Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Францыі затрымалі звыш 170 чалавек, якія пратэставалі супраць павышэньня пэнсійнага ўзросту да 64 гадоў


Затрыманьні пратэстоўцаў паліцыяй у Парыжы, 23 сакавіка 2023
Затрыманьні пратэстоўцаў паліцыяй у Парыжы, 23 сакавіка 2023

Толькі ў Парыжы паліцыя зафіксавала каля 140 падпалаў.

Больш за 170 чалавек, у тым ліку 72 зь іх — у Парыжы, затрымалі падчас акцыі пратэсту супраць пэнсійнай рэформы ў Францыі. Каля 150 паліцыянтаў атрымалі раненьні падчас сутыкненьняў пратэстоўцаў зь сіламі правапарадку 23 сакавіка, піша DW.

Акцыі пратэсту прайшлі ў шэрагу гарадоў краіны. У сталіцы Францыі дэманстранты падпалілі кучы сьмецця, якія назьбіраліся ў гістарычным цэнтры гораду. Акрамя таго, некалькі сотняў апранутых у чорнае радыкальна настроеных пратэстоўцаў разьбівалі вітрыны банкаў, крам і пунктаў грамадзкага харчаваньня, а таксама ламалі вулічную мэблю. Паліцыянтаў закідвалі бутэлькамі, пэтардамі і камянямі. Праваахоўнікі ўжывалі супраць дэманстрантаў сьлезацечны газ і атакавалі натоўп дубінкамі.

Па словах міністра ўнутраных спраў Францыі Жэральда Дарманена, толькі ў Парыжы было зафіксавана каля 140 падпалаў. Ён абвінаваціў у гвалце «галаварэзаў», якія прыехалі ў сталіцу, «каб напасьці на паліцыянтаў і грамадзкія будынкі». Пажары былі ўчынены пратэстоўцамі і ў іншых гарадах. Так, у Бардо дэманстранты падпалілі дзьверы ў будынак мэрыі.

Па дадзеных МУС Францыі, 23 сакавіка ў маніфэстацыях па ўсёй краіне прынялі ўдзел каля 1 089 000 чалавек. У Парыжы на вуліцы выйшлі каля 119 000 дэманстрантаў. Прадстаўнікі прафсаюзаў заявілі аб 3 500 000 пратэстоўцаў ва ўсёй Францыі і 800 000 чалавек у сталіцы. Яны заклікалі да працягу мірных акцый пратэсту.

Рэформа ў абыход парлямэнту

Пэнсійная рэформа, якую абяцаў Эманюэль Макрон і якая выклікала масавыя пратэсты ў Францыі, прадугледжвае паэтапнае павышэньне пэнсійнага ўзросту з 62 да 64 гадоў да 2030 году, а таксама павышэньне мінімальнай пэнсіі да 1200 эўра. Яна была прынята ўрадам у абыход парлямэнту. Для гэтага ён зьвярнуўся да асаблівага артыкулу францускай канстытуцыі.

Прафсаюзы лічаць пэнсійную рэформу несправядлівай і неапраўдана жорсткай і заклікаюць правесьці рэфэрэндум на гэтую тэму. Паводле дадзеных апытаньняў, супраць зьмен, прапанаваных урадам, выступаюць дзьве траціны французаў.

А што ў Беларусі

Пэнсійная рэформа, распачатая ў Беларусі ў 2017 годзе, працягнецца да 2025 году, паведаміла ў студзені 2023 году Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі. І калі ў 2022 годзе пэнсійны ўзрост дасягнуў свайго максымуму — 58 гадоў для жанчын і 63 гады для мужчын — і пакуль больш не расьце, то ўсе астатнія парамэтры працягваюць расьці.

Сярод гэтых парамэтраў, напрыклад, страхавы стаж — час, за які арганізацыя, дзе працуе работнік, выплочвае за яго ўнёскі ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Калі ў 2022 годзе страхавы стаж быў роўны 18,5 года, дык з 1 студзеня 2023 году ён вырас на паўгода — да 19 гадоў. У 2024 годзе для выхаду на пэнсію па ўзросьце трэба будзе мець 19,5 года страхавога стажу, у 2025-м — 20 гадоў.

Калі страхавы стаж расьце штогод на паўгода, то заробак, зыходзячы зь якога вылічаецца пэнсія, кожны год павялічваецца на адзін год. У 2023 годзе гэты паказчык складзе 29 гадоў (у 2022 годзе быў 28), у 2024 годзе будзе 30 гадоў, у 2025 — 31 год. Гэта значыць, што ў 2023 годзе чалавек, які выходзіць на пэнсію, павінен падаць даведкі аб заработнай плаце зь месцаў, дзе ён працаваў 29 апошніх гадоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG