Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін сустрэўся ў Крамлі зь міністрам абароны Кітая


Міністры абароны Кітая і Расеі на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным
Міністры абароны Кітая і Расеі на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін вечарам у нядзелю — як вынікае з паведамленьняў Крамля і расейскіх дзяржаўных агенцтваў — сустрэўся з міністрам абароны Кітая Лі Шанфу, які прыбыў у Расею з візытам.

Гэтапершая замежная паездка кітайскага міністра пасьля яго ўступленьня на пасаду. Раней Мінабароны Расеі паведамляла аб тым, што візыт пройдзе з 16 да 18 красавіка. Аб сустрэчы Лі Шанфу з Пуціным загадзя не паведамлялася, анансавалася яго сустрэча з міністрам абароны Сяргеем Шайгу. Шайгу прысутнічаў на перамовах Пуціна зь кітайскім міністрам, якія прайшлі ў Крамлі.

У сваёй уступнай прамове Пуцін назваў узаемадзеяньне Масквы і Пэкіна ў ваеннай сфэры «пасьпяховым і разнаплянавым», адзначыўшы, што ваенныя ведамствы дзьвюх краін рэгулярна абменьваюцца інфармацыяй і праводзяць сумесныя вучэньні. Лі Шанфу паўтарыў тэзіс старшыні КНР Сі Цзіньпіна аб тым, што адносіны Расеі і Кітая «пераўзыходзяць ваенна-палітычныя саюзы часоў халоднай вайны», але пры гэтым не накіраваны супраць іншых краін.

Якія-небудзь падрабязнасьці таго, што абмяркоўвалася на сустрэчы, не вядомыя.

Сустрэча Пуціна зь міністрам абароны Кітая прайшла праз некалькі тыдняў пасьля візыту ў Маскву кітайскага лідэра Сі Цзіньпіна. На перамовах Пуціна і Сі абмяркоўвалася ў тым ліку вайна ва Ўкраіне — прычым Пуцін па іх завяршэньні сказаў, што Расея падтрымлівае шматлікія пункты так званага кітайскага мірнага пляна.

Ці Шанфу, будучы кіраўніком аднаго з упраўленьняў мінабароны Кітая, раней быў унесены ў санкцыйны сьпіс ЗША — падставай для гэтага стала ваеннае супрацоўніцтва кітайскай арміі з Масквой.

  • Шэраг краінаў Захаду, у тым ліку ЗША, у сувязі з візытам Сі Цзіньпіна выказвалі асьцярогі адносна магчымых паставак зброі і іншай ваеннай дапамогі, якую мог бы аказваць Кітай Расеі падчас вайны ва Ўкраіне. Прадстаўнікі NATO пры гэтым падкрэсьліваюць, што ў іх няма зьвестак аб тым, што такая дапамога зараз аказваецца або будзе аказвацца ў найбліжэйшай будучыні. Афіцыйныя прадстаўнікі Кітая, заяўляючы аб стратэгічным партнэрстве з Расеяй, пры гэтым наўпрост не выступаюць у яе падтрымку ў канфлікце з Украінай. Так званы кітайскі мірны плян утрымлівае, акрамя заклікаў да перамір’я і да зьняцьця санкцый з Расеі, і пункт аб павазе тэрытарыяльнай цэласнасьці дзяржаваў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG