Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Група беларусаў зьвярнулася да прэзыдэнта Літвы з патрабаваньнем адрозьніваць беларусаў ад расейцаў


Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа
Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа

Беларусы зьвярнуліся да прэзыдэнта Літвы Гітанаса Наўседы.

Сэйм Літвы прыняў у другім чытаньні законапраект, які абмяжоўвае правы грамадзян Расеі і Беларусі за агрэсію супраць Украіны. У ім беларусам даюцца палёгкі ў параўнаньні з расейцамі, чым незадаволеныя некаторыя літоўскія палітыкі. Беларусы, якія жывуць у Літве, з гэтай нагоды зьвярнуліся да прэзыдэнта Літвы Гітанаса Наўседы:

«З 2020 году Літва зрабіла больш для беларускай дэмакратыі, чым усе астатнія краіны. Яна прыняла дзясяткі тысяч грамадзян і грамадзянак Беларусі. Адзначым — і гэта пацьвярджаецца справаздачай ААН — толькі маленькая частка рэпрэсаваных людзей зьвярталася па гуманітарную падтрымку. Большая колькасьць людзей пераехала праз мэханізмы рабочай рэлякацыі; яны плацяць падаткі ў бюджэт Літвы. абсалютная большасьць гэтых людзей дапамагала ўкраінцам у 2022-м, што пацьвярджаецца вынікамі дасьледаваньня», — гаворыцца ў звароце.

У звароце адзначаецца, што паказальнік на Менск у Вільні з надпісам «Occupied by Kremlin» (акупаваны Крамлём) сьведчыць пра тое, што ў Літве гэтую розьніцу «бачаць і разумеюць».

Аўтары адкрытага ліста перакананыя, што прапанаваныя Сэймам абмежаваньні не закрануць ніводнага прыхільніка Лукашэнкі, затое ўдараць па тых беларусах, якія «вырашылі ня мець нічога агульнага зь ягоным рэжымам шмат гадоў таму».

«Мы просім асобнага падыходу да рэгуляваньня прававога становішча беларускіх грамадзян і грамадзянак у Літоўскай Рэспубліцы — дзеля перамогі Ўкраіны і дзеля будучай дэмакратыі ў Беларусі, якая стане добрай суседкай Літве», — пішуць заяўнікі.

Сустрэча Ціханоўскай зь міністрам унутраных спраў Літвы

Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася з кіраўніцай МУС Літвы Агне Білатайце.

Бакі дамовіліся сфармаваць рэгулярную рабочую групу, якая будзе разглядаць практычныя пытаньні, зьвязаныя з жыцьцём беларусаў у Літве. Прэс-служба Ціханоўскай удакладніла, што ў гэтую групу ўвойдуць прадстаўнікі Офісу і літоўскага МУС.

Беларуская палітык падзякавала Білатайце за папраўкі да закону аб абмежавальных захадах за ваенную агрэсію супраць Украіны, якія ў значнай ступені зьмякчылі наступствы для грамадзян Беларусі.

Паводле зьвестак літоўскай статыстыкі, цяпер у краіне пражывае больш за 49 тысяч беларусаў, што робіць іх другой па велічыні дыяспарай у Літве пасьля ўкраінцаў.

Сэйм Літвы 4 красавіка прыняў закон аб абмежавальных захадах у адносінах грамадзян Беларусі і Расеі ў сувязі з ваеннай агрэсіяй супраць Украіны.

Дакумэнт прыпыняе прыём заяў ад грамадзян Беларусі і Расеі на атрыманьне візаў, за выключэньнем выпадкаў, калі пасярэднікам у гэтай справе выступае МЗС Літвы (фактычна гэтая норма дзейнічала і раней на падставе іншых прававых актаў).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG