Удзельнікі трымалі партрэты загінулых ва Ўкраіне беларусаў. Людзі ўшанавалі памяць герояў хвілінай маўчаньня. На мітынгу выступілі прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінэту Аліна Коўшык, Валер Сахашчык, сябра Каардынацыйнай Рады Ян Рудзік, палітоляг Павал Вусаў, старшыня Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Павал Латушка, палітык Зянон Пазьняк.
«Беларусы, не здавайцеся! Мы трымаем за вас кулачкі»
Ад імя ўкраінцаў выступіў адзін з заснавальнікаў і лідэраў арганізацыі «ЭўраМайдан Варшава».
«Я прыйшоў ушанаваць памяць беларуса Васіля Грудавіка, зь якім я сябраваў і які загінуў за Ўкраіну. Я прыйшоў падзякаваць беларусам за барацьбу, якую вы пачалі ў 2020 годзе. Некаторыя кажуць, што, маўляў, не даціснулі. А я прыйшоў сказаць вам: „Беларусы, не здавайцеся“ Мы трымаем за вас кулачкі. Вы — наша надзея. Вы зробіце ў сваёй краіне парадак. Мы вас падтрымліваем, ідзіце далей! Жыве Беларусь!», — сказаў украінскі актывіст.
«Я веру, што беларусы могуць і ў стане перамагчы, як перамагае сёньня Ўкраіна»
Старшыня Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Павал Латушка назваў вайну ва Ўкраіне сваёй вайной.
«Гэта мая вайна. Вайна, якая сёньня ідзе ва Ўкраіне — вайна супраць агрэсара і акупанта. Мы сёньня змагаемся супраць рэжыму гвалтаўніка. Мы павінны гэта зразумець. Бо толькі праз барацьбу, толькі праз нашу моц мы можам перамагчы двух ворагаў, дзьве навалы — расейскага агрэсара і жудаснага рэжыму Лукашэнкі.
Кажуць, што беларусы — гэта талерантная нацыя. Але, напэўна, упершыню ў нашай гісторыі мы ўсталі за суседні ўкраінскі народ. І, на жаль, мы таксама нясем страты — страты нашых змагароў-беларусаў. Але яны змагаюцца і за нас з вамі. Яны змагаюцца за нашу Беларусь і каб была вольная Ўкраіна. Я веру, што беларусы могуць і ў стане перамагчы, як перамагае сёньня Ўкраіна. Наша беларуская зямля павінна быць вольнай і незалежнай», — сказаў Павал Латушка.
«Наша галоўная задача цяпер — пазбавіцца ад акупацыі»
Легендарнай асобай назвала вядоўца палітыка Зянона Пазьняка. Прысутныя сустрэлі яго аплядысмэнтамі.
«Нас, беларусаў, у Польшчы больш за 100 тысяч, якія вымушаны былі ўцякаць зь Беларусі. Нас перасьледуюць толькі таму, што мы любім нашу Бацькаўшчыну. У некаторым сэнсе гэта расплата за ілюзіі нашых людзей. А ілюзіі былі ў тым, што можна жыць свабодна, мець сваю культуру, мастацтва, мову побач з Расей. Гэта ілюзія, якую мы не павінны паўтарыць!
А цяпер мы акупаваная краіна... Наша галоўная задача цяпер — пазбавіцца ад акупацыі, каб Беларусь была вольная, і дзеля гэтага мы павінны перанакіраваць усю нашу дзейнасьць і ўсе нашы сілы.
Дзеля гэтага мы павінны падтрымліваць Украіну, нашых ваяроў. Толькі гэта нас прывядзе да перамогі!»
Зянон Пазьняк падкрэсьліў важнасьць міжнароднага розгаласу.
«Людзі павінны ведаць, што Беларусь акупаваная, што беларусы сядзяць у турмах, што іх катуюць, зьневажаюць, АМАП і ГУБАЗіК разбураюць іхнія дамы. Мы павінны зьвяртацца да міжнародных арганізацый, каб былі выведзены акупацыйныя войскі зь Беларусі. Рускія, прэч зь Беларусі!» — заклікаў Пазьняк.
Ён прапанаваў мітынгоўцам прыняць рэзалюцыю ў падтрымку Беларусі. За яе прагаласавалі ўсе ўдзельнікі мітынгу.
На мітынгу таксама выступілі беларускія музыкі.