Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Францускія прафсаюзы абвясьцілі дзясяты страйк супраць павышэньня пэнсійнага ўзросту да 64 гадоў


Парыж падчас пратэстаў. Сакавік 2023
Парыж падчас пратэстаў. Сакавік 2023

Прафсаюзы лічаць пэнсійную рэформу несправядлівай і неапраўдана жорсткай і заклікаюць правесьці рэфэрэндум на гэтую тэму.

Францускія пратэстоўцы 28 сакавіка праводзяць дзясяты дзень пратэстаў супраць рэформы, якая прадугледжвае павышэньне пэнсійнага ўзросту да 64 гадоў паведамляе France 24.

Пэнсійная рэформа, якую абяцаў прэзыдэнт Эманюэль Макрон і якая выклікала масавыя пратэсты ў Францыі, прадугледжвае паэтапнае павышэньне пэнсійнага ўзросту з 62 да 64 гадоў да 2030 году, а таксама падвышэньне мінімальнай пэнсіі да 1200 эўра. Яна была прынята ўрадам у абыход парлямэнту. Для гэтага прэзыдэнт зьвярнуўся да асаблівага артыкулу францускай Канстытуцыі.

Прафсаюзы лічаць пэнсійную рэформу несправядлівай і неапраўдана жорсткай і заклікаюць правесьці рэфэрэндум на гэтую тэму. Паводле апытаньняў, супраць зьмен, прапанаваных урадам, выступаюць дзьве траціны французаў.

Папулярнасць прэзыдэнта Эманюэля Макрона рэзка ўпала за апошні месяц, паводле апытаньня Odoxa для Public Sénat толькі 30% рэспандэнтаў лічаць яго «добрым прэзыдэнтам Рэспублікі».

Амаль 13 000 паліцыянтаў мабілізавалі па ўсёй Францыі


Пасьля жорсткіх сутыкненьняў паміж дэманстрантамі і паліцыяй 23 сакавіка, у якіх быў паранены 441 супрацоўнік службы бясьпекі і арыштавалі 457 чалавек, 28 сакавіка сілы бясьпекі знаходзяцца ў стане павышанай гатоўнасьці.

Міністр унутраных спраў Францыі Жэральд Дарманін заявіў 27 сакавіка, што ўлады нядаўна заўважылі тэндэнцыю да большага гвалту супраць дзяржавы і чакаюць «вельмі сурʼёзнай рызыкі для грамадзкага парадку» на дэманстрацыях 28 сакавіка.

Агулам 13 000 паліцыянтаў будуць задзейнічаны падчас пратэстаў на працягу дня. Гэта больш, чым калі-небудзь раней, сказаў Дарманін.

А што ў Беларусі

Пэнсійная рэформа, распачатая ў Беларусі ў 2017 годзе, працягнецца да 2025 году, паведаміла ў студзені 2023 году Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі. І калі ў 2022 годзе пэнсійны ўзрост дасягнуў свайго максымуму — 58 гадоў для жанчын і 63 гады для мужчын — і пакуль больш не расьце, то ўсе астатнія парамэтры працягваюць расьці.

Сярод гэтых парамэтраў, напрыклад, страхавы стаж — час, за які арганізацыя, дзе працуе работнік, выплочвае за яго ўнёскі ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Калі ў 2022 годзе страхавы стаж быў роўны 18,5 года, дык з 1 студзеня 2023 году ён вырас на паўгода — да 19 гадоў. У 2024 годзе для выхаду на пэнсію па ўзросьце трэба будзе мець 19,5 года страхавога стажу, у 2025-м — 20 гадоў.

Калі страхавы стаж расьце штогод на паўгода, то заробак, зыходзячы зь якога вылічаецца пэнсія, кожны год павялічваецца на адзін год. У 2023 годзе гэты паказчык складзе 29 гадоў (у 2022 годзе быў 28), у 2024 годзе будзе 30 гадоў, у 2025 — 31 год. Гэта значыць, што ў 2023 годзе чалавек, які выходзіць на пэнсію, павінен падаць даведкі аб заработнай плаце зь месцаў, дзе ён працаваў 29 апошніх гадоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG