Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памочнік Наўседы не выключае, што прэзыдэнт Літвы накладзе вэта на законапраект аб абмежаваньнях на візы і ДНЖ для беларусаў і расейцаў


Гітанас Наўседа
Гітанас Наўседа

Чакаецца, што 4 красавіка Сэйм Літвы правядзе апошняе чытаньне законапраекту, які закранае візы і ДНЖ для беларусаў і расейцаў.

Паводле старшага дарадцы прэзыдэнта Літвы Гітанаса Наўседы Кястуціса Будрыса, кіраўнік літоўскай дзяржавы, магчыма, накладзе вэта на закон, які прадугледжвае ўвядзеньне пэўных абмежаваньняў для грамадзян Расеі і Беларусі. Яго цытуе Delfi.lt.

Нягледзячы на тое, што сама ініцыятыва ўхваляецца, на думку дарадцы, ня трэба заканадаўча замацоўваць нераўназначныя правілы для грамадзян Расеі і Беларусі.

Цяпер у праекце прадугледжваюцца больш строгія абмежаваньні для грамадзян Расеі, але для беларусаў прадугледжаны выключэньні адносна прыняцьця ў грамадзянства і магчымасьці набыцьця нерухомасьці.

«Заканадаўчая ініцыятыва сапраўды вітаецца, таму на нацыянальным і на заканадаўчым узроўні мы павінны замацаваць пэўную сваю пазыцыю і прымяняць меры ў дачыненьні дзяржаў, ад якіх нам зыходзіць пагроза. Тым ня менш тое, чаго мы ня можам сабе дазволіць — гэта палітычна праводзіць адрозьненьне паміж Расеяй і Беларусьсю, заяўляючы, што адна дзяржава агрэсіўнейшая за другую, або пасылаць сьвету нейкі іншы нядобры сыгнал», — сказаў Будрыс у інтэрвію тэлеканалу LRT.

«Калі застанецца ў тым выглядзе, у якім ёсьць, вылучаючы гэтыя дзьве дзяржавы, то гэта было б вельмі верагодна», — падкрэсьліў ён, адказваючы на пытаньне, ці можа прэзыдэнт накласьці вэта на закон аб абмежавальных мерах.

Па словах дарадцы Наўседы, Вільня прытрымліваецца прынцыпу раўназначнай ацэнкі Расеі і Беларусі.

«Такой жа пазыцыі мы прытрымліваемся і на міжнароднай арэне — скажам, у Эўразьвязе, калі заходзіць размова аб санкцыях, Літва зьяўляецца адным з цэнтральных галасоў, якія сьцьвярджаюць, што Беларусь павінна ісьці побач з Расеяй, і мы пераконваем нашых партнэраў у тым, што трэба рабіць», — зазначыў ён.

У аўторак, 4 красавіка Сэйм павінен прыняць рашэньне аб увядзеньні нацыянальных санкцый. У законапраекце аб абмежавальных мерах у сувязі з ваеннай агрэсіяй супраць Украіны прапануецца на год узмацніць жорсткасьць парадку выдачы дазволаў на пастаяннае або часовае пражываньне, парадак выдачы віз, увесьці забарону на перамяшчэньне грамадзян Расеі праз вонкавую мяжу Эўрапейскага зьвязу (за выключэньнем выпадкаў, калі яны адпавядаюць вызначаным Літвой патрабаваньням).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG