Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у Кіеве адправіў мітрапаліта УПЦ Паўла пад хатні арышт. Тлумачым, што адбылося


Мітрапаліт Павел у судзе, 1 красавіка 2023
Мітрапаліт Павел у судзе, 1 красавіка 2023

Суд у Кіеве ўвечары ў суботу адправіў намесьніка Кіева-Пячэрскай лаўры, мітрапаліта Ўкраінскай праваслаўнай царквы (УПЦ) Паўла (Пятра Лебедзя) пад хатні арышт. Яму таксама забаронена зьвяртацца да вернікаў з дапамогай сацсетак. Пра гэта паведамляюць украінскія СМІ.

Супраць мітрапаліта Паўла выставілі абвінавачаньні ва ўчыненьні крымінальных злачынстваў. Яго падазраюць па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса – аб распальваньні міжрэлігійнай варожасьці, а таксама апраўданьні расейскай агрэсіі ў дачыненьні да Ўкраіны.

СБУ апублікавала нарэзку з тэлефонных размоваў і пропаведзяў Паўла, у якіх, як сьцьвярджае ініцыяваная службай экспэртыза, сьвятар «неаднаразова абражаў рэлігійныя пачуцьці ўкраінцаў, зьневажаў погляды вернікаў іншых канфэсій і спрабаваў сфарміраваць варожыя настроі да іх», а таксама «рабіў заявы, якія апраўдвалі ці адмаўлялі дзеяньні краіны-агрэсара».

У Паўла раніцай у суботу прайшлі ператрусы, яго адвезьлі на допыт, а потым у суд для абраньня меры стрыманьня. Пракуратура прасіла адправіць яго пад хатні арышт. Судовае паседжаньне перанесьлі пасьля таго, як мітрапаліт заявіў пра дрэннае самаадчуваньне. Спачатку было абвешчана, што суд пройдзе ў панядзелак, аднак потым суд вырашыў усё ж разгледзець справу ўвечары ў суботу.

У судзе мітрапаліт заявіў, што «ніколі ня быў на баку агрэсіі», не згадаўшы пры гэтым Расею.

Справа ў дачыненьні да мітрапаліта УПЦ, якая, як лічаць улады Ўкраіны, не парвала сувязяў з Маскоўскім патрыярхатам, распачатая на тле супрацьстаяньня ў Кіева-Пячэрскай лаўры. Улады Ўкраіны абавязалі манастыр УПЦ пакінуць тэрыторыю і будынкі Кіева-Пячэрскай лаўры да 29 сакавіка пасьля таго, як дзяржаўны запаведнік «Кіева-Пячэрская лаўра» адмовіўся ад дамовы арэнды з УПЦ. Ва УПЦ сьцьвярджаюць, што падалі ў суд і да заканчэньня разбораў ня маюць намеру пакідаць лаўру.

Служба бясьпекі Ўкраіны таксама паведаміла аб увядзеньні санкцый у дачыненьні да 17 сьвятароў Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату. Акрамя таго, уведзеная забарона на ўезд на тэрыторыю Ўкраіны для 250 клірыкаў Рускай праваслаўнай царквы.

Таксама пазбаўленыя грамадзянства Ўкраіны 19 сьвятароў УПЦ, якія маюць расейскае грамадзянства. Два чалавекі будуць дэпартаваныя ў Расею. У дачыненьні да Паўла санкцыі былі ўведзеныя раней.

Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў заявіў у сераду, што гвалтам манахаў УПЦ з лаўры высяляць ня будуць – на ягоную думку, яны самі «паціху» пакінуць тэрыторыю.

  • У канцы лістапада ў Кіева-Пячэрскай лаўры прайшлі ператрусы. 15 лістапада Служба бясьпекі Ўкраіны пачала крымінальную справу па артыкуле аб апраўданьні расейскай агрэсіі пасьля песьні, якую прасьпявалі прыхаджане Кіева-Пячэрскай лаўры. У тэксьце песьні згадваліся словы «матухна – Русь».
  • Упраўленьне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека ў сваім нядаўнім дакладзе адзначыла, што дзеяньні ўкраінскіх уладаў у дачыненьні да УПЦ могуць мець дыскрымінацыйны характар. МЗС Украіны ў адказ заклікала ААН устрымацца ад незбалянсаваных палітычных ацэнак.
  • УПЦ – адна з дзьвюх найбуйнейшых праваслаўных рэлігійных арганізацый Украіны, нароўні з аўтакефальнай ПЦУ. Пасьля пачатку вайны УПЦ заявіла аб «незалежнасьці» ад Маскоўскага патрыярхату, аднак гэтая незалежнасьць не аформленая юрыдычна. Улады лічаць, што шэраг сьвятароў і герархаў УПЦ дэ-факта займаюць прарасейскую пазыцыю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG