Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галоўныя каштоўнасьці — памяць пра чужыя подзьвігі і незьмяняльны лідэр. Ці дапамагае ідэалёгія ўтрымаць уладу Лукашэнку?


2020 год спарадзіў ня толькі палітычны крызіс, але і крызіс ідэалёгіі лукашэнкаўскага рэжыму. Які працягваецца і цяпер.

Сьцісла:

  • Парадокс беларускай сытуацыі палягае ў тым, што існуе магутная машына прапаганды дзяржаўнай ідэалёгіі пры адсутнасьці самой гэтай ідэалёгіі.
  • Адсутнасьць сапраўднай ідэалёгіі нават выгадная рэжыму. Бо гэта дазваляе яму манэўраваць, маніпуляваць, не ствараючы сьветапоглядных крызісаў у сьвядомасьці сваіх прыхільнікаў.
  • У залежнасьці ад палітычнай каньюнктуры ідэалягічны канструкт мяняўся.
  • Паўтарэньне рэжымам Лукашэнкі наратываў расейскай прапаганды стварае для яго самога пэўныя рызыкі і праблемы.

Ці ёсьць у Беларусі дзяржаўная ідэалёгія?

Нагадаю, што да 9 жніўня 2020 году Лукашэнка вёў прэзыдэнцкую кампанію, выкарыстоўваючы канструкт абароны сувэрэнітэту Беларусі ад расейскай пагрозы. І раптам амаль за суткі адбыўся паварот усёй прапагандысцкай машыны ў процілеглы бок. Улады сталі абвінавачваць Захад у ажыцьцяўленьні дзяржаўнага перавароту, а Расея была абвешчана найлепшым сябрам і саюзьнікам. Такі палітычны кульбіт ня мог не адбіцца нават ня столькі на ідэалёгіі, колькі на інфармацыйнай палітыцы. Першыя тыдні пасьля выбараў назіралася пэўная разгубленасьць прапагандысцкага апарату.

Але парадокс беларускай сытуацыі палягае ў тым, што існуе магутная машына прапаганды дзяржаўнай ідэалёгіі пры адсутнасьці самой гэтай ідэалёгіі. Бо сам тэрмін «ідэалёгія» азначае цэльную, лягічна ўзаемаўвязаную сыстэму каштоўнасьцяў, якая дае адказы на ўсе асноўныя пытаньні грамадзкага быцьця. А тое, што прапанавана рэжымам, ёсьць эклектычны набор тэзісаў, якія мала спалучаюцца, часта супярэчаць адзін аднаму. Гэта нейкі сьветапоглядны вінэгрэт.

У практычнай ідэалягічнай працы ўсё зводзіцца да аднаго простага патрабаваньня: трэба хваліць Лукашэнку і палітыку, якую ён праводзіць. Інакш кажучы, дзяржаўная ідэалёгія ў беларускім варыянце мае прыкладны, інструмэнтальны характар. І адсутнасьць сапраўднай ідэалёгіі нават выгадная рэжыму. Бо гэта дазваляе яму манэўраваць, маніпуляваць, ажыцьцяўляць палітычныя павароты, не ствараючы сьветапоглядных крызісаў у сьвядомасьці сваіх прыхільнікаў. Што і адбылося пасьля 9 жніўня 2020 году.

Як бы там ні было, але Лукашэнка прапанаваў альтэрнатыўную мадэль посткамуністычнай трансфармацыі, моцна адрозную ад тых, якія рэалізоўвалі іншыя суседнія краіны. Гэта падштурхоўвала яго да пэўнай канцэптуалізацыі сваёй дзейнасьці. У залежнасьці ад палітычнай каньюнктуры ідэалягічны канструкт мяняўся.

«Беларуская мадэль разьвіцьця»

У 1990-я гады, калі Лукашэнка імкнуўся заняць крамлёўскі пасад, ягоныя мэсыджы былі накіраваныя на расейскую аўдыторыю. Тады быў узяты курс на рэанімацыю атрыбутаў савецкага мінулага і ідэалёгію «славянскага адзінства». У 1995 годзе быў праведзены рэфэрэндум аб дзяржаўнай мове і сымболіцы.

Аднак з 2000-х гадоў, калі да ўлады ў РФ прыйшоў Пуцін і праект «Саюзная дзяржава» Беларусі і Расеі завіс, беларускі рэжым узяў курс на ўмацаваньне незалежнасьці. Але канцэпт сувэрэнітэту, прапанаваны Лукашэнкам, быў вельмі своеасаблівы. Ён фактычна адкінуў усю беларускую гісторыю, а пачаткам фармаваньня нацыі абвясьціў Вялікую Айчынную вайну. Таксама Лукашэнка адрынуў этнакультурны нацыяналізм, а пачаў будаваць нацыю на глебе расейскай імпэрскай і савецкай спадчыны.

Што тычыцца альтэрнатыўнай мадэлі посткамуністычнай трансфармацыі, то яна знайшла сваё адлюстраваньне ў ідэалягеме «беларускай мадэлі разьвіцьця». Гэтая ідэалягема складалася зь некалькіх базавых элемэнтаў.

Найперш, гэта ідэя стабільнасьці як антытэза рэформам і ўвогуле разьвіцьцю, абсалютызацыя такіх каштоўнасьцяў, як сацыяльная справядлівасьць, парадак, мір і спакой, адсутнасьць канфліктаў.

Па-другое, апэляцыя да савецкай спадчыны. Беларускі рэжым — самы прасавецкі на прасторы былога СССР.

Па-трэцяе, варожае стаўленьне да Захаду. Беларускі палітычны рэжым — самы антызаходні на постсавецкай прасторы. Канфлікт з Захадам разглядаецца афіцыйным Менскам як каштоўнаснае, сьветапогляднае і нават цывілізацыйнае супрацьстаяньне.

З 2014 па 2020 год рэжым Лукашэнкі рэалізоўваў палітыку, якая ў незалежных мэдыя атрымала назву «мяккая беларусізацыя». Чальцы БРСМ надзелі вышыванкі, улады не перашкаджалі грамадзянскай супольнасьці рэалізоўваць праекты, накіраваныя на разьвіцьцё беларускай культуры.

Зьмена палітыкі запатрабавала зьмены ідэалягемаў

Пасьля 9 жніўня 2020 году палітыка рэжыму радыкальна памянялася. Гэта моцна адбілася на ідэалягічным канструкце. Заявы беларускіх афіцыйных асобаў, дзяржаўныя мэдыя поўнасьцю паўтараюць наратывы расейскай прапаганды. Асабліва гэта стала бачна пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне. Зразумела, адрозьненьні ёсьць, але яны заўважныя толькі ўважлівым назіральнікам. Абывацелі і, што асабліва важна, чыноўнікі ў дзяржаўных установах пачалі ўспрымаць Беларусь як яшчэ адну фэдэральную акругу РФ. Таму ня дзіва, што ў кабінэтах ГУБАЗіКа вісяць расейскія сьцяжкі, спартовая каманда райаддзелу міліцыі выкарыстоўвае літару «Z», за любое спачуваньне Ўкраіне, выказанае нават у кулюарах, беларусаў караюць. На гэтым тле развагі Лукашэнкі пра сувэрэнітэт Беларусі, замах на яго з боку Захаду выглядаюць трохі алягічна.

Новая мадэль выжываньня рэжыму ў фатальным саюзе з Расеяй і асабліва мэханізмы яе ідэалягічнага абгрунтаваньня — крыніца пэўных рызыкаў і праблем для яго самога. Рухнулі ўсе ранейшыя міталягемы, якія доўгі час былі асноватворнымі для абгрунтаваньня ўлады Лукашэнкі. Што Беларусь — ачаг стабільнасьці на фоне сусьветных катаклізмаў (пасьля 2020 году казаць пра гэта неяк няёмка). Што Беларусь — прыклад усім посткамуністычным краінам, як можна ажыцьцявіць трансфармацыю, захаваўшы сацыяльную справядлівасьць. Што Беларусь — донар рэгіянальнай бясьпекі.

Рызыкі паўтарэньня расейскага наратыву

Цяпер ім на зьмену прыйшлі іншыя наратывы — пра поўнае адзінства з Расеяй. Але, па-першае, бясконцае паўтарэньне Лукашэнкам, што беларусы і расейцы — адзін народ, паміж імі няма адрозьненьняў, падштурхоўвае да наступнай высновы: калі гэта адзін народ, ніякай беларускай нацыі не існуе, то навошта патрэбна асобная дзяржава Беларусь?

Па-другое, калі супрацоўнікі сілавых структур асацыююць сябе з Расеяй, то хто будзе абараняць Лукашэнку ў момант рэзкага абвастрэньня адносін паміж Масквою і Менскам, калі справа дойдзе да нейкіх сілавых дзеяньняў з боку Крамля?

Нарэшце, па-трэцяе, тое, што залежнасьць Беларусі ад Расеі моцна ўзрасла, дасягнула драматычных межаў, ведаюць усе чыноўнікі. Але цяпер гаворка ідзе пра такую залежнасьць, якая патрабуе ўдзелу ў вайне. А гэта зусім іншы ўзровень. І сам Лукашэнка гэтага не хавае. Як ён тлумачыць удзел Беларусі ў вайне ва Ўкраіне? Ня тым, што вайна з украінскім народам адпавядае нацыянальным інтарэсам Беларусі. Не, ён кажа, што, маўляў, мы саюзьнікі Расеі, мы выконваем саюзьніцкі абавязак, мы ня можам здрадзіць РФ. То бок уцягнуць краіну ў катастрафічную вайну з суседняй дзяржавай толькі таму, што неабходна падтрымаць саюзьніка? Так сабе тлумачэньне. У 2014 годзе Лукашэнка змог дыстанцыявацца ад вайны, цяпер — не. І ў чынавенства можа ўзьнікнуць пытаньне: дык дзе рэальны гаспадар — у Менску ці ў Маскве? З усімі магчымымі наступствамі такіх высноваў.

І апошняе. У Лукашэнкі няма наратыву будучыні. Як пісаў расейскі палітоляг Фёдар Лук’янаў, «атрымліваецца, што „вобраз будучыні“ беларусаў зводзіцца да вобразу нязьменнага прэзыдэнта, які клянецца ніколі не аддаць уладу „мярзотнікам“». Лукашэнка імкнецца легітымізаваць сваю ўладу апэляцыяй да мінулага, да назольнай прапаганды памяці пра мінулую вайну, пра генацыд беларусаў і інш. Але нельга ісьці наперад, калі галава ўвесь час павернута назад.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG