Аляксей Маскалёў знаходзіцца ў СІЗА гораду Жодзіна Менскай вобласьці, паведамілі выданьню Daily Storm у МЗС Расеі. Ён чакае рашэньня аб экстрадыцыі на радзіму.
«Па стане на 4 красавіка ўказаны грамадзянін пераведзены ў СІЗА гораду Жодзіна, дзе чакае рашэньня аб дэпартацыі. Мяркуецца, што Маскалёў будзе перададзены ў Расейскую Фэдэрацыю для адбыцьця пакараньня на падставе пастановы, раней вынесенай Яфрэмаўскім міжраённым судом Тульскай вобласьці», — расказалі ў прэс-службе МЗС Расеі.
Там паведамілі, што скаргаў на здароўе ад сваякоў і адвакатаў не паступала. Раней СМІ пісалі, што адвакатам Маскалёва невядомае яго месцазнаходжаньне.
Амбасада Расеі ў Менску пацьвердзіла ТАСС, што Маскалёў знаходзіцца ў СІЗА ў Жодзіне.
Аляксея Маскалёва асудзілі на два гады калёніі ў справе аб «дыскрэдытацыі арміі», а ягоную дачку, якая намалявала антываенны малюнак, забралі ў прытулак.
Аднак у суд Маскалёў не зьявіўся, ён уцёк з Расеі. Праз суткі Маскалёва затрымалі ў Менску, як мяркуецца, пасьля таго, як ён ўключыў мабільны тэлефон.
На 6 красавіка ў Аляксея Маскалёва быў заплянаваны суд аб абмежаваньні бацькоўскіх правоў. Яшчэ адной пазванай будзе маці Марыі Вольга Сітчыхіна. На мінулым тыдні яна заявіла, што гатова забраць дзяўчынку, хоць ня бачылася зь ёй больш за сем гадоў. Адвакат Уладзімір Біліенка ўпэўнены, што перадача Марыі маці — гэта ініцыятыва ўладаў.
На мінулым тыдні праваабаронцы з цэнтру «Мемориал» і праекту «ОВД-Инфо» зьвярнуліся ў Эўракамісію і Раду Эўропы з заклікам зьвярнуць увагу на крымінальны перасьлед Аляксея Маскалёва.
Аўтары ліста просяць міжнародныя органы выкарыстаць усе даступныя сродкі, каб прадухіліць экстрадыцыю Маскалёва з Рэспублікі Беларусь у Расею.
Праваабаронцы таксама адзначаюць, што неабходна дамагацца перадачы Маскалёва ў трэцюю краіну — бясьпечную і гатовую яго прыняць.
- У красавіку 2022 году Марыя Маскалёва, дачка Аляксея, намалявала антываенны малюнак на ўроку выяўленчага мастацтва. Зь дзяўчынкай «правялі гутарку» супрацоўнікі ФСБ, а на яе бацьку спачатку склалі адміністрацыйны пратакол аб «дыскрэдытацыі» расейскай арміі, а затым супраць яго распачалі крымінальную справу аб паўторнай «дыскрэдытацыі».
- Аляксея Маскалёва адправілі пад хатні арышт, а Машу — у прытулак. 28 сакавіка Маскалёву прысудзілі 2 гады калёніі. Ён уцёк у ноч перад вынясеньнем прысуду. Паводле адной з вэрсій, Маскалёў не пазбавіўся ад свайго мабільнага тэлефона і ўключыў яго ў Беларусі. Так яго змаглі знайсьці і затрымаць беларускія сілавікі.