Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У нас усе знаёмыя з такімі нумарамі». Як і навошта беларусы за мяжой мяняюць сьцяг на нумарах сваіх аўтамабіляў


Сымболіка на аўтамабільных нумарах беларусаў за мяжой. Каляж
Сымболіка на аўтамабільных нумарах беларусаў за мяжой. Каляж

Такая практыка распаўсюдзілася сярод беларусаў, якія выехалі з радзімы пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне.

Пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне многія беларускія кіроўцы, каб іх не асацыявалі зь беларускімі ўладамі, пачалі заклейваць на сваіх нумарах афіцыйны чырвона-зялёны сьцяг. На гэтае месца пачалі клеіць налепкі з нацыянальным, бел-чырвона-белым сьцягам. Пагаварылі з кіроўцамі пра гэта.

«З нацыянальным сьцягам прыемней езьдзіць»

Яўген заклеіў чырвона-зялёны сьцяг на сваіх нумарах бел-чырвона-белым увесну 2021 году, цяпер ён працягвае так езьдзіць у Літве, з праблемамі не сутыкаўся. Зь Беларусі Яўген пераехаў з прычыны палітычнага крызісу.

«Спачатку я хваляваўся, як буду так езьдзіць, бо нейкія фатаздымкі могуць зрабіць. Я тады амаль ня бачыў такіх нумароў, таму мы зь сябрам зрабілі налепкі, надрукавалі і пачалі раздаваць па знаёмых. Мне гэты афіцыйны сьцяг ніколі не падабаўся, а калі ёсьць магчымасьць езьдзіць з нацыянальным, то гэта прыемна для самога сабе. Былі выпадкі, калі пыталіся пра сьцяг людзі, і я расказваў, што да чаго. Нават калі мясцовая паліцыя спыніць, можна патлумачыць, чаму гэта вельмі важна для людзей. Прыемна, калі беларусы гэта бачаць таксама, людзі ўсьміхаюцца. Паліцыя ніколі не спыняла, пытаньняў не было, толькі да тэхагляду былі», — кажа Яўген.

Аўтамабільныя знакі машын беларусаў за мяжой
Аўтамабільныя знакі машын беларусаў за мяжой

«У нас усе знаёмыя з такімі нумарамі»

Грамадзянка Беларусі Вераніка, якая пераехала жыць у Літву, таксама заклеіла чырвона-зялёны сьцяг на машыне з пачаткам вайны ва Ўкраіне, бо «з гэтым сьцягам ня хочацца мець нічога агульнага».

«Сьцяг заклеілі адразу пасьля пачатку вайны. Так супала, што налепкі зьявіліся менавіта ў той момант. І вельмі дарэчы, таму што ўжо даўно ня хочацца нічога агульнага мець з гэтым сьцягам. Спадзяёмся, што літоўцы таксама бачаць гэта і пачынаюць задумвацца, што беларусы — гэта не Лукашэнка. Першы час па такіх налепках было дакладна зразумела, дзе мясцовыя беларусы, а дзе прыежджыя. У нас усе знаёмыя з такімі нумарамі. Беларусы рэагуюць станоўча — нехта знак перамогі паказвае, нехта ўсьміхаецца, нехта ўсьлед крычыць „Жыве Беларусь!“. З паліцыяй не сустракаліся», — кажа Вераніка.

У Беларусь яна ня езьдзіць, таму налепку з нумароў здымаць не зьбіраецца.

Аўтамабільныя знакі машын беларусаў за мяжой
Аўтамабільныя знакі машын беларусаў за мяжой

«Расклеіў нумары, калі пачала спыняць паліцыя за гэта»

Сяргей, які цяпер жыве ў Вільні, апроч заклеенага чырвона-зялёнага сьцяга на нумарах, прымацаваў на сваю машыну і ўкраінскі сьцяг. Пасьля давялося ўсё ж вярнуць усё як было, бо «машыны пачалі спыняць за заклейваньне нумароў».

Сымболіка на аўтамабільным нумары ў Літве
Сымболіка на аўтамабільным нумары ў Літве

«Асабіста мяне не спынялі, але нумары давялося расклеіць, бо пачуў ад знаёмага, што за гэта пачала спыняць паліцыя. Самае распаўсюджанае тут правапарушэньне — гэта калі ты на беларускіх нумарах, але без тэхагляду, бо ня можаш яго прайсьці. За сьцяг знаёмых спынялі, бо гэта замена дзяржаўнага нумару, але першы раз даюць папярэджаньне», — расказаў хлопец.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG