Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фігурант справы «Рабочага руху» Аляксандар Капшуль спыніў галадоўку, якую трымаў 51 дзень


Аляксандар Капшуль
Аляксандар Капшуль

31 сьнежня Аляксандар абвясьціў галадоўку супраць парушэньня заканадаўства падчас яго ўтрыманьня ў гомельскім СІЗА. Пры гэтым першыя некалькі дзён ён ня піў нават вады.

Як паведамляе @nashaniva са спасылкай на «Рабочы рух», Аляксандар спыніў галадоўку 20 лютага. Стан яго здароўя здавальняючы, але ён моцна схуднеў. Больш інфармацыі пра зьняволенага актывіста няма.

17 лютага Гомельскі абласны суд прызначыў Капшулю 15 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Сваёй віны Аляксандар не прызнаў і зьбіраўся абскарджваць вырак.

Капшуля затрымалі 25 верасьня 2021 году на тэрыторыі РФ і перадалі супрацоўнікам КДБ Беларусі. Паведамлялася, што ў яго была зламаная нага і пашкоджаная рука.

Як паведамляе @rabochyruh, з 10 лютага Аляксандар знаходзіцца ў карцары СІЗА №3.

  • «Рабочы рух» узьнік у 2020 годзе. У ім аб’ядналіся беларускія рабочыя, у тым ліку лідэры і актывісты страйкаў 2020 году. Справай «Рабочага руху» займаўся КДБ. Падставай для яе завядзеньня сталі спробы арганізаваць страйк на буйных прамысловых прадпрыемствах.

Суд над «Рабочым рухам»

Суд па справе «Рабочага руху» прайшоў у Гомельскім абласным судзе з 9 лістапада па 17 лютага. Фігурантамі справы былі адразу 10 палітвязьняў — Аляксандар Капшуль, Сяргей Шэлест, Уладзімер Жураўка, Андрэй Пагерыла, Ганна Аблаб, Аляксандар Гашнікаў, Сяргей Дзюба, Ігар Мінц, Валянцін Цераневіч, Сяргей Шамецька.

Усіх абвінавацілі ў здрадзе дзяржаве, а таксама паводле шэрагу іншых артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Працэс вядзе судзьдзя Аляксандар Піскуноў.

Усе 10 палітвязьняў не прызналі віны ў здрадзе дзяржаве. Таксама яны адмовіліся даваць паказаньні, таму на працэсе праглядалі відэа допытаў з папярэдняга сьледзтва ў КДБ.

27 сьнежня працэс у справе «Рабочага руху» закрылі да вынясеньня прысуду, піша «Вясна». 27 сьнежня стала вядома, што ўсе фігуранты справы адмовіліся даваць паказаньні ў судзе.

17 лютага судзьдзя Аляксандар Піскуноў пакараў:

  • Сяргея Шэлеста — 14 гадамі калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму;
  • Уладзімера Жураўку — 15 гадамі калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму;
  • Андрэя Пагерылу — 14 гадамі калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму;
  • Ганну Аблаб — 11 гадамі калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму;
  • Аляксандра Гашнікава — 14 гадамі калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму;
  • Сяргея Дзюбу — 12 гадамі калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму;
  • Ігара Мінца — 12 гадамі калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму;
  • Валянціна Цераневіча — 12 гадамі калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму;
  • Сяргея Шамецьку — 12 гадамі калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму;
  • Аляксандра Капшуля — 15 гадамі калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Апрача таго, для асуджаных прадугледжаныя штрафы ў памерах ад 100 да 500 базавых велічынь.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG