Міністэрства абароны Беларусі паведаміла аб пачатку праверкі баявой гатоўнасьці Ўзброеных сіл краіны. Праверка адбываецца пасьля даручэньня Аляксандра Лукашэнкі.
У Мінабароны ўдакладнілі, што «захады маюць комплексны характар і дазволяць вызначыць здольнасьці камандзіраў кіраваць падпарадкаванымі вайсковымі часткамі і падразьдзеламі пры іх прывядзеньні ў найвышэйшую ступень баявой гатоўнасьці».
Кіраўніцтва вучэньнямі будзе ажыцьцяўляць Дзяржаўны сакратарыят Савету бясьпекі Беларусі.
У час праверкі заплянавана перамяшчэньне вайсковай тэхнікі і часовае абмежаваньне руху цывільнага транспарту па дарогах агульнага карыстаньня.
Дзяржаўны сакратар Савета бясьпекі Беларусі Аляксандар Вальфовіч заявіў, што праверка боегатоўнасьці мае плянавы характар, але будзе трываць доўга і на розных палігонах і ў мясцовасьцях.
Апошняя праверка баявой здольнасьці Ўзброеных сіл Беларусі праводзілася летась. Яна была абвешчана раптоўна і доўжылася з 13 да 19 сьнежня 2022 году.
З пачатку 2023 году ў Беларусі пэрыядычна праводзяць вучэньні тэрытарыяльных войскаў. Ад пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, якое падтрымала кіраўніцтва Беларусі, колькасьць вайсковых вучэньняў на беларускай тэрыторыі значна павялічылася.
Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дало вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.