«У мяне была вялікая кватэра, новая машына, бацькі жылі побач»
Дзянісу 33 гады. Ён жыў у Горадні, расплянаваў жыцьцё на гады наперад. Скончыў тэхналягічны тэхнікум, паступіў вучыцца завочна ў тэхналягічны ўнівэрсытэт і пайшоў працаваць на «Азот». Потым атрымаў эканамічную вышэйшую адукацыю. Адпрацаваў на «Азоце» 10 гадоў. Стаў начальнікам зьмены цэху «Цыклягексанон-2». Праца яму падабалася.
«У мяне была вялікая кватэра, новая машына, бацькі жылі побач. Усё было добра», — успамінае сваё мінулае жыцьцё суразмоўца.
У жніўні 2020 году Дзяніс далучыўся да пратэстаў. Быў адміністратарам закрытых азотаўскіх чатаў. Першы чат сілавікі выдалілі, другі прызналі «экстрэмісцкім». Цяпер гарадзенец прызнаецца, што верыў у перамены ў Беларусі толькі ў першы тыдзень пасьля выбараў.
«Потым стала зразумела, што завод ніхто спыняць ня будзе. Я тады сустракаўся са сваёй былой выкладчыцай. Мы стаялі на плошчы Леніна каля выканкамаў. Я сказаў: „Вось яны стаяць, але нічога ня будзе, бо яны не гатовыя“. Пастаяць на плошчы — так, а спыніць вытворчасьць — не», — успамінае ён.
«У адзін дзень у мяне было жаданьне спыніць вытворчасьць»
Страйк на «Азоце» мог адбыцца двойчы, расказвае Дзяніс. У жніўні і ў кастрычніку 2020-га. Пасьля выбараў азотаўцы казалі, што хочуць спыніць вытворчасьць на знак пратэсту, зьбіралі подпісы, каб пачаць страйк. Тэхналягічны працэс на заводзе складаны, яго нельга спыніць у адзін момант.
Тады кіраўніцтва гораду прыяжджала на завод і праводзіла перамовы з тысячамі работнікаў. Азотаўцаў пераканалі, што калі і праводзіць страйк, то трэба рабіць гэта законна, памяняць парадак збору подпісаў. Гэта заблытала працэс. Да таго ж работнікаў запужалі. Заявілі, што тым, хто спыніць вытворчасьць, пагражае крымінальная адказнасьць як за тэрарызм. Лідэр страйкаму Юры Рававы праз два тыдні пасьля выбараў выехаў з краіны, яго паспрабавалі затрымаць.
«У адзін дзень у мяне было жаданьне спыніць вытворчасьць. Напісаў Рававому. Ён мне адказаў: „Нічога не спыняй. Мы дамаўляемся з „Аміякам“ (цэх аміяку. — РС), каб усё было адначасова“. У мяне было жаданьне ўсё спыніць і пайсьці дадому. Магчыма, я б за гэта цяпер сядзеў», — успамінае Дзяніс.
«Людзі шукалі адмазкі, каб не прыйсьці на забастоўку»
Другая спроба страйку была, калі дэмакратычныя сілы ў кастрычніку 2020 абвесьцілі агульнанацыянальны страйк, расказвае Дзяніс. У той дзень на прахадной «Азоту» раніцай сабраліся каля 200 работнікаў.
«Проста трэба было гэта рабіць, бо абвясьцілі страйк. Калі ня мы, то хто? Хаця мы ведалі, што нам дастанецца на арэхі. Я напярэдадні тэлефанаваў калегам. Людзі шукалі адмазкі, каб не прыйсьці (на сход ля прахадной. — РС). Сем чалавек са 140 з нашага цэху было. Яшчэ трое выехалі, калі ўсіх пачалі заграбаць. А „гулялі“ па плошчы 30% з цэху», — успамінае былы азотавец.
Амаль адразу да заводу прыехаў аўтобус з амапаўцамі ў рыштунку, кажа суразмоўца. Па яго словах, каля 50 чалавек жорстка затрымалі, некаторых білі, пару разоў ударылі і Дзяніса. У той жа дзень азотаўцаў адпусьцілі, з адміністрацыйнымі пратаколамі або без.
«Калі я сядзеў у кабінэце сілавікоў, мне сказалі ня рыпацца. Паказалі папку, што на мяне сабралі кампрамат. Хаця я чысты, як белы ліст, ніколі нічога ня скраў. Сказалі, маўляў, яшчэ раз тарганесься... Фармальна мне шылі „тэрарызм“, бо я хацеў спыняць вытворчасьць, і за тое, што я адміністраваў азотаўскі чат. Хаця тады яшчэ не было распаўсюджана затрымліваць за адміністраваньне чатаў», — успамінае Дзяніс.
Каб застацца працаваць на заводзе, Дзяніс напісаў паперу кіраўніцтву, што больш ня будзе браць удзелу ў пратэстах. Аднак празь нейкі час перадумаў і напісаў заяву, што далучаецца да страйку і звальняецца на знак пратэсту. Гэта было на наступны дзень пасьля сьмерці Рамана Бандарэнкі, калі па ўсёй Беларусі праходзілі акцыі салідарнасьці з забітым менчуком. Усяго заявы на страйк на «Азоце» напісалі каля 40 чалавек.
«Сказалі: чаго твае калегі напісалі заяву ў страйк, а ты не?.. Як бы я потым людзям у вочы глядзеў?» — тлумачыць сваё рашэньне Дзяніс.
«Усе, хто камунікаваў са страйкамам, або выехалі, або сядзяць»
Дзяніс расказвае, што ў якасьці кампэнсацыі за далучэньне да страйку атрымаў ад фонду салідарнасьці 1500 эўра. Аднак азотавец не задаволены падтрымкай работнікаў з боку страйкама «Азота». Па яго словах, людзей спачатку заахвочвалі да страйку, а калі яны згубілі працу, ім не дапамагалі шукаць новую. Некаторыя, паводле Дзяніса, так і не змаглі потым знайсьці добрае месца. Многія страйкоўцы выехалі. Пераважна ў Польшчу, хтосьці ў ЗША.
«Усе, хто камунікаваў са страйкамам, або выехалі, або сядзяць», — падсумоўвае Дзяніс.
На пытаньне, чаму не атрымаўся страйк, ён адказвае, што зьдзіўляецца ня столькі гэтаму, колькі таму, што людзі спачатку масава выйшлі на плошчу, а «пры першым шухеры схаваліся». У той момант, калі тры дні ў кастрычніку частка работнікаў адмаўлялася пераймаць зьмены, каб праз гэта спыніць бесьперапынны працэс, іншыя выходзілі ў дзьве і нават у тры зьмены, пагаджаліся дзяжурыць у свае выходныя.
«Салідарнасьці не было. Былі штрэйкбрэхеры, якія за капейку б працавалі. Я сышоў — і на маё месца адразу знайшоўся чалавек. Яму было не „зашкварна“ пайсьці на чужое месца. І так усіх па адным замянілі. Адразу на іхныя месцы знайшліся людзі. Быў чалавек, які перачытаў „Архіпэляг ГУЛАГ“ і Шаламава. Прыйшоў момант — і яны ў норку ўсе схаваліся. Думаеш: „І навошта ты кніжкі чытаў?“», — камэнтуе былы начальнік зьмены.
«Цана глупству — людзі цяпер будуць сядзець па 15 гадоў»
Дзяніс пасьля звальненьня ў лістападзе 2020 году пайшоў валянтэрам у незалежны прафсаюз «Азоту», дзе працаваў яшчэ амаль год. У 2020 годзе арганізацыя рэзка вырасла з 20 чалавек да 500. Суразмоўца кажа, што ягоным калегам перадавалі, што за імі сочаць, што ў кабінэце вядуць здымку і праслухоўваньне.
«Кожны ранак я адчыняў дзьверы: „Добрага ранку, таварышы чэкісты!“ Мог лекцыю для іх кароценькую правесьці», — успамінае свой тагачасны настрой Дзяніс.
Улетку 2021 году ў «Рабочы рух», у які ўваходзілі і былыя супрацоўнікі «Гродна Азот», пад чужым імем укараніўся агент КДБ. Азотаўцы публічна яго выкрылі.
«У жніўні 2021 году мы зразумелі, што зараз нас будуць хапаць», — расказвае Сайко.
Ён выехаў з краіны за два тыдні да масавай зачысткі, пад якую трапілі сябры «Рабочага руху», у тым ліку чацьвёра азотаўцаў. Дзесяць чалавек у гэтай справе нядаўна асудзілі на тэрміны да 15 гадоў. Сайко абураны, як магла выйсьці такая сытуацыя, што кадэбіста дапусьцілі ў чат «Рабочага руху», не праверылі яго добра.
«Чаму ніхто не сказаў, хто яго прывёў? Усе заціхарыліся. Проста сказалі потым, што яны яго выкрылі. Правялі міні-расьсьледаваньне, калі хлопцы ўжо сядзелі. Нічога сабе вы яго выкрылі! Калі ты зрабіў памылку, то трэба шчыра расказаць. Калі гэта проста глупства, то цана глупству — людзі цяпер будуць сядзець па 15 гадоў!», — абураецца суразмоўца.
Пазьней незалежны прафсаюз «Азоту» прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем». Ягонага былога старшыню Андрэя Ханевіча пасадзілі на 5 гадоў за інтэрвію.
«Калі б яшчэ раз сказалі прайсьці такі шлях, я б не праехаў»
У жніўні 2021 году Дзяніс вырашыў, што тэрмінова трэба ўцякаць зь Беларусі. Хацелі паехаць зь сям’ёй у Польшчу, але не пасьпявалі зрабіць візы. Сябар зь Філядэльфіі прапанаваў прыехаць да яго.
Дзяніс быў з жонкай на 4-м месяцы цяжарнасьці і 4-гадовым дзіцём. Яны вырашылі ляцець праз Мэксыку. Узялі заплечнік і торбу з рэчамі. Купілі білет на цягнік да Масквы, потым на самалёт да Канкуна ў Мэксыцы. Адтуль дабраліся да мяжы з ЗША, там купілі аўтамабіль і на ім пераехалі ў Злучаныя Штаты. У ЗША можна трапіць або па візе, або нелегальным шляхам праз Мэксыку — і адразу на мяжы папрасіць міжнароднага прытулку.
«Візаў у нас не было», — зазначае гарадзенец.
Ён расказвае, што мяжа паміж Мэксыкай і ЗША выглядае інакш, чым памежныя пераходы ў Беларусі. Мэксыканскі кантроль бывае толькі ў некаторыя дні. Калі яны ёсьць, то могуць разварочваць турыстаў назад. Тады людзі робяць чарговыя спробы трапіць у Злучаныя Штаты, купляюць новыя аўтамабілі. Сям’і Дзяніса пашчасьціла праехаць зь першага разу.
«Едзеш, а там „ляжачыя паліцыянты“, быццам бурбалкі. Welcome to United States! Амэрыка сустракае сокам і печывам для дзіцяці. Для мяне гэта было незразумела. Я памятаю, як у Брузгах (беларуска-польскі пункт пераходу. — РС) на цябе глядзяць, як на ваўка ці наркагандляра. А тут ты нібыта ўсё парушыў, а табе ўсё даюць», — зьдзіўляецца беларус.
За парушэньне дзяржаўнай мяжы амэрыканскія ўлады затрымалі беларусаў на суткі. Дзяніс кажа, што некаторых парушальнікаў затрымліваюць на некалькі тыдняў. Мужчыны і жанчыны сядзяць асобна. Яго жонка была разам зь дзіцем.
«Пакой, як у Беларусі, „малпоўня“. Толькі чыста, кормяць і ня б’юць. Калі скажаш, што ў цябе праблемы са страўнікам, то прыйдзе мэдык, агледзіць, памяняюць харчаваньне. Адзінае, што там увесь час холадна, бо несупынна працуюць кандыцыянэры», — апісвае ён умовы амэрыканскай камэры.
Пасьля вызваленьня сям’я тыдзень правяла ў гатэлі, бо дзейнічалі ковідныя абмежаваньні. Потым улады купілі ім білет да Філядэльфіі.
«Калі б яшчэ раз сказалі такі шлях прайсьці, я б не праехаў. Малое дзіця чатырохгадовае, цяжарная жонка», — прызнаецца беларус.
На ўсю дарогу ў іх пайшло каля тыдня. Білет з Масквы да Канкуна каштаваў 5500 даляраў на траіх. Машына, на якой перасякалі мяжу, — 6 тысяч даляраў. Яе на мяжы забралі. Яшчэ каля 1000 даляраў пайшло на іншыя выдаткі.
«Калі чалавек з рукамі або з ангельскай мовай, усё будзе нармальна»
Цяпер сям’я жыве ў Філядэльфіі. Здымаюць двухпакаёвую кватэру з адной спальняй і кухняй-гасьцёўняй за $1100. З працай дапамагалі знаёмыя. Спачатку Дзяніс год усталёўваў кандыцыянэры. Пасьля, калі яму дазволілі выяжджаць зь ягонага штату і зьнялі бранзалетку, якая адсочвала перамяшчэньне, ён перайшоў на абслугоўваньне мабільных тэлевышак. Кажа, што летась, калі ў ЗША пачалі масава ўцякаць ад вайны ўкраінцы, з працай стала троху цяжэй, заробкі ўпалі, цэны на жытло вырасьлі.
«Але калі чалавек з рукамі або з ангельскай мовай, усё будзе нармальна», — падсумоўвае ён.
У Дзяніса ўзровень ангельскай мовы А2. Яму хапае. Кажа, што ніхто яго нідзе не папракнуў, чаго ён прыехаў.
«Навічкі ў Філядэльфіі могуць зарабіць $200 за дзень ($4500 у месяц), прыкладам, на будоўлі; людзі з досьведам — $300 ($6-7 тысяч за месяц), — кажа суразмоўца. — Калі чалавек працуе ў ЗША больш за год і робіць складаную працу, як рамонт на вышыні, то заробак можа скласьці $450-500 за дзень ($8-10 тысяч на месяц)».
Нядаўна Дзяніс здолеў зарабіць 5 тысяч даляраў за тыдзень. Гэта пакуль самы буйны ягоны даход у ЗША. Графік у яго такі: тры тыдні службовых паездак па розных штатах ЗША, адзін тыдзень адпачынку. Ён кажа, што шмат у Амэрыцы працуюць толькі тыя, хто толькі пераехаў і хоча зарабіць на машыну і жытло. Для іншых у прыярытэце сям’я і адпачынак.
Жонка Дзяніса раней працавала інжынэрам на «Хімвалакне». У ЗША скончыла курсы візажу за $2 тысячы. За адзін мэйк-ап можна зарабіць $70-100. Але яна пакуль даглядае малога. Некалькі тыдняў папрацавала ў дзіцячым садку, куды хадзіў малодшы сын. Але калі дзіця пачало хварэць, вырашылі аддаць яго ў садок пазьней.
«Сумую па дзедавай хаце»
Малодшы сын у сям’і нарадзіўся ўжо ў Амэрыцы, ён грамадзянін ЗША. За роды сям’я нічога не плаціла. Яны былі партнэрскімі, бо такі закон. У Беларусі, кажа мужчына, ён бы на гэта не пайшоў, але лічыць, што досьвед таго варты. Кожныя паўгадзіны жонку правяралі мэдыкі. Ніхто не крычаў і ня ціснуў. У мэню радзільні ёсьць бургер і піца, а не дыетычны суп ці каша, як у Беларусі. У лякарнях, зь ягоных словаў, проста паразумецца з мэдыкамі. Расейскамоўным дапамагае перакладчык, якому тэлефануюць проста зь лекарскага кабінэта.
Садок знайсьці было даволі проста, каштуе $1000 у месяц. Старэйшы хлопчык ходзіць у нулявую клясу ангельскамоўнай школы. На ангельскай мове гаворыць добра, як і на расейскай, адзначае Дзяніс. Паводле яго, стаўленьне ў амэрыканскіх школах да вучняў добразычлівае, на дзяцей ніхто не крычыць.
У траўні сям’ю Дзяніса чакае суд, які вырашыць, ці даваць ім палітычны прытулак. Калі будзе адмова, то іх могуць дэпартаваць у Беларусь. Сваёй будучыні далёка не плянуе. Прызнаецца, што думка паехаць у Беларусь дагэтуль узьнікае ў яго кожны тыдзень.
«Сумую па родных, па дзедавай хаце, па бацькоўскай. Там усё зроблена сваімі рукамі. А тут у цябе нічога няма. Многія кажуць, што тут трэба так жыць, быццам ты тут назаўжды, бо інакш можна звар’яцець. Я пакуль так не магу. Я жыву на валізках. Стараюся лішняга не купляць», — кажа суразмоўца.
Прызнаецца, што нягледзячы на добры заробак, рэчы яго ня радуюць. Яму хапае дваіх штаноў і поўнага бака паліва.
«Адпрацаваўшы 10 гадоў на „Азоце“, я ня мог падумаць, што некуды зьеду. Хіба 90% беларусаў, якія мусілі выехаць, думалі гэтаксама», — падсумоўвае ён.