Арт-станцыя «Дубулты» ў Юрмале з часу поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Ўкраіне, працуе як вольная пляцоўка, дзе можна выказваць дэмакратычныя культурныя пазыцыі і інтэграваць актуальныя палітычныя падзеі ў мастацтва, расказалі ў рэпартажы Латвійскай тэлевізіі.
«У той час, калі Расея пагражае разьмясьціць у Беларусі тактычную ядзерную зброю, выстава „Крэатыўная рэвалюцыя. Беларусь-2020“ на арт-станцыі „Дубулты“ візуальна ўражальна расказвае пра рэвалюцыю свабоды — тэрор і адмову ад капітуляцыі, мірныя дэманстрацыі, народныя пратэсты, творчасьць і негвалтоўнасьць», — гавораць арганізатары.
Мастацтвазнаўца Інга Штэймане, кіраўніца арт-станцыі «Дубулты», сказала, што гісторыя Беларусі ў сувязі з вайной ва Ўкраіне «адышла ў пэўны цень», але цяпер усе бачаць, што яна становіцца ўсё больш актуальнай, асабліва з аб’явамі мінулага тыдня пра ядзерную зброю, калі Беларусь фактычна становіцца закладніцай.
«Беларусь таксама зьяўляецца месцам, дзе людзі сапраўды пакутуюць, дзе цалкам парушаюцца іх правы, дзе яны з усёй найлепшай, найпрыгажэйшай волі спрабавалі зрабіць гэтыя дэмакратычныя зьмены, але гэта не спрацавала. Яны былі літаральна закачаныя ў асфальт», — сказала яна.
«Гэтая выстава — як сэанс псыхатэрапіі, бо мы хацелі выкрыкнуць гэты боль. Паказаць, што гэта быў мірны пратэст як адзіны магчымы адказ на тэрор, які наша ўлада чыніла цягам трох дзён», — кажа куратар выставы Дзяніс Давідаў.
«Я жыў у цэнтры Менску, таму мы трапілі ў эпіцэнтар падзей. На шчасьце, лёс пазбавіў мяне такіх сур’ёзных баталій, але гэта адбылося літаральна на вачах маёй маці, якая працавала ў краме ў начную зьмену і бачыла, як людзей за вакном зьбівалі амаль да сьмерці. Беларуская суполка Латвіі хоча паказаць, што пратэст быў не часовым, ён закрануў усіх, беларусы ўжо пратэставалі ўсімі спосабамі, і мы спрабавалі даць свой творчы адказ на тэрор дзяржавы. Калі забаранялі сьцягі, людзі вывешвалі надпісы, забароненыя надпісы, людзі вывешвалі бялізну, спрабуючы даказаць, што яны свабодныя. Але за любое выказваньне поглядаў пагражаў арышт».
На канале адзначылі, што экспазыцыя адначасова трагічная і сьмешна-абсурдная, насычаная дзіўнай народнай творчасьцю. Напрыклад, людзі разьвешвалі бялізну і шкарпэткі ў колерах забароненага беларускага сьцяга і былі за гэта арыштаваныя. Кагосьці аштрафавалі за тое, што на вітрыне выставілі тэлепрыстаўку ў падобных колерах. Дайшло да такога абсурду, што рэжым палічыў белых сьнегавікоў пагрозай.
«Гэта ўсё дакумэнтальныя здымкі падзей. У сёньняшніх умовах іх было складана сабраць, таму што многія фатографы былі арыштаваныя, іх архівы канфіскаваныя. Многіх нельга знайсьці ў Беларусі, — расказвае куратар пра тое, што можна пабачыць на выставе. — У першай частцы выставы мы хацелі паказаць тэрор і абсалютна бессэнсоўны гвалт супраць бяззбройных жанчын. Іх адзінай зброяй была чырвоная памада. І за гэта іх арыштоўвалі і асуджалі на „суткі“».
«Адным з найцікавейшых візуальных сымбаляў рэвалюцыі 2020 году ў Беларусі зьяўляюцца „сьцягі раёнаў“, як яны самі іх называюць. І грунтуюцца на інтэрпрэтацыях гістарычнага сьцяга вольнай Беларусі, уведзенага яшчэ ў 1918 годзе», — адзначае Інга Штэймане.
Дзяніс Давідаў таксама ўзгадаў дваровыя канцэрты і сустрэчы.
«Наступнае аб’яднаньне людзей адбывалася ў дварах, дзе яны каардынаваліся, дапамагалі, знаёміліся. І нарадзілася гэтая казачная атмасфэра восені 2020 году, калі можна было хадзіць з аднаго двара ў другі, у адным быў канцэрт, у другім яшчэ штосьці натхняла. Пасьля дзён бесьперапыннага тэрору можна было расслабіцца. Але і гэта было забаронена, і самым сумным вынікам стала забойства Рамана Бандарэнкі, які выйшаў бараніць права на сходы ў сваім двары і быў забіты невядомымі».
На чыгуначнай станцыі Дубулты на сьценах расклееныя графіці, на адным білбордзе надрукаваныя прозьвішчы палітвязьняў, колькасьць якіх з кожным днём павялічваецца. Экспануюцца і працы прафэсійных мастакоў — «коцікі Свабоды», намаляваныя Вольгай Якубоўскай, а на другім паверсе работы іншых беларускіх мастакоў — Ганны Мядзьведзевай «Пэйзаж у кераміцы» і плякаты Ўладзімера Цэсьлера «Сэміятычныя ваганьні».