У Камітэце дзяржкантролю падазраюць кіраўніцтва афтальмалягічнай клінікі ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў. Сьледзтва сьцьвярджае, што «заробкі ў канвэртах» выплочвалі пяць гадоў кіраўніцтву і спэцыялістам цэнтру. Агулам нібыта каля 50 чалавек атрымлівалі заробак такім чынам, абыходзячы падаткі.
У КДК кажуць, што фінансавая шкода дзяржаве перавысіла 2,5 млн рублёў.
Асноўны падазраваны — уладальнік «Новага зроку» Алег Каўрыгін, які жыве ў Літве. На яго і чатырох супрацоўнікаў цэнтру завялі крымінальныя справы.
Афтальмалягічны цэнтар «Новы зрок» зьявіўся на арэндных пляцоўках паліклінікі МТЗ у Менску ў канцы 90-х. Затым зьявіліся клінікі ў іншых гарадах Беларусі, а таксама ў іншых краінах — Расеі, Латвіі, Эстоніі, Нарвэгіі, Вялікай Брытаніі. Таксама аддзяленьне клінікі заснавалі ў Літве, туды ў 2012-м пераехаў Алег Каўрыгін. Пазьней улады падазравалі яго ў кантрабандзе мэдычнага абсталяваньня, аднак справу закрылі.
17 красавіка Дзяржкантроль заявіў пра новую крымінальную справу за спэкуляцыю мэдыкамэнтамі. Там адзначылі, што ў справе фігуруюць пяць фірмаў, але іх назваў не раскрывалі. Сярод падазраваных — заснавальнікі і кіраўнікі кампаній. Двое чалавек, паводле афіцыйнай вэрсіі, імкнуліся ўцячы за мяжу, але іх затрымалі.
Рэакцыі ад самой клінікі на агучаныя абвінавачванні КДК пакуль няма.