцый.

— Гэта можа прывесьці да скарачэньня штату супрацоўнікаў фармакампаній і ў далейшым да зьніжэньня продажаў. Калі гэтая забарона будзе захаваная, можа паўстаць пытанне аб мэтазгоднасці працы прадстаўніцтваў. А закрыцьцё прадстаўніцтва азначае сыход з рынку прэпаратаў.

І ў першую чаргу гэта можа паўплываць на дэфіцыт арыгінальных прэпаратаў, прагназуе суразмоўца. Паводле яго, рынак Беларусі настолькі малы для сусьветных фармацэўтычных гігантаў, што прасьцей сысьці, чым прыдумляць, як працаваць у такіх умовах.

З гэтай высновай згодная прадстаўніца Беларускага фонду мэдычнай салідарнасьці Лідзія Тарасенка:

— Зразумелая справа, што здароўе грамадзян нікога абсалютна не цікавіць. Ніхто ў Мінздароўя такім пытаньнем нават не задаецца. Ці захочуць вытворцы, пастаўшчыкі мэдпрэпаратаў, мэдабсталяваньня ісьці на такія рызыкі, каб заставацца на беларускім рынку, які сам па сабе малы і зь фінансавага пункту гледжаньня не ўяўляе глябальнага інтарэсу, але напоўнены рызыкамі і нечаканасьцямі, якія залежаць ад зыгзагаў унутры галавы нейкага чалавека ў пагонах? Гэта не залежыць ад нястачы лекаў на ўнутраным рынку.

Ці можа так стацца, што расейскія фармакалягічныя кампаніі заменяць заходнія на беларускім рынку

Былы прадстаўнік фармацэўтычнай кампаніі адказвае:

— Расейскія кампаніі, вядома, ня змогуць замяніць заходнія. Магчыма, нейкія прэпараты часова будуць закупляцца ў расейскіх пастаўшчыкоў, але гэта хутчэй адзінкавыя выпадкі.

Ганна Барушка асьцерагаецца такога разьвіцьця падзей.

— Гэта, мабыць, самы страшны сцэнар з магчымых. Не магу даць аб’ектыўнай ацэнкі расейскаму фармарынку, але з таго, што чула, у аптэках сапраўды большая рызыка набыцьця падробак прэпаратаў, чым у Беларусі. Калі нам і так бракуе якасных прэпаратаў, ды выйдуць яшчэ падробкі...

Якія наступствы ўжо ёсьць

Дзяржаўныя СМІ паведамілі, што Генэральная пракуратура і Міністэрства аховы здароўя распрацуюць шэраг канкрэтных захадаў, накіраваных на недапушчэньне ў будучыні схаванага подкупу мэдыкаў замежнымі фармацэўтычнымі кампаніямі.

«Нацыянальныя кампаніі могуць удзельнічаць толькі ў канфэрэнцыях, якія праходзяць пад эгідай Міністэрства аховы здароўя. І толькі ў міжнародна-практычных канфэрэнцыях, якія праходзяць пад эгідай ВНУ і зацьверджаныя Міністэрствам аховы здароўя. Усе астатнія так званыя адукацыйныя мерапрыемствы будуць забароненыя. Астатнія асабістыя кантакты будуць зьведзеныя на нішто, пакуль мы ня выпрацуем, можа, нейкія новыя кодэксы сумесна з МУС і Генпракуратурай», — сказаў міністар аховы здароўя Дзьмітры Піневіч.

Як стала вядома Свабодзе, забароны прымаюць часам абсурдныя формы.

Лекары паведамляюць, што ў Камітэце па ахове здароўя загадалі не карыстацца промапрадукцыяй заходніх фірмаў, схаваць ці выкінуць яе. Гэта тычыцца нават інфармацыйных буклетаў і каляндарыкаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG