Менск пацьвердзіў затрыманьне асуджанага за «дыскрэдытацыю арміі» расейца, які ўцёк з-пад хатняга арышту
Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі пацьвердзіла затрыманьне жыхара Тульскай вобласьці Аляксея Маскалёва, асуджанага ў Расеі на 2 гады калёніі агульнага рэжыму ў крымінальнай справе аб «дыскрэдытацыі арміі».
«Грамадзяніна Маскалёва затрымалі супрацоўнікі міліцыі на запыт расейскай паліцыі», — паведамілі расейскаму агенцтву РБК у прэсавай службе МУС Беларусі.
Раніцай 30 сакавіка расейскія СМІ паведамілі пра затрыманьне расейца ў Менску.
28 сакавіка ў Тульскай вобласьці Расеі Яфрэмаўскі раённы суд пакараў Маскалёва 2 гадамі калёніі агульнага рэжыму. Маскалёва абвінавацілі ў так званай паўторнай дыскрэдытацыі войска за пасты ў «Аднаклясьніках».
Падсудны на паседжаньні не прысутнічаў. Прадстаўніца суду заявіла, што Маскалёў нібыта ўцёк з-пад хатняга арышту.
Жыхара гораду Яфрэмава Тульскай вобласьці Маскалёва, на якога напісалі данос за антываенны малюнак ягонай дачкі, затрымалі на пачатку сакавіка, дома ў яго прайшоў ператрус. Сілавікі, паводле расейскай палітычнай дзяячкі Марыны Літвіновіч, забралі ўсе грошы, якія былі ў доме Маскалёва.
Дачку Аляксея Марыю, якая вучыцца ў шостай клясе, адправілі ў дзіцячы прытулак, піша «ОВД-Инфо» са спасылкай на валянтэрку грамадзкай арганізацыі «Тульскі абласны народны савет». Паводле яе, пасьля затрыманьня бацькі паліцыянты выклікалі камісію ў справах непаўналетніх, якая і забрала Марыю.