ФБР заявіла ў чацьвер, што «выканала арышт і працягвае весьці санкцыянаваную праваахоўную дзейнасьць у жылым доме ў Паўночным Дэйтане, штат Масачусэтс», на фоне паведамленьня СМІ аб тым, што выявілі падазраванага ў справе аб выцеку сакрэтных дадзеных.
Кіраўнік Міністэрства юстыцыі ЗША Мэрык Гарланд заявіў, што ФБР арыштавала Джэка Тэйшэйру «ў сувязі з расьсьледаваньнем меркаванага несанкцыянаванага выдаленьня, захоўваньня і перадачы сакрэтнай інфармацыі аб нацыянальнай абароне».
Узброеныя фэдэральныя агенты прыбылі ў дом Тэйшэйры ў амэрыканскім штаце Масачусэтс у другой палове дня 13 красавіка і ўзялі мужчыну — у майцы і шортах — пад варту «без інцыдэнтаў», сказаў Гарланд.
Выцекі зьяўляліся «наўмысным, злачынным дзеяньнем», заявілі ў Пэнтагоне. Афіцыйны прадстаўнік Пэнтагону Пэт Райдэр ня стаў адказваць на пытаньні журналістаў пра арышт, спаслаўшыся на расьсьледаваньне, якое праводзіць Міністэрства юстыцыі.
Тэйшэйра паўстане перад фэдэральным судом у Бостане. На мінулым тыдні Міністэрства юстыцыі ЗША завяло крымінальную справу аб выцеку дакумэнтаў Пэнтагону. Вайсковае ведамства праводзіць унутранае расьсьледаваньне і ацэньвае шкоду, нанесеную абнародаваньнем сотняў канфідэнцыйных дакумэнтаў. Паводле тэлекампаніі СNN, крымінальнае расьсьледаваньне вядзе офіс ФБР у Вашынгтоне, у тым ліку група сьледчых з контравыведкі, якія маюць досьвед у гэтай сфэры.
Раней газэта The New York Times назвала чалавека, які, магчыма, стаіць за выцекам сакрэтных дакумэнтаў амэрыканскага ўраду, якую цяпер расьсьледуюць Мін'юст і Пэнтагон. Гэта 21-гадовы службовец Нацыянальнай гвардыі штата Масачусэтс (служыць у ВПС). Ён зьяўляецца лідэрам закрытай чат-групы ў сацыяльнай сетцы Discord, папулярнай сярод аматараў відэагульняў, дзе ён дзяліўся з аднадумцамі сакрэтнымі дакумэнтамі.
Па зьвестках журналістаў, падазраваны быў лідэрам закрытай чат-суполкі пад назвай Thug Shaker Central, у склад якой уваходзяць 20-30 падлеткаў і маладых людзей, якія цікавяцца зброяй і відэагульнямі і дзяліляцца на плятформе расісцкімі мэмамі. NYT паведаміла аб гэтым са спасылкай на крыніцы і на дакумэнты, якія апынуліся ў яе распараджэньні.
Некаторыя з найбольш адчувальных матэрыялаў, разьмешчаных у сетцы, зьвязаны, як сьцьвярджаецца, з ваеннымі перавагамі і слабасьцямі Ўкраіны, а таксама з інфармацыяй аб саюзьніках ЗША, у прыватнасьці аб Ізраілі, Паўднёвай Карэі і Турэччыне.
Ідэнтыфікацыя 21-гадовага гвардзейца з адносна нізкім званьнем хутка выклікала пытаньні аб тым, як ён мог атрымаць доступ да такіх высокасакрэтных дакумэнтаў.
Нацыянальная гвардыя ВПС ЗША, не пацьвярджаючы яго асобы, заявіла:
«Мы ведаем аб расьследаваньні меркаванай ролі вайскоўца нацыянальнай гвардыі ВПС Масачусэтсу ў нядаўнім выцеку сакрэтных дакумэнтаў».
Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн імкнуўся разьвеяць асьцярогі з нагоды выцеку сакрэтных дакумэнтаў, якія нібыта раскрываюць падрабязнасьці вайсковага патэнцыялу некаторых саюзьнікаў і праціўнікаў ЗША.
«Як вы ведаеце, вядзецца поўнамаштабнае расьследаваньне з удзелам выведніцкай супольнасьці і Міністэрства юстыцыі, — сказаў Байдэн журналістам у Дубліне 13 красавіка перад паведамленьнем аб арышце, — І яны набліжаюцца».
Раней у той жа дзень Белы дом заявіў, што Байдэн не абмяркоўваў гэтага пытаньня з прэм’ер-міністрам Вялікай Брытаніі Сунакам падчас сустрэчы ў Паўночнай Ірляндыі ў пачатку гэтага тыдня.
Намесьніца міністра абароны Ўкраіны Ганна Маляр заявіла ў эфіры ўкраінскай тэлевізіі 12 красавіка, што «рызыка выцеку вельмі мінімальная», таму што толькі «вельмі вузкае кола людзей» ведае пра ваенныя пляны Ўкраіны.