Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Каб мне скінуць 30-40 гадоў, то таксама хацеў бы паваяваць». Вялікая гутарка зь Зянонам Пазьняком. ВІДЭА


Зянон Пазьняк, Вільня, 28 сакавіка 2023
Зянон Пазьняк, Вільня, 28 сакавіка 2023

У канцы сакавіка лідэр Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк наведаў Вільню.

Свабода скарыстала гэтую магчымасьць, каб пагаварыць пра ядзерную зброю ў руках Лукашэнкі, полк Каліноўскага і агентуру.

«Пуціну выгадна падставіць Лукашэнку»

— Наяўнасьць у Лукашэнкі ядзернай зброі наблізіць ягоны канец ці, наадварот, аддаліць?

— Я думаю, што гэта наблізіць канец нашай нацыі. Я пра гэта падрабязна гаварыў і год, і два таму: што ў Беларусі будзе ядзерная зброя. І выкарыстаць ядзерную зброю з гэтых двух бандытаў можа толькі адзін — Лукашэнка. Пуцін не вар’ят. Гэта злы, подлы чалавек, але паталёгіі псыхікі ў яго няма, ёсьць паталёгія сумленьня, а таксама цэлы комплекс комплексаў. А Лукашэнка можа такое зрабіць. Для Пуціна гэта выгадная палітыка — падставіць гэтага дурня, сказаць, што «ён вінаваты ва ўсім, а я дачыненьня ня маю». Плюс да ўсяго Пуціну выгадна зьнішчыць беларускі народ, а тэрыторыю забраць. Для Расеі вельмі важны гэты беларускі пляцдарм, бо хто валодае ім, валодае краінамі Балтыі, Польшчай, Украінай. І валодае ініцыятывай у пачынаньні вайны. Сёньня шмат залежыць ад рашучасьці Захаду.

— Што можа зрабіць Захад?

— Шмат што, але патрэбныя рашучыя, разумныя палітыкі, якія разумеюць, што такое Расея і якія пэрспэктывы ўсё гэта можа несьці. Але, на вялікі жаль, там ніхто не разумее. Бо гэта грамадзтва, дзе няма ідэалаў. Іхнія інтарэсы — дабрабыт, спажывецтва, геданізм. Такая цяпер сытуацыя, што ў яе мусяць умяшацца ЗША. Я дастаткова пэсымістычна гляджу на магчымасьці Захаду, NATO і нават на магчымасьці Амэрыкі. Год ідзе вайна, якую можна было скончыць нашмат раней, ёсьць магчымасьць пакончыць з гэтым Мордарам праклятым. Усё прапусьцілі — Чачэнію, Абхазію, Асэтыю, Беларусь. Беларусь проста здалі, ніхто не абараняў.

«Пакуль Беларусь акупаваная, вайна ня скончыцца»

— Ці можна сёньня лічыць Беларусь незалежнай краінай? Ці засталіся ў Лукашэнкі нейкія рычагі ўплыву на сытуацыю?

— Фармальна Беларусь застаецца суб’ектам гісторыі, юрыдычным суб’ектам, палітычным. Але рэальна Беларусь не праводзіць ніякай замежнай палітыкі, бо дыктатар фактычна ажыцьцяўляе акупацыйную адміністрацыю. Беларусь — акупаваная тэрыторыя, гэта трэба прызнаць, Захад гэтага стараецца ня бачыць. Вайна ня скончыцца ва Ўкраіне, пакуль акупаваная Беларусь — гэта элемэнтарныя рэчы. Гэта павінен разумець кожны палітык. Нават калі Ўкраіна верне свае тэрыторыі, але ў Беларусі застанецца расейская армія і Пуцін, то гэта не канец вайны. Проста вайна пойдзе іншым кірункам. Ключ да міру — гэта Беларусь. І расейцы гэта разумеюць.

Гнілы, левы пацыфізм раззброіў Эўропу. Яны нічога не давалі NATO. У немцаў ёсьць самалёты, але яны не лятаюць. Захад дае Ўкраіне па пяць танкаў і робіць з гэтага вялізны шум — проста сьмешна. Для эфэктыўнага наступу Ўкраіне трэба мінімум трыста танкаў, а лепш тысяча. Захад жа іх проста ня мае. Першае, што трэба сёньня зрабіць — гэта ўльтыматум па дэакупацыі Беларусі. Ва Ўкраіне ідзе страшная вайна, і пад гэты шум вынішчаюць беларускую нацыю. Вы паглядзіце, што робіцца: сотні тысяч чалавек уцякаюць, бо іх зьнішчаць. Бяз зьнешняй дапамогі нічога ня будзе. Як і ва Ўкраіне, якая на кропельніцы знаходзіцца. Ня будзе дапамогі — вынішчаць усю нацыю. У Амэрыцы глядзяць на рэчы троху больш цьвяроза. І калі Амэрыка зойме зараз зойме жорсткую пазыцыю, то яшчэ можна будзе ўратаваць сытуацыю.

«Рэжым можна будзе зьмесьці цягам аднаго дня»

— У Беларусі ідзе вельмі моцная палітычная зачыстка. Што людзям рабіць у такой сытуацыі?

— Мы ўжо праходзілі такое ў 1930-х, а таксама раней, і з гэтага трэба рабіць вывады. Рэжым ня можа ўсё кантраляваць, таму трэба гуртавацца, назапашваць сілы і не падымаць галавы, каб яе не абрэзалі. Доўга ўсё працягвацца ня будзе. Зьявіцца момант, калі можна будзе выйсьці і зьмесьці рэжым цягам аднаго дня. Павінна быць вытрымка, але адначасова і гатоўнасьць выступіць на сваю абарону. Рэжым нават можа правакаваць на выступы, як было ў 2020 годзе. Людзі цяпер ёсьць. Яны ідуць у полк Каліноўскага. Ёсьць дывэрсіі. Трэба канцэнтраваць сілу, чакаць часу і ня даць магчымасьці, каб зьнішчылі па адным. І вельмі важна перамагчы страх, бо грамадзтва вельмі моцна запалохалі. Нават фізычна гэты лад доўга працягвацца ня можа, яны ж ня будуць вечнымі. І ўсімі сіламі сёньня трэба дапамагаць Украіне. У нас жа і досьвед ёсьць гістарычны, калі мы перажылі нямецкую акупацыю. І якая ў нас была партызанка!

— Вы разумееце сутнасьць такіх карных беларускіх структур, як КДБ і ГУБАЗіК? Адкуль яны бяруцца?

— Грамадзтва неаднароднае. Калі ёсьць акупацыя, то ёсьць і людзі, якія гэтую акупацыю абслугоўваюць. Ёсьць людзі, схільныя да бандытызму, ня ўсе нараджаюцца анёламі. Рэжым антыбеларускі, антымаральны, ён сьцягвае да сябе дно самых паскудных людзей, самых нягоднікаў, самую цемру. Яны адкрыта гавораць, як такі Белаконеў, што за аднаго гэбіста трэба расстрэльваць сто беларусаў. Яны ж адкрыта ўсё гэта гавораць. Калі ва ўладзе бандыт, то вакол яго ня будуць анёлы. Гэты пэрыяд акупацыі павінен быць асуджаны, людзі павінны зразумець, што яны ацэньвалі па словах, а трэба па ўчынках. Яшчэ Хрыстос сказаў: «Не па словах іх пазнаеце іх, а па справах». Гэта асэнсаваць будзе вельмі важна. І вельмі важна, каб гэтая ўлада пайшла пад суд, а ня проста забілі, як Кадафі ці Хусэйна. У такім выпадку зь яго яшчэ сьвятога зробяць.

«Ён памрэ, але будзе трымацца за ўладу»

— Суд беларускі ці міжнародны?

— Я думаю, што дастаткова беларускага. Нашыя праблемы мы разумеем лепш за ўсіх. Нацыя павінна зразумець, дзе яна памылілася ў 1990-х, і прычыны, чаму так сталася. Гэтак жа як немцы ўсьвядомілі сваю памылку з Гітлерам. Яны пакаяліся, былі выплаты. У расейцаў ніколі не было пакаяньня, хоць яны зьнішчалі мільёны людзей. І цяпер ва Ўкраіне робяць тое самае — зьнішчаюць гарады, расстрэльваюць мужчын, гвалцяць украінак, вывозяць дзяцей у Расею і лічаць, што гэта правільна. Ім нават у галаву і сэрца не прыходзіць думка, што яны робяць няправільна, таму гэта Мордар, які павінен быць зьнішчаны.

— Вы ня верыце, што Лукашэнка можа перадаць пасаду Качанавай ці камусьці яшчэ?

— Сам ён улады нікому ніколі не перадасьць. Ня трэба паўтараць гэтыя байкі, гэта балбатня. Ён ухопіцца за гэтую ўладу, пальцы пасінеюць, памрэ, але будзе трымацца. Пакуль ён жывы, то будзе трымацца за ўладу.

Зянон Пазьняк, Вільня, 28 сакавіка 2023
Зянон Пазьняк, Вільня, 28 сакавіка 2023

«Гэта эліта нацыі»

— Ці ня страшна вам было ехаць у Бахмут? Якія самыя яркія ўражаньні адтуль засталіся?

— Не (сьмяецца). Канечне, ня страшна. Страху проста не было. Мы былі за кілямэтар ад перадавой. Кожныя дваццаць-трыццаць сэкундаў чуваць выбухі. Былі на мінамётных разьліках. Неба было пахмурнае, дроны не ляталі, нам пашанцавала, а то маглі б і нас накрыць.

Самае сьветлае ўражаньне — гэта нашы салдаты, нашы хлопцы. Проста хочацца іх усіх абняць і сказаць: «Трымайцеся! Мы пераможам». Там і маладыя, і старэйшыя. Божа мой, якія ў іх цяжкія ўмовы! Холад, цемра, падвалы, лінія фронту. З многімі гаварыў. Там ёсьць вельмі адукаваныя хлопцы, сьветлыя галовы, ёсьць такія, хто Сарбону скончыў нават! Гэта эліта нашай нацыі, і яны вымушаныя ваяваць зброяй.

Беларусы вельмі добра ваююць, украінцы іх хваляць, задаволеныя. Беларусы проста малайцы. Мы нядаўна хавалі Эдуарда Лобава ў Варшаве. На іх напаў расейскі дэсант, Эдуард узяў на сябе прыкрываць адыход сваіх. Спакойна, адзіночнымі стрэламі паклаў 15 дывэрсантаў. Камандзір цяпер выступіў зь ініцыятывай, каб Лобаву далі Героя Ўкраіны. І варта!

Потым ёсьць Дзяніс Урбановіч, быў у «Маладым фронце». Невялікі хлопец, але такі ваяка, ужо тры разы быў паранены! Апошні раз яго параніла так, што куля прайшла каля сэрца, зламала рабрыны, прабіла пячонку і выйшла. Калі яго везьлі, то ў яго спынілася сэрца на паўхвіліны, гэта расказвала лекарка «Север». Калі машыну страсянула, то сэрца пайшло зноў. Я яго бачыў: яго толькі зашылі, а ён ужо гатовы ісьці зноў у бой. І, здаецца, пайшоў ваяваць. Вось такія нашы хлопцы! У мірны час мы, можа, іх ня дужа заўважалі, а ў вайну яны праявіліся.

Мае ўражаньні вельмі моцныя. Вельмі добра, што я туды паехаў. І жанчыны там ёсьць, мэдычкі, вельмі добрыя кабеты. І галоўнае — усе яны патрыёты. У мяне нават думка была, калі б мне скінуць гадкоў 30-40, то таксама хацеў бы там паваяваць разам зь імі. За Беларусь і загінуць можна, не шкада.

— Ці можа полк стаць асновай для вызваленьня Беларусі?

— Безумоўна. Ён ужо ёсьць. Нам важна мець такую ўзброеную структуру, патрыятычную, якая разумее, што трэба вызваліць нацыю. Ідзе вайна, языкамі не балбачыце. Вельмі важна, каб туды ехалі людзі. Нацыянальна-вызвольны рух не дапусьціць, каб атрымаўся Лукашэнка № 2.

«Далі б аўтамат — пастраляў бы з задавальненьнем»

— Ці можна некалькі менш сур’ёзных пытаньняў?

— Каму яны цікавыя?

— Пасьля Бахмуту ў інтэрнэце выбухнула вашае паліто. Скажыце, вы шмат увагі ўдзяляеце свайму гардэробу?

— Я ведаў, што паеду на фронт, што мне трэба апрануцца цёпла. І я ведаў, калі будзе ляцець куля, то мне, магчыма, давядзецца класьціся на зямлю, дык я што, у смокінгу паеду? Элемэнтарныя рэчы. Валтузьню гэтую пачалі дурні. Няма тут пра што гаварыць. Я быў у «броніку» яшчэ, толькі аўтамат не далі, на жаль. Каб далі, то я б з задавальненьнем пастраляў, каб было па кім.

— Можа, ня варта так часта ўжываць слова «агентура»?

— Можа, і ня варта, безумоўна. Гэта дае магчымасьць балванам некаторым «прыкалвацца». Але я дарма не гавару, бо шмат ведаю. Мы ж помнім маладога Цапкалу, як ён разьвіваўся, куды паступіў, нават сям’ю ягоную ведаем, жонку. Мы называем рэчы сваімі імёнамі, а ў друку гэтых людзей падаюць як анёлаў з крылцамі, то часта ўзьнікае думка: «Ну як такое можа быць?» Можна не гаварыць, але сутнасьць гэтых людзей не зьмяняецца. У Расеі ў 2000 годзе да ўлады прыйшоў КГБ, яны кантралююць дзяржаву, эканоміку, фінансавыя патокі, міжнародную палітыку. Прыйшла да ўлады арганізацыя, якая мае сваю агентуру паўсюль, і кормяцца зь бюджэту.

Публіка не прывыкла, што вакол агентура, але ж вайна ідзе, слухайце. Галоўная сіла сёньня — агентура, палякі амаль кожны дзень ловяць, у тым ліку беларусаў. Вайна ідзе на ўзроўні агентуры, стаўка на гэта робіцца. І што было: войскі ўжо гатовыя былі наступаць на Кіеў, а выступае Іларыёнаў, што ўсё гэта блеф. І людзі аплядуюць Іларыёнаву, які ён разумнік, усе на яго глядзяць. Але ж ён прафэсійны агент! І мы гэта бачым і пра гэта гаворым. Ну мо і ня трэба так часта гаварыць, але справы гэта не мяняе. Расея мае агентуру па ўсёй Эўропе. Хто займаецца палітыкай, усе гэта ведаюць. І яны аплочваюць гэтых лё пэнаў і іншых. Цемра баіцца сьвятла, і праўда — галоўная зброя. Я на гэтым стаю.

«Маё адчуваньне, што заўтра ўсё скончыцца»

— Прагноз будучыні Беларусі ў вас аптымістычны ці пэсымістычны?

— Аптымістычны. Ёсьць нейкія законы духоўныя, нацыя беларуская паклала вельмі вялікія ахвяры за сваё існаваньне — мільёны людзей зьнішчаныя за мову, за праўду. Гэта нікуды не прападзе, гэта велізарны пастамэнт, на якім стаіць наш дух. Нават калі будзе ядзерная вайна, то мы ўсё роўна ацалеем, усё роўна Беларусь падымецца. Будуць вялікія ахвяры і страты, але мы не загінем. Мне як верніку здаецца, што Госпад над намі, ён нам даў вялікія выпрабаваньні, каб мы нешта зразумелі, каб не загінулі ў балоце. І мы ідзём праз гэтыя выпрабаваньні, у гэтым шляху трэба быць аптымістамі, верыць, стаяць на сваім і змагацца. Тады пераможам.

— Колькі яшчэ трэба ісьці?

— Маё адчуваньне ўвесь час такое, што заўтра ўсё скончыцца. І я лічу, што такім яно і павінна быць, а ня тое, што «калісьці нешта будзе». Трэба верыць, што заўтра. Калі мы працуем на будучыню Беларусі, то павінны разумець, што яна будзе хутка, і дзеля гэтага старацца. Бярыце на сябе адказнасьць, тады пераможам. Народ жывы, ён вечны зьменай сваіх пакаленьняў. Цяперашняму пакаленьню здаецца, што страх, утварылася такая сытуацыя, але празь дзесяць гадоў будзе новае пакаленьне, людзі нарастаюць. «Проці цячэньня вады можа толькі жывое паплыць, хвалі ж ракі заўсягды тое цягнуць, што скончыла жыць» (Максім Багдановіч). Вось так!

Зянон Пазьня, Вільня, 28 сакавіка 2023
Зянон Пазьня, Вільня, 28 сакавіка 2023

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG